banner

І міргацяць агеньчыкі лампадак

29 Октября’10
2736

І міргацяць агеньчыкі лампадакХалодны лістападаўскі дзень. З самага ранку вісіць шэрая надакучлівая імгла. Пранізлівы вецер зрывае з дрэў апошняе лісце і кідае пад ногі. Сумна. І гэты шчымлівы сум навявае думкі аб тым, што нічога вечнага няма ў гэтым свеце. Здаецца, учора яшчэ цвіла вясна, грэла-апякала гарачае летняе сонейка, а сёння вось яна – хмарная восень, а там, глядзіш, і зіма завітае.

Так, нічога вечнага няма... Так і ў прыродзе, і ў жыцці...

Раз-пораз за акном чуецца жалобная музыка ці песні. Гэта значыць, што на могілках з’явіцца яшчэ адзін свежы бугорчык, пад якім знойдзе свой апошні прытулак чыйсьці бацька ці маці, муж ці жонка, брат ці сястра.

Яшчэ ўчора яны аб нечым марылі, некуды беглі, нешта даставалі, спяшаліся, спадзяваліся, стараліся, каб сабе, каб дзецям, каб не горш, як у другіх. А недзе ў іншым вымярэнні ўжо тлеў-дагараў агарачак свечкі-жыцця. І дагарэў...

Так шмат не паспелася, так шмат не сказалася, так шмат не пачулася...

Адыходзяць, амаль штодзень адыходзяць у нябыт нашы родныя, блізкія людзі, і так часта здараецца, што толькі пасля смерці таго ці іншага мы пачынаем нарэшце ўсведамляць, што страцілі нешта вельмі дарагое, вельмі каштоўнае, наогул, бясцэннае. І тады, нібы агнём, апякае сэрца пачуццё віны: чаму не цаніў, чаму не бярог, не разумеў, не чуў, крыўдзіў, абражаў, прыніжаў...

І льюцца слёзы раскаяння, і крычыць, заходзіцца ў адчаі душа: “Даруй, даруй, даруй...”

Дзень памяці. Святы дзень успамінаў аб тых, хто пакінуў гэты свет і падаўся ў іншы.

Сярод іх нашы славутыя землякі, Героі Сацыялістычнай працы А. А. Апрышчанка, М. В. Шчолак. Спяць вечным сном змагары за народную волю М. А. Астапчык, І. І. Аўсейчык, У. П. Гайдучак, К. А. Варановіч, І. Г. Жыўлюк. На свіслацкай зямлі знайшлі свой апошні прытулак Герой Савецкага Саюза М. П. Масонаў, байцы Чырвонай Арміі, загінуўшыя пры вызваленні раёна, пакояцца шматлікія ахвяры вайны, закатаваныя ворагам, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія вярнуліся дадому з Перамогай і шмат гадоў аддалі мірнай працы. Тут воіны-афганцы, жыццё якіх абарвалася на чужыне, маладыя людзі, крылы якіх абгарэлі на ўзлёце. Людзі, якія пакінулі значны след у гісторыі Свіслаччыны А. К. Цагельнік, А. С. Палубінскі, М. А. Гайдучак, А. П. Мартыновіч, А. Р. Даманава, А. П. Смальянаў, А. І. Саўко...

Кожны з нас можа дабавіць у гэты спіс свае дарагія імёны, і будзе ён бясконцым.

Прыбраныя могілкі і гарачыя язычкі-агеньчыкі міргацяць у лампадках амаль на кожным узгорачку. А ў храмах гучаць і гучаць імёны памерлых. І шчырая малітва нясецца праз шэрыя восеньскія хмары да Бога: “Упокой, Господи, душу раба твоего...”, “Вечны адпачынак рач ім даць, Пане...” Гасподзь пачуе, не можа не пачуць, і душы дарагіх нам людзей знойдуць спакой і радасць у міласэрнасці Яго.

Спіце спакойна, родныя, мы памятаем, сумуем, мы просім прабачэння і спадзяёмся на сустрэчу ля брамы нябеснай.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Добро пожаловать в район!