banner

...А якія былі сядзібы!

05 Июля’10
2243

Як добра, што ў наш час пачалі адраджацца гістарычныя сядзібы Беларусі. Удвая гэта істотна таму, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы – i ад таго, якімі будуць бачыць нашу Бацькаўшчыну, гэтыя сядзібы замежныя турысты, залежыць у многім і ацэнка імі наогул нашай краіны. У замежнага турыста сёння індывідуальныя высокія патрабаванні да якасці паслуг, чым не заўсёды могуць пахваліцца нашы сядзібы.


Я лічу, што трошкі ажывіць гэтыя сядзібы – гэта яшчэ зусім не значыць, што яны адрадзіліся. У нас, як i раней, нярэдка лёс адных помнікаў вырашаюць адны ведамствы, а прылягаючых да ix сядзібна-паркавых комплексаў другія. 3 вялікімі цяжкасцямі ў такіх сядзібах захоўваецца сапраўдная сялянская дзейнасць, а падчас усё там робіцца дзеля паказухі. У нас няма сістэматызаванай канцэпцыі аховы гістарычнага культурнага ландшафту. У друку з’яўляецца вельмі мала матэрыялаў па ахове гicторыка-культурнай спадчыны.

У XIX стагоддзі многае ў тамтэйшых сядзібах было не так, як сёння. Ля кожнай сядзібы былі вішнёвыя сады. Мелі нашыя продкі вялікія стайні, карэтныя. Актыўна будаваліся сыраварні, вяндлярні, ткальні. Авечкі, па сутнасці, выконвалі ролю сучасных газонакасілак.

А сучасныя рыцарскія турніры ды музычныя фестывалі – два разы на год – гэта кропля ў моры. Культура ў адроджаных сядзібах павінна жыць, а не толькі сюды забягаць, як вандроўны дух прыезджых музык ды артыстаў. Сядзібы павінны жыць самастойным духоўным жыццём з багата насычаным зместам. На базе гістарычных сядзібаў трэба больш актыўна праводзіць культурныя мерапрыемствы. I не проста для галачкі. Для адраджэння – на словах...

Мы павінны нарэшце ўсвядоміць выключную значнасць гістарычных сядзібаў як важнага элемента культурнага ландшафту ў духоўным i эканамічным жыцці сучаснай Беларусі, грамадства i наступных пакаленняў. Гэтыя сядзібы можна актыўна выкарыстоўваць у адукацыйных i выхаваўчых мэтах, для эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэгіёнаў. Развіццё культурнага турызму на базе гістарычных сядзібаў мае вялікае значэнне.

А як на справе? Нават не ходзіць аўтобус да знакамітага музея-сядзібы «Здраўнёва» – унікальна-казачнага асабняка Ільі Яфімавіча Рэпіна, куды жадаюць прыехаць турысты з усёй Беларусі. У выніку аматары творчасці Рэпіна павінны дабірацца да сядзібы некалькі кіламетраў пехатой. А ў Здраўнёва хочуць прыехаць i пажылыя людзі...

Сядзібы ў народзе яшчэ называлі сялібамі. Гэта быў цэлы комплекс жылых, гаспадарчых, вытворчых i іншых пабудоў, якія складалі адзінае гаспадарча-эканамічнае і архі-тэктурна-кампазіцыйнае цэлае. Іншымі словамі, жылыя i гаспадарчыя пабудовы разам з садам, агародам складалі адну гаспадарку.

Мы чамусьці забываем, што ў склад сялянскай сядзібы абавязкова ўваходзілі клець, павець, варыўня, склеп, адрына, хлеў, абора, гумно, асець i інш. У гаспадарскі дом уваходзілі сядзібны дом, флігелі, кухні, пякарні, лямусы, свірны, склепы, скарбніцы. Былі ў нашых шаноўных продкаў млыны, бровары i сырніцы. Млынава-броварны комплекс уключаў таксама валюшню, тартак, саладзільню. Сучасныя жыхары Беларусі нават сэнсу гэтых слоў не ведаюць, не гаворачы ўжо пра тое, што не ўяўляюць нават, як выглядалі сядзібныя пабудовы. А сённяшнія так званыя адроджаныя гістарычныя сядзібы – гэта нярэдка пародыя на даўнія, традыцыйныя. I каго мы падманваем? Caмix сябе!

Мне хочацца ў Беларусі ўбачыць хоць адну, але сапраўды гістарычную сядзібу, а не прыдуманую, штучную. I тады я з замілаваннем у сэрцы ўзгадаю радкі майго любімага паэта Якуба Коласа:

О, дзядзька спосабаў меў многа

Даняць праціўніка малога!

Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу.

Або паехаць у сялібу

Ці ў млын малоць на хлеб збажынку...

К. КАРНЯЛЮК.

Предыдущая статья

Работа до Франции доведет