banner

Даруй...

08 Января’17
1451

Даруй...

 

Дзед Мiхась спрабаваў распалiць печку. Рукi трэсліся, запалкi не слухалiся. Нарэшце адна ўспыхнула, i агеньчык шпарка перакiнуўся на сасновую шчэпку. Дзед прыставiў лучыну да паленцаў. Полымя настойлiва ўзялося iх абдымаць, i хутка дровы дружна затрашчалi. Старому стала цяплей. Але не – не цела агортвала тое цяпло. Здавалася, пачала грэцца яго змёрзлая ад адзiноты душа.


Амаль сорак гадоў Мiхась жыў адзiн у сваёй вялiкай хаце. Добры гаспадар, ён калiсьцi пастараўся для сваёй сям’i: пабудаваў палацы. Сям’i… Цяжка было Мiхасю ўспамiнаць былое. Але з гадамi ўсё часцей i часцей думаў ён пра жонку i дачку.


…Ганначку Мiхась не песцiў, выхоўваў у строгасцi. Часам i занадта суровы быў. Дзяўчынка ж характарам пайшла ў матулю: расла мяккай i ласкавай, як Вера. Бывае, сядуць з мацi на ложак, за рукі пабяруцца, cхiляцца галава да галавы ды шчабечуць аб нечым. Любiў Мiхась Ганначку i жадаў для яе самай лепшай долi. Вядома ж, той долi, якая менавіта яму здавалася лепшай. Таму вельмi злаваўся на дачку, калi тая ў дзевятнаццаць гадоў замуж выскачыла. Ведала, што разгневаецца бацька, i, нiчога не сказаўшы, узяла шлюб у горадзе. А цi ж мала добрых хлопцаў у роднай вёсцы было? Не сваiм голасам крычаў на Ганну Мiхась, а зяця нават на парог не пусцiў.


– Выбiрай, – пытаўся, – гэты чужынец цi бацька?


I Ганначка пайшла за мужам.

 

– Больш тут яе нагi не будзе!» – адрэзаў Мiхась.

 

Вера так i павалiлася на падлогу. I года не прайшло пасля той сваркi – памерла: не вынесла перажыванняў жаночае сэрца. Ганначка прыехала на пахаванне. Адна. Без мужа. Вiдаць, не хацела лiшнi раз нерваваць бацьку. Той спачатку маўчаў, а на памінальнай вячэры не вытрымаў:

 

– Гэта праз цябе няма ўжо мацi на свеце.

 

– Татачка, што ты такое гаворыш? – кiнулася да яго Ганна.

 

– Прэч, – працадзiў Мiхась скрозь зубы.

 

Людзi супакойвалi яго, а Ганна глядзела на бацьку поўнымi слёз вачыма…

 

Амаль сорак год не бачыў Мiхась Ганначку. Суседка баба Зося расказвала, што дзяўчына тэлефанавала ёй амаль што кожны дзень, цiкавiлася, як там тата. Толькi прасiла бацьку не гаварыць, баялася, што зноў раззлуецца. Але баба Зося бачыла, што робiцца на душы ў няшчаснага Мiхася, i пасля кожнага званка прыбягала з навiнамi. Той рабiў выгляд, што яму ўсё роўна, i адначасова прагна глытаў кожнае слова, i цешылася яго параненае сэрца. А потым не стала бабы Зосi, i парвалася адзiная нiтачка сувязi з дачкой.

 

…Горача стала ў грудзях. Дзед Мiхась адсунуўся ад печкi. Прыслухаўся. Цiха. Толькi вецер енчыў у комiне. Ад гэтага енку на сэрцы станавiлася яшчэ больш горка. Стары глянуў на абразы. Перахрысцiўся. Перавёў позiрк на фотаздымак жонкi:

 

– Дзе ты, мая Вера? Цяжка мне без цябе. Паветра не хапае. Даруй мне. I за сябе, i за… Ганначку.

 

I слёзы пацяклi па шчоках. Што iх стрымлiваць? Усё роўна нiхто не бачыць. Дзед Мiхась прыхiлiўся да печкі i закрыў вочы.

 

…Ганна подбегам крочыла па знаёмай вузкай вулачцы. Яшчэ пару двароў i – прывiтанне, бацькоўская хата! Нейкая нябачная сiла штурхала яе ў спiну, ды i парывiсты вецер падганяў.

 

– Значыць, усё правiльна раблю, – спрабавала супакоiць Ганна ўнутранае трымценне. – Ды i як жа можна было не прыехаць?! Я ж мамачку прыснiла ў ноч перад Калядамі. «Дачушка, – шаптала яна мне ў сне, – памятаеш той чартапалох у нашым садзе, з якiм я змагалася цэлы год? Чартапалох – упартае пустазелле, не выпалаць яго, не скасiць – трэба выкопваць каранi… У вас з татам такiя раны, што не хутка загойваюцца. Вы так доўга з iмi жывеце, што звыклiся i ўжо не заўважаеце. Ганначка, боль мае доўгiя каранi. I ёсць толькi адзiн спосаб выкапаць iх – дараваць».

 

– Мама, мамачка, – хапаючы марознае паветра, гаварыла Ганна, – я ўжо тут. Вось родныя веснiчкi. А ў вокнах святло гарыць. Жывы татка!

 

Ураз зрабiлася лёгка i… страшна.

 

– А раптам зноў прагонiць? Нiчога! Хоць пагляджу на яго. Убачу, як блiшчаць шэрыя вочы, калi ён злуецца, пачую голас…

 

Пераступiла парог – i сэрца трывожна закалацiлася: бацька нерухома сядзеў ля печкi. Няўжо спазнiлася?

 

– Татка, татачка! – кiнулася яна да старога.

 

Той расплюшчыў вочы.

 

– Га… Ганначка! Нарэшце... Здыму цяжар з душы... Даруй мне.

 

І дзед Мiхась ласкава пагладзiў калiсьцi чорныя, як смоль, а цяпер ужо пасiвелыя валасы дачкi. Потым глянуў на абразы, на сваю Веру. I здалося старому, што жонка са здымка ўсмiхнулася яму.

 

Наталля ТУРКО.

Предыдущая статья

Подлежат исполнению