banner

Беларускае — роднае

03 Мая’10
2968

Мая Беларусь

Наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы. Гнёзды паўсюль.

І таму, мне здаецца, зямлю нашу, Беларусь, можна назваць зямлёй пад белымі крыламі.

Чаму “Беларусь”? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Першы: белае адзенне даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры. Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы — здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Мы — адбіліся. І менавіта таму мы “белая”, “чыстая ад нашэсця татараў” Русь.

Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на храмы, пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя рэкі, у якіх плешчуцца бабры і рыба, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Ёсць і горкая памяць у маёй зямлі. Першай прыняла яна ўдары ворага і гераічна змагалася з ім разам з усім нашым народам. Дзеля таго, каб зберагчы волю, веру, Бацькаўшчыну. Каб спустошаная вайной краіна ажывілася працаю тых, хто выжыў і перамог, заззяла радасцю і святлом, заквітнела садамі і здзіўляла дзівоснымі будынкамі, зашумела нівамі, зазвінела адвечнай і неўміручай нашай песняй.

Паводле У. КАРАТКЕВІЧА.

Сем дачок

(Народная прытча)

Было ў маці сем дачок. Вось аднаго разу паехала маці ў госці да сына, што жыў далёка. Вярнулася дадому аж праз тыдзень. Калі яна ўвайшла ў хату, дочкі адна за адной пачалі гаварыць, як яны сумавалі па маці.

— Я сумавала па табе, як макаўка па сонечным святле, — сказала першая дачка.

— Я чакала цябе, як сухая зямля чакае кроплі вады, — сказала другая.

— Я плакала па табе, як малое птушаня плача па сваёй матцы, — сказала трэцяя.

— Мне цяжка было без цябе, як пчолцы без кветкі, — прамовіла чацвёртая.

— Ты снілася мне, як ружы сніцца кропелька расы, — сказала пятая.

— Я выглядала цябе, як вішнёвы садок выглядае салавейку, — сказала шостая.

А сёмая дачка нічога не сказала. Яна зняла з ног матулі чаравікі і прынесла ёй вады ў начоўках — памыць ногі.

Прыказкi

Менш гавары, больш пачуеш.

Якая справа, такая і слава.

Птушка рада вясне, а дзіця — маці.

Хочаш добра жыць — павінен працу любіць.

Садок садзіць — жыццё харашыць.

Смяшынкi

— Хто, дзеці, скажа, чаму бывае раса? — пытаецца настаўніца.

— Я ведаю! — падняў руку Пеця. — Зямля круціцца так хутка, што ажно пацее.

* * *

Маленькі Рыгорка пытаецца ў свайго сябрука:

— Колька, ты ведаеш, чаму ў зайца вушы доўгія?

— Ведаю. Заяц, калі быў маленькі, не слухаўся свайго таты.

Падрыхтаваў К. ВАСІЛЁК.

Предыдущая статья

Батык, квілінг, лекажур... Зроблена ў раёне