banner

Батык, квілінг, лекажур... Зроблена ў раёне

03 Мая’10
3186

Батык, квілінг, лекажур... Зроблена ў раёнеУ Свіслацкім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава работ дзіцячай творчасці “Нам запавет — мір берагчы, руплівай працаю праславіць”. Наладжаны гэты паказ з нагоды правядзення светкавання 65-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З вышыўкі, вырабаў са скуры, гліны, бісеру, лазы, дрэва, паперы — з усяго падмігваюць вачаняты роднага, беларускага. А прыслухаешся — і ў кожным тварэнні ўловіш знаёмы патрыятычны матыў.

На конкурс з усіх устаноў адукацыі раёна, расказала дырэктар Дома пазашкольнай работы Ніна Паўлаўна Пакутнік, было прадстаўлена каля чатырохсот вырабаў. У музеі выстаўлена палова з іх: самыя арыгінальныя і каштоўныя. Давайце заглянем у выставачную залу.

Батык, квілінг, лекажур... Зроблена ў раёнеПаважаныя наведвальнікі музея, паглядзіце, калі ласка, налева. Перад вамі пано ў тэхніцы квілінг. Ёю на дастаткова высокім узроўні авалодалі навучэнцы Ханявіцкай СШ. Вачэй не адарваць. А назвы! Колеры песцяць зрок, а яны — слых. “Нявеста”, “Пяшчота”, “Пунсовыя кветкі”, “Асенняя мелодыя”, “Настальгія”, “Вечная вясна”... Праўда, заварожваюць, закалыхваюць? А гэта — “Сланечнікі”. Не, не Клода Манэ: гэта пано выканана ўмелымі ручкамі Кацярыны Шаболік.

Пойдзем далей. Вашай увазе — вышыўка. Знаёмыя гладзь і крыжык. “Птушанё”— як жывое: такое пушыстае і (дакраніцеся!) цёпленькае. А вось кашолка з яблыкамі: паспелі, наліліся сокам і ззяюць на сонцы залатымі бакамі... Дзякуй вам, юныя ўмельцы з Корнадзі! А насупраць — нешта новае. Вышыўка атласнай стужкай. Гэты від дэкаратыўнай творчасці прадстаўлены “Букетам ружаў” (Вердаміцкі ВПК ДС-САШ), “Хрызантэмамі”, “Астрай”, “Бэзам”, “Першацветамі” (СШ № 3 г. Свіслач).

Батык, квілінг, лекажур... Зроблена ў раёнеА вось работы з гліны ў выкананні гурткоўцаў Дома пазашкольнай работы. (Дарэчы, кампазіцыя “На парозе Новы год” летась адзначана Дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”). Побач — вырабы з дрэва. Даспадобы многім гэтыя “Пірат”, “Смоўж”, “Іншапланецянін”, падсвечнік “Птушка”, ігольніца “Павук”, што прыехалі з Вердаміцкага ВПК ДС-САШ, дэкаратыўнае пано з Гарнастаевічаў. “Белавежскі матыў” адбівае гадзіннік, у краіну мрояў завуць “Пунсовыя ветразі” (СШ № 3 г. Свіслач), прыветліва запрашае ў госці “Казачны домік” (Дабравольскі ВПК ДС-САШ).

Пасярэдзіне залы — работы з тканіны, скуры, капрону. Сапраўдны востраў кветак. А “расквецілі” яго гурткоўцы ДПР, Сакольніцкай БШ, Поразаўскай спецшколы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху.

Батык, квілінг, лекажур... Зроблена ў раёнеНа славу папрацаваў з прыродным матэрыялам гурток “Калекцыя ідэй” (СШ № 2 імя М. Масонава). Абагаціла выставу “Залатая саломка” (гімназія № 1 імя К. Каліноўскага), саламяныя валошкі Веранікі Плескачэўскай з Грынок. Россыпам колераў парадавалі майстры бісерапляцення з Палонкі, Нязбодзічаў, Поразава, Новага Двара, Дабраволі. “З макаронамі можна важдаюцца не толькі на кухні”, — паспрабавалі даказаць дварчанскія рабяты — і выканалі з мучных вырабаў і крупаў удалую аплікацыю “Мілы сэрцу куток”, вазу, пасхальнае яйка з падстаўкай. Ці не цуда?!

Батык, лекажур, дэкупаж, пластык, нітачны шпагат... Веер жанраў і ідэй. І так прыемна дакрануцца і душой, і рукой да гэтага каляровага ўвасаблення дзіцячай фантазіі.

Наталля КОМАР.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

На здымках: дэкаратыўныя вырабы школьнікаў Свіслаччыны.

Предыдущая статья

Свислочские педагоги – в финале