banner

Дзівосы поразаўскай зямлі

24 Июля’16
2058

Дзівосы поразаўскай зямлі

 

У Поразаўскім сектары культуры і вольнага часу адбылося знаёмства прадстаўнікоў турыстычных устаноў Гродзеншчыны з талентамі Свіслаччыны і іх творчасцю.

 

Гасцей сустракала загадчык Алена Андрушка. Яна расказала прысутным аб цудоўным пасёлку Поразава і яго выдатных мясцінах: сядзібе “Багудзенкі” (сяр. XIX ст.), касцёле Святога Міхаіла Арханёла (1825 – 1828), царкве Святой Троіцы (1872), сінагозе (XIX ст.).


Пасля гістарычнага экскурсу Алена Уладзіміраўна запрасіла гасцей на выставу, прысвечаную жыццю і дзейнасці поразаўскіх майстроў задымленай (чорнай) керамікі – братоў Пятра і Іосіфа Шопікаў. Майстры, якія валодалі ўсімі спосабамі ганчарнага майстэрства, прымянялі розныя тэхналагічныя прыёмы абпальвання гліняных вырабаў. Яны былі вядомыя далёка за межамі Беларусі. Узнагароджваліся бронзавым медалём Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. Калекцыя поразаўскай керамікі знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у гістарычным музеі ў Маскве.

 

Затым гасцей сардэчна запрасілі ў танцавальную залу, якая на той час перетварылася ў сапраўдную мастацкую майстэрню. Тут можна было не толькі палюбавацца вырабамі самабытных майстроў, але і самім паўдзельнічаць у працэсе іх вырабу. Майстар-клас паказалі масцярыца лозапляцення Наталля Паплаўская, загадчык аддзела рамёстваў традыцыйнай культуры Аксана Васілька, загадчык сельскага філіяла “Дом рамёстваў” в. Сакольнікі Жанна Сыраежка.


Заключным акордам сустрэчы стала анімацыйная праграма “Запрашае баба з дзедам”.  Дзед (Іосіф Дмухоўскі) і бабуля (Ганна Леванчук) запрасілі ўсіх гасцей у свой пансіянат не толькі адпачыць і паправіць здароўе, але і заняцца пасільнай сялянскай працай. Хоць час быў абмежаваны, усё ж наведвальнікі  паспелі і паснедаць, і папрацаваць, і нават патанчыць. Гаспадар і гаспадыня не паскупіліся на падарункі.


У выдатным настроі, з добрымі ўражаннямі, з прызамі і сувенірамі госці накіраваліся па далейшаму маршруту.

 

Алена АНДРУШКА,
загадчык Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу.

Предыдущая статья

Лето на пользу