"7 цудаў Свіслаччыны"
Свіслачане добра ведаюць, што сваім паркам яны абавязаны Вінцэнту Тышкевічу (1757 – 1816 гг.). Калі сядзіба перайшла ва ўладанне графа, ён карэнным чынам памяняў яе аблічча. Рэзідэнцыю графа акружаў тэрасны парк з воднай сістэмай. Палац з бакавымі флігелямі не з’яўляўся кампазіцыйным цэнтрам. Ён размяшчаўся за ліпава-грабавай алеяй і быў абнесены драўлянай агароджай з цаглянымі слупкамі. Адасобленасць палаца – характэрны элемент сядзібна-паркавых ансамбляў у стылі галандскага барока, вельмі распаўсюджанага ў той час на Беларусі.
У канцы ХIХ стагоддзя парк атрымаў пейзажнае афармленне, тут з’явіліся экзатычныя дрэвы: арэх манчжурскі, лістоўніца амерыканская, шырокалускаватая туя заходняя, піхта бальзамічная і сібірская, шаўкоўніца белая.
Часткова захавалася да нашых дзён грабавая алея, якая праходзіла ад палаца па верхняй тэрасе.
Паўночная частка парка мела самастойнае кампазіцыйнае рашэнне, аснову якога складалі два вузкія вадаёмы, выцягнутыя па ўсёй шырыні парка. У заходняй частцы яны былі злучаны каналам, ва ўсходняй – з ракой Свіслач, якая абмяжоўвала сядзібу. Вакол вадаёмаў праходзіў кальцавы прагулачны шлях з перспектывай на люстэрка вады.
Парк захоўваўся, па сведкам сучаснікаў, у педантычным парадку. Як адзначае польскі гісторык Р. Афтаназі ў сваім даследаванні “Справы рэзідэнцыі на былых крэсах Рэчы Паспалітай”, “...газоны былі гладкімі, быццам сукно, дарожкі пасыпаныя прасеяным жвірам, на зямлі – ніводнага лісточка альбо галінкі, дрэвы і кусты акуратна падстрыжаныя, прыгладжаныя, быццам прычоска ў элегантнага чалавека”.
У 1998 годзе водная сістэма парка была рэканструявана. Сажалкі паглыблены і павялічаны, з’явіўся новы вадаём. Праз цэнтральны вадаём пабудаваны мост, які вельмі палюбілі маладажоны. Многія з іх пакінулі тут замочкі ад свайго шчасця, якія нікому не раскрыць, а здымкі на мастку ёсць, мабыць, ва ўсіх вясельных альбомах свіслачан.
У заходняй частцы парку пасаджаны дрэвы. Яны ўжо адметна падраслі і хутка сайдуцца сваімі кронамі. Тады ж парк прыгожа агарадзілі, а пры ўваходзе пабудавалі арку. Некалі аркі былі з чатырох бакоў пры ўездзе ў Свіслач, і гэтая нібы нагадвае аб пераемнасці архітэктурных прыёмаў.
Сёння Свіслацкі парк – улюбёнае месца адпачынку свіслачан. Тут праходзяць масавыя гулянні, святы, спартыўныя мерапрыемствы.
Ядвіга КУРЫЛА.