banner

Дорыць радасць “Купалінка”

13 Февраля’12
2456

Дорыць радасць “Купалінка”

Яскравыя афішы ва ўсіх шматлюдных месцах яшчэ не запрашаюць на выступленне гэтага ансамбля. Усё наперадзе. А пакуль што 12 юных музыкаў ахвотна ходзяць на рэпетыцыі і з нецярплівасцю чакаюць кожнага выхаду на сцэну.
Фальклорны ансамбль “Купалінка” нарадзіўся 6 гадоў таму на базе Свіслацкай школы мастацтваў. Кіраўніцтва над ім узяла на сябе Таццяна Казіміраўна Вайцяхоўская, чалавек творчы і ініцыятыўны, улюбёны ў сваю справу.
Цікаўнасць да народнай музыкі ў аркестровым выкананні запала ёй у душу, калі яна яшчэ сама была проста навучэнкай школы. Былы кіраўнік народнага аркестра Рыгор Вырко здолеў закрануць у тонкай і чулай душы дзяўчынкі самыя трапяткія струны, улюбіць у чароўныя беларускія, рускія, украінскія мелодыі. Ужо тады Таццяна выбрала для сябе шлях, з якога не збочыла. І ў вучылішчы, і ў інстытуце яна жыла марай стварыць свой аркестр і дарыць людзям музыку.
 Мара здзейснілася. І няхай сабе гэта яшчэ не вялікі аркестр прафесіяналаў, а маленькі дзіцячы ансамбль, гэта, бадай, не так важна. Галоўнае, што юныя музыкі, аб’яднаныя вялікай прагай дарыць сваё мастацтва гледачам, з кожным днём, з кожнай рэпетыцыяй усё больш развіваюць музычныя здольнасці, авалодваюць майстэрствам ігры на народных інструментах, дакранаюцца душой да вялікай таямніцы Яе Вялікасці Музыкі. У ансамблі гучаць цымбалы, домра, баян, флейта, балалайка, ударныя інструменты. Ёсць і свае спевакі. Дзяўчаткі і хлопчыкі вельмі дружныя, таленавітыя.
Пры нараджэнні кожнай новай п’есы ўсе ўдзельнікі становяцца дзеючымі асобамі маленькай казкі. Калектыў кожны год папаўняе свой рэпертуар. Сярод самых яскравых нумароў можна вылучыць апрацоўкі народных мелодый Уладзіміра Грома, які праз багацце фальклорных матываў імкнуўся данесці да слухача згадкі пра гісторыю і культуру сваёй краіны, даць адчуванне нацыянальнага характару беларуса. Гэта “Святочны вальс”, “Ашмянская кадрыля”, “Крупіцкая полька” і іншыя. Ансамбль з поспехам выступаў у школах райцэнтра, цёпла прымалі юных музыкаў у Лідзе, Гродне.
Калектыў час ад часу абнаўляецца. Навучэнцы атрымоўваюць пасведчанні аб заканчэнні школы і пакідаюць ансамбль, а на змену ім прыходзяць іншыя дзеці, улюбёныя ў музыку, і таму яна не змаўкае. Творчых поспехаў табе, “Купалінка”!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Восьмы цуд свету