banner

Восьмы цуд свету

13 Февраля’12
3465

Аб’яўленне ў Беларусі Года кнігі з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем клопату дзяржавы аб захаванні духоўнасці грамадства, імкненні вывесці беларускую літаратуру на ўзровень чытання рознымі пакаленнямі.
Сем цудаў свету стварылі людзі ў даўніну: велічныя егіпецкія піраміды, цудоўнейшую статую Зеўса ў Алімпіі, вісячыя сады асірыйскай царыцы Семіраміды ў Вавілоне, храм Артэміды Эфескай, гіганцкую медную статую бога Геліоса на востраве Радос, Галікарнаскі маўзалей і маяк у Александрыі.
Восьмае цуда свету знаёма кожнаму з нас, мы прывыклі да гэтага тварэння чалавецтва, як да паветра, якім дыхаем, як да сонца, якое асвятляе. Яно знаходзіцца заўсёды побач і, як сапраўдны сябар, гатова ў любы час прыйсці на дапамогу, навучыць, параіць, падтрымаць, расказаць. Гэта – кніга. Кніга – бязмежны духоўны свет чалавецтва, самы магутны і самы ўніверсальны сродак зносін людзей, народаў і пакаленняў. Кнігі – скарбонкі ведаў, якія пішуцца самымі адукаванымі, неардынарнымі і таленавітымі людзьмі. Яны расшыраюць наш кругагляд, даюць духоўны пажытак і хвалююць пачуцці, дапамагаюць разумець саміх сябе, вучаць жыць і змагацца. У іх можна знайсці адказы на самыя розныя складаныя жыццёвыя пытанні. Здаўна людзі заўважылі станоўчае ўздзеянне кнігі на здароўе і настрой чалавека і выкарыстоўвалі іх як сродак выздараўлення. У ХVІІ стагоддзі ў Англіі ўрачы рэкамендавалі хворым акрамя лекаў чытанне некалькіх старонак добрага тэксту. Кнігі рэлігійнага зместу прыносяць веруючым людзям спакой і надзею.
У кожнага з нас свой шлях да кнігі. Для адных кніга – сродак атрымання неабходнай інфармацыі для адукацыі і ўдасканалення сваіх ведаў, для іншых чытанне – адно з самых любімых заняткаў. Чытаеш добрую кнігу – і духоўна становішся багацейшым, дабрэйшым, таму што прапускаеш праз сваё сэрца пачуцці і ўчынкі герояў, ласкавы ўсплеск хваляў і гарэзлівы парыў ветру, мягкае шалясценне дажджу і выццё зімовай сцюжы.
Спачатку было слова. Яно было запісана і ўвасобілася ў кнізе. Кніга прайшла доўгі шлях перш чым з’явілася да нас у сучасным выглядзе: вырабленая на гліняных таблічках, напісаная на берасце, папірусе і воску.
Не раз пачуеш, што ў сучасны век інфармацыйных тэхналогій, татальнага, усеабдымнага наступлення інтэрнэту няма патрэбы ў кнізе і чытанні. Але сусветны вопыт сведчыць аб тым, што самыя магутныя дзяржавы ўсё больш і больш звяртаюць увагу на тое, каб вырасціць адукаванае, чытаючае пакаленне. Бо толькі адукаванае грамадства з дапамогай чытання фарміруе ўсебакова развітага чалавека, які ўмее адэкватна ацаніць сітуацыю, хутка прыняць правільнае рашэнне, мае вялікі аб’ём асабістай памяці, добра валодае словам.


Год кнігі для бібліятэк раёна пачынаецца паспяхова. За мінулы год набыта больш за 12 тысяч экзэмпляраў кніг і перыядычных выданняў, на якія выкарыстана 180,3 мільёна рублёў. На 2012 год запланавана папоўніць бібліятэчныя фонды раёна на суму 311,5 мільёна рублёў, што дасць магчымасць набыць шмат карысных і цікавых кніг, перыядычных выданняў, электронных дакументаў для шматлікіх наведвальнікаў бібліятэк. Нашы бібліятэкі будуць рады прыняць ад кожнага жадаючага кнігі ў дар па акцыі “Падары кнігу бібліятэцы”.
Аматары кнігі! У бібліятэках раёна праходзіць конкурс “Кніга ў маім жыцці”. Кожны жадаючы можа прыняць удзел у конкурсе творчых работ, даслаўшы ў бібліятэку свае вершы, сачыненні, эсэ, малюнкі, пісьмо любімаму герою, водгук аб прачытанай кнізе, інтэрпрэтацыю літаратурнага твора і іншыя. Конкурс разлічаны на перыяд з 01.01.2012 г. па 31.12.2012 г. Пераможцаў чакаюць прызы.
Калі кніга – ваш лепшы сябар, а чытанне – любімы занятак, мы чакаем вас у бібліятэках раёна. Доўгага жыцця табе, Кніга!

Ніна КАЛАЧ,
дырэктар Свіслацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Предыдущая статья

Сэрца грэюць успаміны