banner

Гарачы чэрвень 41-га

30 Июня’11
2868

Гарачы чэрвень 41-га

Клаўдзія Аляксандраўна Паўлючук нарадзілася ў Грыцках. У тым далёкім гарачым чэрвені ёй споўнілася 11 гадкоў. Тады і скончылася дзяцінства. Скончылася, ды не перастала балець, не перасталі прыходзіць у сны тыя падзеі, сведкамі якіх была маленькая Клава і іншыя дзяўчынкі і хлопчыкі, па лёсе якіх вогненным смерчам пранеслася вайна.

— На другі дзень, гэта значыць 23 чэрвеня, у нас ужо поўная вёска немцаў была. Рана-раненька наехалі. Усё вакол гудзела, нібы вулей. Мы паўставалі, папалохаліся, не ведалі, што рабіць.

А тут кажуць, што сям'ю ваеннага з нейкага склепу выгналі ды вядуць расстрэльваць. На ўскрайку недзе была яма выкапана. Вось іх паставілі на край той ямы: маму з татам і малога хлопчыка, людзей сагналі. Тады нехта з вяскоўцаў выхапіў тое дзіця. А бацьку і маці расстралялі. Казалі, маладыя былі, прыгожыя.

Мы вельмі баяліся немцаў, хаваліся ад іх, стараліся на вочы не пападаць.

Потым пайшла чутка, што ўсіх вяскоўцаў хочуць некуды вывезці. Дык людзі сабраліся неяк і на самым досвітку пачалі ўцякаць у Дабраволю, у лес. У нас дома мама засталася, а мы чацвёра з татам рушылі ў дарогу. Прыехалі туды і два тыдні сядзелі. Пра маму нічога не ведалі. А яе і яшчэ пару жанчын, што дома засталіся, забралі тады кароў гнаць. Дагналі да Бераставіцы, і маме неяк удалося ўцячы. Яна ў хмызняк схавалася. Немцы шукалі, але не далі рады знайсці. Каб жа знайшлі, расстралялі б, напэўна.

Калі мы яшчэ ў лесе стаялі, то немцы нас акружылі і знішчыць хацелі, але ім не ўдалося. Мы цудам уцалелі. Вярнуліся ў Грыцкі, а ад вёскі адны чорныя каміны засталіся. Усю дачыста немцы спалілі. Немагчыма выказаць, як цяжка было, як горка і балюча. Гэта ж дом мелі свой, у доме нешта нажылося, а гэтыя звяры ўсё з дымам пусцілі. Людзі засталіся ў чым стаялі. Пачалі зямлянкі капаць, нейкія буды строіць, у скляпах жыць.

Брата майго старэйшага ў Германію вывезлі, але ж, дзякуй Богу, потым вярнуўся. А ўжо на другі дзень яго на фронт забралі.

Калі нарэшце немцаў прагналі ў 44-м, то людзі пачалі будавацца на сваіх папялішчах. Наш тата таксама хату пабудаваў, а ў 46-м раптам памёр ад запалення лёгкіх. Мама нас адна гадавала, цяжка было, голадна вельмі, як толькі і выжылі.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Так начиналась война