banner

Мама, я хачу вярнуцца

23 Декабря’10
2010

Аб тым, што ён пападае пад амністыю, Раман даведаўся яшчэ ў лістападзе. З тых пор яго мучыла дваякае пачуццё. З аднаго боку, вязень, які правёў у турме доўгія сем гадоў, быў рады, што нарэшце пакіне гэты шэры жудасны дом з кратамі, а з другога — ён разумеў, што ісці яму няма куды, што права называцца сынам сваіх бацькоў ён даўно страціў, і дарогі туды яму няма. Занадта шмат прынёс ён болю і горычы сваёй старэнькай маці, хвораму, заўчасна пакінуўшаму гэты свет бацьку, сёстрам, усім родным.

Ён гэта разумеў і таму за ўсе гады не напомніў ім пра сябе, не хацеў лішні раз параніць. “Няхай лепш лічаць, што я зусім прапаў, што мяне наогул больш няма на свеце,” — думаў Раман доўгімі бяссоннымі начамі.

А дзень яго вызвалення набліжаўся. Цяжкія дзверы турмы павінны былі расчыніцца перад ім акурат перад святам Божага Нараджэння. Некалі такога любімага ім свята.

Раман усё часцей успамінаў сваё дзяцінства, і ад гэтых успамінаў яму рабілася вельмі балюча. З малых лет ён рос непаслухмяным, упартым і ўсё рабіў насуперак бацькам. Маці так часта плакала, калі на сына скардзіліся суседзі: то ён кагось пабіў, то нешта адабраў у слабенькага хлопчыка, то пакрыўдзіў дзяўчынку. Ён слухаў, прасіў прабачэння, а назаўтра рабіў тое ж самае. Калі трошкі падрос, звязаўся з кампаніяй хуліганаў і канчаткова адбіўся ад рук. Ледзь-ледзь скончыўшы школу, ён падаўся далей ад дому і нават не стаў пісаць лісты бацькам. “А навошта, — думаў Раман, — маці пачне пісаць жаласлівыя лісты. Ён гэтага не любіў, хацеў жыць свабодна, ні ад каго не залежаць. Хутка сабралася кампанія такіх, як ён, “крутых” малайцоў, і яны пачалі займацца рабаваннем. Спачатку ім усё зыходзіла з рук, але да пары. Адбыўся суд, і ўсе яны атрымалі немалы тэрмін зняволення.

У турме Раман не раз стараўся пераасэнсаваць сваё жыццё, шукаў прычыну ўласнага падзення і вінаваціў толькі сябе. Больш не было каго. Слёзы маці, на якія ён ніколі не звяртаў увагі, зараз агнём апякалі яму душу і не давалі спакою. Зараз ён аддаў бы ўсё, каб вярнуць назад тыя дні, калі ён жыў у сваёй роднай хаце, пабудаванай бацькам, каб апынуцца побач з маці, папрасіць у яе прабачэння за ўсё. Вось толькі ці даруе?

Ён не раз спрабаваў пісаць дадому лісты. Каяўся, даваў абяцанне, што пачне жыццё спачатку, а потым чытаў і рваў на дробныя кавалкі напісаныя старонкі.

Дні ляцелі хутка, і вось да вызвалення засталося трошкі больш за тыдзень. Чарговы раз парваўшы недарэчнае пасланне, Раман узяў яшчэ адну картку і хутка напісаў: “Мама, я хачу вярнуцца. Калі ты можаш дараваць, то вывесь у двары белы ручнік. Гэта будзе для мяне знакам. Калі ручніка не будзе, я прайду міма”.

Ён узяў канверт, заклеіў пісьмо і аддаў, каб адправілі.

Дзень вызвалення настаў. Раман выйшаў за вароты турмы, глыбока ўдыхнуў у сябе чыстае паветра і пайшоў на вакзал.

Рытмічна стукалі колы цягніка, хутка рухаючыся туды, дзе прайшло дзяцінства Рамана, дзе жыла маці. Яго сэрца стукала ў такт гэтым колам, і на душы было непамерна цяжка: “Ці чакае? Ці даруе?”

Вось і прыехаў. Яшчэ некалькі прыпынкаў на аўтобусе — і ён дома. Раман сядзеў ля акна і глядзеў на вячэрні горад, упрыгожаны да свята, на людзей, якія некуды спяшаліся, мітусіліся, жылі звыклым жыццём. Вадзіцель назваў наступны прыпынак, і Раман праціснуўся бліжэй да выхаду. Сэрца, здавалася, зараз выскачыць з грудзей, так моцна яно грукала.

“Цёмна ўжо, я магу і не заўважыць той ручнік», — падумалася блуднаму сыну. І раптам ён аслупянеў. Увесь яго падворак быў увешаны белым палатном, прасцінамі, ручнікамі, яны беляхцелі так, што здавался, ад іх адыходзіць нейкае святло. Маці вывесіла ўсё белае, што было ў хаце.

Раман стаяў ля веснічкаў і не мог крануцца з месца. А потым сцягнуў з галавы брудную старую шапку і, схаваўшы ў яе твар, заплакаў. Плакаў, не саромеючыся, уголас, а тым часам да яго, раскінуўшы рукі, бегла маці.

— Сыночак, дзетачка мая, ты вярнуўся! Бог пачуў малітвы мае, вярнуў мне цябе. — Яна дабегла да сына, абняла яго і ўсё нешта гаварыла і гаварыла, і слёзы бясконца сцякалі па яе старэнькім зморшчаным твары.

Раман моўчкі апусціўся перад маці на калені і ўткнуўся галавою ёй у падол. Слёзы не давалі гаварыць, ён адчуваў, што яны льюцца з самога сэрца, душы і амываюць яе, ачышчаюць, вызваляюць з жалезных ціскоў, у якіх яна пакутавала так шмат гадоў. Значыць, не толькі маці, значыць, і Бог дараваў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

В красной рукавичке теплится добро