
Гэтую хату збудаваў яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя Аляксей Васіленка. Ёй ужо каля ста гадоў, але выглядае так, нібы ўчора было спраўлена тут наваселле. Такая яна прыгожая, дагледжаная – ну проста церам, а не хата! А жыве тут зараз Ганна Мікалаеўна Сачко. Хоць пражытыя гады шчодра пасыпалі срэбрам яе галаву, але твар па-ранейшаму застаўся маладжавым і прывабным. Можа, таму, што душа ў яе адкрытая і шчырая, таму, што ніколі нікому не зайздросціла, не шукала выгады, проста жыла, працавала, гадавала дзяцей, верыла ў Бога і да людзей ставілася з павагай. Жыццё паматала яе па свеце, шмат гадоў жыла далёка на поўначы, але сэрцам заўсёды была тут, у Дабраволі, у гэтай хаце, дзе 81 год таму прыйшла на свет.
Выпрабаванні лёсу
Ганна Мікалаеўна нарадзілася ў самым пачатку 1944 года, калі яшчэ лютаваў вораг на нашай зямлі, хоць да вызвалення заставалася некалькі месяцаў. Была дзяўчынка першым дзіцяткам у сям’і Мікалая і Ганны Васіленка. Пазней падарыла Ганна мужу сыночка Анатоля.
– Тата мой інвалідам быў. Ён дрэнна хадзіў, насіў пасталы, была паралізавана рука. Але працаваў кавалём, хоць яму было вельмі цяжка з адной здаровай рукой. Пасля ўладкаваўся сторажам, – дзеліцца ўспамінамі Ганна Мікалаеўна. – А потым лёс звёў маіх тату і маму, яны стварылі сям’ю. З’явілася на свет я, праз пяць гадоў нарадзіўся брат Толік. Жылі тут, у гэтай хаце, з бабай і дзедам. У іх яшчэ тры сыны былі, але двое загінулі на вайне, а яшчэ аднаго ў Германію забралі. Ён пасля вайны вярнуўся, але дзядуля, на жаль, не дачакаўся яго. У вайну памёр, не ведаў, што два сыны загінулі. Бабуля ўжо без яго дзве пахавальныя атрымала, гаравала вельмі. Трэцяга сыга з Германіі дачакалася і доўга яшчэ жыла.
Тата толькі адзін клас школы скончыў. Чытаць трохі ўмеў, але любіў, каб я яму чытала. І я ў першым класе ўвесь буквар яму перачытала, а потым і другія кнігі. Слухаць вельмі любіў. Я шкадавала тату, ён быў добрым, мне заўсёды хацелася яго чым-небудзь парадаваць, каб ён не сумаваў.
Выхавана працай
Ганна Мікалаеўна расказала, што дзяцінства было цяжкім, бедным, прыходзілася вельмі складана.
– Я скончыла сем класаў. Далей вучыцца не магла, бо ў бацькоў не было за што купіць мне кнігі ў школу. Пайшла працаваць у калгас, – працягвае Ганна Мікалаеўна. – Нароўні з дарослымі жанчынамі жыта жала, снапы вязала. З раніцы да вечара былі ў полі. Цяжка было. Бульбу матычкаю капалі, буракі палолі, потым рвалі, церабілі, лён таксама трэба было апалоць, потым вырваць, у снапкі павязаць. Затым білі той лён, сушылі на печы, церлі, трапалі. За працадзень налічалі пяць капеек, а грошы выплачвалі толькі ў канцы года. Цяжка было, але ўсе так жылі тады. За дзень, бывала, напрацуешся так, што спіна баліць, ногі гудзяць ад стомы, а прыйдзеш дадому, памыешся, пераапранешся – і ў клуб на танцы. Маладыя ж былі, хацелася патанчыць, паспяваць, павесяліцца. Хлопцаў і дзяўчат тады было шмат, мастацкая самадзейнасць развівалася, з канцэртамі ў другія вёскі ездзілі. Весела было, і стома прападала кудысьці. Аднойчы, калі мы паехалі з канцэртам у Ціхаволю, я пазнаёмілася з хлопцам Мішаю. Ён запрасіў мяне на танец – раз, другі, а потым кажа: “Я цябе на поўнач завязу. Замуж за мяне пойдзеш?”
Ганна думала, што жартуе хлопец, якое там замуж, першы раз бачыліся. А ён неўзабаве ў сваты прыехаў. Ён таксама спадабаўся Ганне, і, доўга не раздумваючы, дала згоду. Згулялі вяселле, і паехала Ганначка ў далёкі паўночны горад Аленегорск. Засяліліся спачатку ў мужчынскі інтэрнат. Там ім выдзелілі маленькі пакойчык. Але пазней далі жыллё ў бараку. Стары жалезны ложак на звалцы знайшлі, сталом чамадан быў, вось і ўся мэбля. Пасярод пакоя стаяла “буржуйка”. Міхаіл шукаў дровы, прыносіў, так і грэліся. Пакуль агонь гарэў, было цёпла, а як патухаў, адразу рабілася холадна. Вада замярзала. У тым бараку нарадзіўся першы сынок Мікола. Ганна трымала пялюшкі каля грудзей, каб сыночка ў цёплае спавіць. Так і жылі.
Душа рвалася ў Дабраволю
Ганна спачатку працавала ў школе-інтэрнаце, посуд мыла. Але, калі нарадзіўся другі сынок – Сярожка, пайшла на базу пакавальніцай. А потым рашыла пайсці на курсы кранаўшчыкоў. Адвучылася і ўжо да самай пенсіі працавала на кране. І тры гады на пенсіі адшчыравала на гэтай магутнай машыне.
– Я столькі гадоў пражыла на поўначы, а прывыкнуць так і не магла. І прырода там прыгожая, і лясы, і азёраў шмат, грыбы, ягады, якія хочаш, а вось душа ўсё роўна сюды рвалася. Кожны год мы прыязджалі на Радзіму ў водпуск. І толькі тут я ажывала, надыхацца не магла гэтым паветрам, нацешыцца не магла краявідамі. Кожны год дачакацца не магла, пакуль той водпуск дадуць, каб ехаць у Беларусь, – успамінае жанчына. – Спачатку прыязджалі з дзецьмі, яны таксама сюды рваліся, ніколі не было такога, каб сказалі, што не хочуць ехаць да бабуль у Дабраволю, Ціхаволю. Калі з мужам на пенсію пайшлі, пачалі прыязджаць сюды вясною і былі да позняй восені. Куплялі парсючка, курэй, агарод садзілі. Пакуль мама жыла, да яе ехалі, а калі яе не стала, проста ехалі да роднай хаты. У Ціхаволі хату сястра мужава прадала, а наша вось засталася. Мы думкі не дапускалі, каб прадаць. Мне тыя грошы рукі апякалі б, каб хатка мая была ў чужых людзей. Як гэта дапусціць, як можна змірыцца з гэтым! Я не магла. І брат мой сюды прыязджаў, жыў тут. На жаль, няма яго ўжо на свеце.
Сыны нашы ўжо таксама на пенсіі. Выраслі і ўнукі з унучкамі, праўнукі ўжо падрастаюць. І што вы думаеце? І іх сюды невядомая сіла цягне. Не раз казалі мне: “Бабуля, як мы любім тваю Беларусь!” У іх ёсць магчымасць да мора паехаць, а ім сюды хочацца, тут ім хораша. Тут дух іх продкаў застаўся, ён і заве, вабіць. Над гэтай хатай нібы нейкая нябачная аўра вісіць, яна і прыцягвае нас сюды.

Хата будзе стаяць!
Калі не стала мужа, Ганна Мікалаеўна вырашыла, што пераедзе сюды назусім. І не проста пераедзе, а зробіць хату такой, каб хто міма ні праходзіў, то здзіўляўся. І мару сваю здзейсніла. Дзеці, унукі дапамагалі. І вельмі шмат уклаў сваёй працы сусед Валерый Трахімік. Залатыя рукі ў яго, і сэрца такое ж. Аб чым ні папросіць Ганна Мікалаеўна, ніколі не адмовіць. Ганна Мікалаеўна вельмі ўдзячна суседу Валеры і яго жонцы за дапамогу. Ва ўсім доме рамонт зроблены, печы старыя раскіданы, пастаўлены новыя, і зверху, і звонку хата прыгожая. Сама гаспадынька любуецца ёю. На двары Валерый альтанку зрабіў, баню з душам. У летняй кухні таксама ўсё абноўлена, паставілі там ложак, а на ім подушкі з навалачкамі, якія калісьці матуля вышывала. Нават у хляве падлогу паклалі, там каляскі дзіцячыя стаяць, цацак цэлая гара. Праўнукаў чакаюць.
– Хачу яшчэ электраацяпленне ўсталяваць, – дзеліцца задумкамі Ганна Мікалаеўна. – Суседзі часам пытаюцца: “Навошта яно табе? На твой век і печак хопіць”. А я ж не толькі пра сябе думаю. Мяне не стане, а дзеці, унукі, праўнукі прыязджаць будуць. Я не сумняваюся ў гэтым ні на хвілінку. Я прырасла ўсёй сваёй істотай да гэтага кавалачка зямлі. Як дрэва прарастае каранямі глыбока-глыбока. Нават калі спілаваць тое дрэва, карані застануцца, і ад іх пойдуць новыя парасткі. Вось і я – такое дрэва, а парасткі – мае ўнукі, праўнукі, а потым і прапраўнукі пойдуць. А хата стаіць і будзе стаяць! Іначай быць не павінна.




