banner

Калі стаіш на п’едэстале і слухаеш гімн Беларусі, гэта асаблівае пачуццё

20 Декабря’19
1281
Пра Віталя Песняка сродкі масавай інфармацыі найбольш пісалі ўвесну гэтага года, калі спартсмен заняў першае месца на чэмпіянаце Еўропы па вольнай барацьбе. На верхнюю прыступку п’едэсталу ён ішоў паступова, а першыя крокі на гэтым шляху зрабіў у роднай Свіслачы. Сёння Віталь – студэнт 5 курса факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы, член нацыянальнай сборнай Беларусі.



– У зал барацьбы прывёў тата, калі я быў яшчэ зусім малым. Напачатку нават не займаўся: сядзеў і назіраў за старэйшымі. А падчас перапынкаў выходзіў куляцца на дыван. Увогуле мне падабалася атмасфера ў спартыўнай зале. Незаўважна пачаліся сапраўдныя трэніроўкі. Першы трэнер – Раман Яскулд. Гэта ён, вобразна кажучы, паставіў мяне на ногі. Малому нават барцоўкі дапамагаў правільна завязваць, – усміхаецца Віталь.

Першыя спаборніцтвы, у якіх удзельнічаў Віталь, былі раённымі. Там ён стаў лепшым. І, як прызнаецца, вельмі спадабалася быць мацнейшым, гэта натхніла на далейшую працу. Ды і трэнер расслабляцца не даваў: каб быць першым далей, трэба працаваць.

У мяне Віталь займаўся пяць гадоў. Ці бачыў тады ў ім чэмпіёна Еўропы? Скажу шчыра, што я як трэнер у кожным выхаванцы бачу будучага чэмпіёна. Веру ў дзяцей. Без гэтага нельга, – распавядае Раман Яскулд. – Далей шмат залежыць ад саміх дзяцей, падтрымкі бацькоў. Сям’я Віталя, да прыкладу, жыла ў вёсцы побач са Свіслаччу, бацькі знаходзілі магчымасць і час прывозіць яго на трэніроўкі. Да таго ж, у характары яго самога ёсць неабходныя спартсмену настойлівасць, працавітасць, цярпенне. Трэба “пацець, каб потым мець”.



Яшчэ падлеткам Віталь Пясняк вырашыў, што яго будучыня звязана са спортам. І пасля 9 класа паступіў у Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Яго трэнерам стаў старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па вольнай барацьбе Аляксандр Яскулд, родны брат Рамана Яскулда: “Мяне перадалі ў спадчыну”, – усміхаецца малады чалавек. Пасля стаў студэнтам купалаўскага ўніверсітэту. Паралельна з вучобай працягвае кар'еру спартсмена.



– Сумяшчаць няпроста. Аднак выкладчыкі ведаюць, што ў спартсменаў свой графік і мы вымушаны заўсёды і ва ўсім прыладжвацца да графіку спаборніцтваў. Таму з разуменнем ставяцца, калі адсутнічаем. Аднак для мяне гэта не нагода не вучыцца. Важна мець неабходныя веды, да прыкладу, каб працаваць трэнерам. Толькі ўласнага досведу як дзейнічаючага спартсмена недастаткова. Асабліва, калі хочаш быць паспяховым, каб твае выхаванцы станавіліся пераможцамі.

Графік вучобы раз-пораз перарываюць зборы. Вось і цяпер нацыянальная каманда па вольнай барацьбе знаходзіцца на зборах у Казахстане. У Гродне, да прыкладу, Віталь трэніруецца два разы на дзень па 2–2,5 гадзіны. У перапынках – вучоба, звычайныя штодзённыя справы. А вось падчас збораў – больш строгі рэжым, нават сон – па раскладзе. Да таго ж, там спартсмены знаходзяць новыя спарынгі, інакш кажучы, сустракаюцца з новымі для сябе праціўнікамі, трэніруюцца і тым самым павышаюць свой узровень.

Гэта не танна: выдаткі на дарогу, пражыванне, ежу – усё фінансуецца дзяржавай. Аднак без такіх збораў, што праводзяцца колькі раз на год, паказваць добрыя вынікі ў спорце высокіх дасягненняў практычна немагчыма.

– Сёння для сферы спорту выдаткоўваюцца вялікія грошы. І ад нас чакаюць выніку на міжнародных спаборніцтвах. Гэта не раз падкрэсліваў Кіраўнік дзяржавы, – адзначае Віталь.



У 2015 годзе юнак выйграў на рэспубліканскіх спаборніцтвах U18 сярод моладзі, гэта адначасова быў адбор на чэмпіянат Еўропы. Там стаў трэцім і вось тады па-сапраўднаму адчуў, як гэта – стаяць на еўрапейскім п’едэстале. Кажа, з’явілася яшчэ большая матывацыя рухацца наперад. І праз год ужо быў другім на чэмпіянаце Еўропы. Аднак на гэтым не спыніўся і сёлета выйграў спаборніцтвы – узняўся на вышэйшую прыступку п’едэстала. Так, па яго ж словах, акуратна, паступова стаў чэмпіёнам Еўропы. Як кажуць, павольна, але ўпэўнена.

Па-асабліваму змяняецца позірк Віталя, калі ён згадвае, як у сербскім горадзе Нові Сад уздымаўся сцяг і гучаў гімн Беларусі.

Гэта пачуццё цяжка перадаць словамі. Разумееш, што гімн роднай краіны гучыць дзякуючы менавіта табе і тым людзям, хто быў побач, прынамсі, трэнерам, дапамагаў рыхтавацца да спаборніцтваў, падтрымліваў. Гэта радасць, гордасць ад таго, што ты спраўдзіў спадзяванні трэнераў і блізкіх, – распавядае Віталь. – Калі часам прыязджаеш на спаборніцтвы за мяжу, некаторыя нават не ведаюць, што гэта за краіна – Беларусь. А тут – гімн гучыць!

Наперадзе – чэмпіянат свету. На ім пакуль лепшы вынік нашага земляка – пятае месца. Сёння Віталь удумліва разбірае кожны спарынг, аналізуе, што было зроблена правільна, дзе дапусціў памылку. Нават калі перамог, абавязкова пытаецца перш сам у сябе: што можна было зрабіць лепш? Кажа, кожны спартсмен павінен не толькі трэніравацца, але і думаць: як правільна выбудаваць схватку на спаборніцтвах, як бароцца з праціўнікам. Трэба ўмець аналізаваць сітуацыю, хутка прымаць рашэнне.

Па традыцыі мы завяршаем нашу размову пытаннем: як сённяшні студэнт бачыць сваё будучае праз дзесяць год? Віталь кажа, гэта вельмі вялікі адрэзак часу. Так, згодна: цяжка загадваць наперад, нават калі размова ідзе пра пяць год ці нават месяц. І суразмоўца каторы раз дэманструе моцны характар і мэтанакіраванасць:

– Можна не загадваць, а імкнуцца да мэты. Праз пяць год хацелася б стаяць на п’едэстале Алімпійскіх гульняў 2024 года. А ў плане працы не задумваўся. Аднак без спорту дакладна не змагу, заўсёды цягне ў спартыўную залу. Магчыма, сам стану трэнерам. Гэта асаблівая місія – выхаваць для роднай краіны чэмпіёна.

grodnonews.by

Читайте также:

Покоритель борцовского ковра

Наш земляк Виталий Песняк завоевал золото ЧЕ (U-23) по борьбе в Сербии (+ видео)

Предыдущая статья

Выступление Натальи Кочановой на закрытии первой сессии Совета Республики Национального собрания Беларуси седьмого созыва