
І вось зноў сядзіць перада мной бубулька. Сівенька, у квяцістай хустачцы, і ўся яе істота выпраменьвае цеплыню і шчырасць. У сакавіку Ніна Юсько адзначыла свой векавы юбілей. З такой нагоды бабуля Ніна прымала віншаванні і падарункі ад імя раённага кіраўніцтва і сардэчна дзякавала за добрыя словы і ўвагу. А колькі тых цёплых віншавальных слоў пачула яна ад сваіх родных і блізкіх людзей! Дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі прагнулі абняць сваю любую матулю, бабульку і прабабульку.
Сто разоў падзякаваць ёй за шчырасць душы, за дабрыню сэрца і проста за тое, што яна ёсць на свеце.
Чарніцы мянялі на мёд
Ніна Юсько нарадзілася 19 сакавіка 1924 года ў вёсцы Вялікія Масушыны. Было ў сям’і чацвёра дзяцей, Ніна – старэйшая.
– Мы жылі пры панах, – дзеліцца ўспамінамі Ніна Іванаўна. – Недалёка жыў пан Андрушка. У яго пчолы былі. А нам, малым, так мёду хацелася. Пойдзем у лес, нарвём чарніц, нясём таму пану і просім, каб хоць трошкі нам за тыя чарніцы мёду даў. І, праўда, заўсёды пані выносіла нам мёд. А мы такія шчаслівыя, бяжым дадому і хвалімся маме з татам. Тата наш быў адукаваным чалавекам. Умеў чытаць, пісаць і хацеў, каб мы таксама вучыліся. Пайшлі мы ў польскую школу. Я добра вучылася, але праваслаўныя дзеці маглі вучыцца толькі чатыры гады. А далей ужо толькі каталікі. Настаўнік у нас быў вельмі добры. На наш Вялікдзень збіраў усіх праваслаўных дзяцей і сам вадзіў у Новы Двор у царкву. Чакаў, аж пакуль служба не скончыцца, а потым прыводзіў назад.

Нас выратаваў настаўнік
Ішоў час. Ніна падрасла і пайшла вучыцца на краўчыху ў Новы Двор. Вучыла яе гэтаму рамяству жонка мясцовага настаўніка.
І трэба сказаць, што навука тая ішла ў Ніны як па масле. Усяму навучылася за два гады. Дыплома, зразумела, не атрымала, але і без яго майстрыхай была на ўсё сяло. Толькі і паспявала шыць сукенкі, спадніцы, касцюмы. Мясцовыя прыгажуні з задавальненнем насілі абновы і дзякавалі дзяўчыне з залатымі рукамі. А потым вайна… Моладзь пачалі забіраць у Германію. Была ў тым чорным спісе і Ніна. Але солтыс неяк здолеў дамовіцца з немцамі, каб Ніну не забіралі, бо яна вельімі добрая краўчыха, адна на ўсю акругу.
– І, ведаеце, згадзіліся немцы, не забралі мяне, – працягвае распавядаць бабулька. – Вось так Бог мяне збавіў ад няволі. Пры немцах усяго хапала, нацярпеліся страху і здзекаў. А калі адступалі, мы вельмі баяліся, што вёску спаляць. Хаваліся ў лесе ў зямлянцы. З намі шмат людзей было, і жанчына адна з маленькім дзіцём. А муж яе не паспеў з намі ўцячы, і яго расстралялі. І нас усіх, хто ў той зямлянцы быў, таксама хацелі пастраляць, але сярод сялян быў адзін настаўнік, які умеў гаварыць па-нямецку. Ён пагаварыў з немцамі, і нас не пастралялі.
А ў мяне ўжо жаніх тады быў. Яму позва прыйшла, дык ён мне наказваў, каб чакала яго, каб за другога не ішла. Я і не збіралася, але загінуў ён у Польшчы. Пасватаўся да мяне ў 46-м другі хлопец – Аляксандр Юсько. Ён таксама ваяваў. Перамогу сустрэў у Чэхаславакіі. Ён там шыў адзенне для салдатаў. Добрым быў краўцом і, калі ўжо вайна скончылася, яму камандзір дазволіў узяць з сабою машынку “Зінгер”.

А час ляцеў
Ніна Іванаўна расказвае мне пра мужа, якім ён добрым быў чалавекам. Пражылі яны ў зго-дзе 32 гады. І ўжо сорак шэсць год мінула, як яна заўдавела. Уся працоўная біяграфія Ніны Іванаўны Юсько была звязана с сельскай гаспадаркай. У 1949 годдзе яна ўступіла ў калгас імя Чкалава Ханявіцкага сельсавета. Сорак гадоў адпрацавала паляводам і нават на пенсіі яшчэ дзесяць гадоў не расставалася з гаспадаркай. Выраслі дзеці, паразляталіся з роднай хаты. У бабулі Ніны шасцёра ўнукаў, дзесяць праўнукаў і два прапраўнукі. Вось з такім багаццем сустрэла яна свой стогадовы юбілей. Жыве зараз бабулька ў дачкі Ніны ў Свіслачы. Яна атулена ўвагай і клопатам, любоўю і пяшчотай, як і мае быць.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Юсько