banner

“Яе памяць стала маёй памяццю”

21 Августа’24
629
Вера Сняжыцкая, сівенькая бабулька ў белай хустачцы стаяла ля веснічкаў, апёршыся на кіёчак. Было такое адчуванне, што яна знарок чакала мяне і, як толькі пачула з якой нагоды я наведалася, гасцінна запрасіла ў хату. Я пераступіла парог і ўдыхнула такі прыемны, такі шчымлівы водар вёскі, які мне напомніў родную хату, маму з татам, дзяцінства. Сядаю на канапу разам з бабуляй Верай і з цікаўнасцю слухаю, слухаю...


Дзіця хацелі кінуць у калодзеж

– Дачушка, я не памятаю вайну, нарадзілася ў маі 1944-га, – пачала гаворку Вера Аляксандраўна, жыхарка вёскі Варонічы, – але расказаць пра яе магу шмат. Яшчэ да майго з’яўлення на свет, яна праклятая, магла зламаць мой будучы лёс, але Бог бяду адхіліў. Услухайся, я табе раскажу ўсё, што мне мая свякроў расказвала. Я гэтую сумную гісторыю так многа разоў ад яе чула, што, здаецца, сама там была, усё бачыла і чула. Свякрові ўжо няма на свеце, але яе памяць даўно стала маёй памяццю. І не толькі маёй, дзеці мае, унукі могуць расказаць пра тыя даўнія падзеі, нібы ўчора ўсё гэта здарылася…

І я табе паведаю ўсё так, як мне расказвала свякроў. Ад яе асобы. Кожнае слаўцо яе памятаю...

“За сувязь з партызанамі немцы вырашылі пакараць жыхароў вёскі, – так заўсёды пачынала свякроў, Яўгенія Васільеўна Сняжыцкая, свае горкія ўспаміны. – Аднойчы акружылі Варонічы, а вёсачка наша маленькая, што тут яе акружаць. Дык вось, пачалі з хатаў людзей выганяць, прыкладамі ў спіну білі, сабакі з павадкоў рваліся. Каб адпусціць каторую, то насмерць загрызлі б чалавека. Выгналі мяне з мужам, мужавага брата, бацьку майго і маці. А ў яе нагі не было – дзеравяшка замест нагі, дык і калеку не пашкадавалі. З другіх дамоў таксама павыганялі. Бабы крычалі, дзеці енчылі. Нас усіх сагналі больш за дзесяць чалавек, можа, дванаццаць ці трынаццаць. У асноўным род Паследніх і род Сняжыцкіх. Я ж таксама была Паследняй у дзяводстве. З мужам мы на той час няпоўныя два гады пражылі. Дзіцятка ў нас было маленькае, сыночак Сцяпанка. Я яго на руках трымала. Дык малы вельмі напалохаўся і стаў моцна крычаць, я яго не магла супакоіць. І тады немец адзін вырваў яго з маіх рук і панёс да калодзежа, каб кінуць туды. Божачка, як я галасіла, кінулася да таго немца, упала, за ногі яго ўчапілася, не пускаю, крычу – у небе чуць. Тады сваячка наша таксама стала прасіць немца, каб ёй дзіця аддалі, што яна будзе глядзець і карміць, бо і ў яе такое ж самае было. Немец лаяўся, нагой мяне адпіхаў, але потым згадзіўся аддаць. Перадалі майго хлопчыка на рукі сваячцы, а мяне прыкладам у спіну і пагналі праз усю вёску разам з тымі, каго выгналі з хатаў. Там машына стаяла, загадалі лезці, і мы палезлі. Ведаць не ведалі, куды нас вязуць. Але, не сумняваліся, што на расстрэл.

Апынуліся ў Ваўкавысскай турме, за кратами. У думках сваіх ужо развітваліся з жыццём. Я думала толькі аб сыночку сваім, як ён будзе расці круглай сіратою. Я ж яго яшчэ грудзьмі карміла тады. Малако ўсё прыбывала і прыбывала, грудзі балелі, не вытрываць. Я пачала сцэжваць малако на зямлю. І так доўгі час. Можа, з месяц нас там трымалі. Білі перыядычна, здзекваліся. Я зразумела, што дарогі назад не будзе, што сыночка свайго больш не ўбачу і перавязала грудзі, каб малако перагарэла. Немец адзін заўважыў гэта і запытаў, ці ў мяне ёсць “кіндэр”. Я сказала, што ёсць. І тады адбыўся цуд – ён мяне адпусціў дадому. Я развіталася з мужам, плакала вельмі, шкадавала яго. А ён казаў: “Не плач, Жэнечка, бяжы да дзіцяці, пакуль не перадумалі немцы”. І я пабегла. Трыццаць кіламетраў з Ваўкавыска ў Варонічы, не чуючы ног. Уляцела ў дом да той сваячкі, а мой Сцяпанка сядзіць на ложку. Убачыў мяне, заплакаў і ручкі цягне. Забрала я яго і панесла ў сваю пустую хату. Выплакала там усе слёзы, праклінаючы тых звяроў-фашыстаў. Адна засталася: ні бацькі, ні маці, ні мужа...

Потым адпусцілі немцы яшчэ адну дзяўчыну з Варонічаў – Аляксандру Паследнюю. Як ёй удалося ўпрасіць немцаў, я ніколі ў яе не пыталася. А забралі людзей на згубу, бо нехта выдаў, што мы дапамагалі партызанам. Розныя людзі былі, і здраднікі таксама. Чаго ўтойваць. Недзе ж побач жылі, можа, штодзень сустракаліся, размаўлялі, а потым пайшлі і даклалі немцам. Як пасля гэтага жыць маглі, піць і есці, прадаўшы сваіх вяскоўцаў, суседзяў? Як маглі глядзець у вочы іх дзецям, ведаючы, што на згубу бацькоў выдалі, на смерць? ”

Вырас і прыйшоў да мяне сватацца

– Так вось расказвала мне мая свякроў, а я табе, галубка мая, усё да рэштачкі расказала, – гаворыць бабуля Вера. – Пра ўсіх астатніх, каго з Варонічаў забралі, так нічога ніхто не ведае па сёння. – Пэўна, расстралялі ўсіх, можа, у канцлагер завезлі ды там замучылі. А маглі і ў газавых камерах задушыць, у печах спаліць. Нават магілкі няма, каб пакланіцца ды лампадку запаліць, кветкі пакласці. Адно засталося – за душы іх маліцца.

Свякроў мая адна свайго Сцяпанку гадавала. Цяжка ёй прыходзілася, але выжылі, дзякуй Богу. Вырас ён, стаў прыгожым хлопцам і аднойчы пасватаўся да мяне…

Вера Сцяпанаўна ўсміхаецца да сябе, пэўна, успомніліся ёй тыя даўнія дні, калі была маладой дзяўчынай на выданне, калі сустрэла сваё першае і адзінае каханне.

– Добры быў у мяне муж, – успамінае бабка Вера. – Любіў мяне, шкадаваў. Слова кепскага не чула ад яго ніколі. 31 год мы з ім пражылі ў згодзе. Як адзін дзень праляцелі тыя гады. Вось ужо 27-м, як няма яго на свеце. Толькі сніцца часам, і вочы ў яго сумныя… А свякроў з намі жыла, я яе да смерці даглядала. Добрай была жанчынай, я яе, як маму, любіла. 93 гады пражыла на свеце, Усё ўспамінала, успамінала пра вайну…

“Мой тата дайшоў да Берліна”

Бабулька краем хустачкі выцірае набегшыя слёзы і працягвае:

– Я хачу яшчэ вярнуцца ў ваенны час, бо не ўсё важнае расказала. Мае тата з мамаю пабраліся вайною, і я нарадзілася 10 мая 1944 года. За няпоўных тры месяца да вызвалення і за год да Перамогі. Я, вядома, не памятаю, як тата насіў мяне на руках, і як мама развітвался з ім, калі ў канцы ліпеня пайшоў на фронт. Мама расказвала, што лісты прысылаў, што ў кожным распытваў, як я расту, ці ўсе здаровыя? Гнаў ён разам з нашымі воінамі таго праклятага Гітлера з яго фашысцкай зграяй аж да паганага іх логава. І загналі! І перамаглі!

Тата паранены быў у ногі, доўга ў шпіталі ляжаў, але вярнуўся дадому, хоць і інвалідам. Я, пэўна ж, не памятаю нашу з ім сустрэчу, ды вельмі ярка ўяўляю яе. Мама расказвала, што ён моцна абняў яе, падхапіў мяне на рукі падкінуў да столі. А я смяялася на ўсю хату, бо гэта ж тата вярнуўся! Яшчэ не ўсведамляла ўсю радасць падзеі, але па-дзіцячаму цешылася.

Дайшоў да самага Берліна мой тата. Меў шмат узнагарод, у тым ліку ордэн Айчыннай вайны, медалі “За отвагу”,”За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941 – 1945 гг.” і мноства юбілейных медалёў, у тым ліку і медаль “Ветэран працы”. Пакуль мацнейшы быў і мог хадзіць, кожны год на свята Перамогі апранаў пінжак са сваімі ўзнагародамі, ішоў, і яны пазвоньвалі яму ў такт. Мы, дзеці, ганарыліся татам, унукі – дзедам. Усе яго ордэны-медалі беражна захоўваюцца. Мой зяць рамку зрабіў прыгожую, і дзедавы медалі ўсе ў той рамцы. Унучка на сцяну павесіла.

Пасля мяне ў таты з мамай яшчэ трое дзетак нарадзіліся – брат і дзве сястры. Мама рана памерла, а тата пятнаццаць гадоў у мяне жыў, і ўжо адзінаццаць мінула, як няма яго на свеце.

Бабуля Вера дастае альбом з фотаздымкамі. Мы пераглядваем іх. У асноўным гэта аматарскія здымкі дзяцей, унукаў. І чорна-белыя, і каляровыя, і вялікія, і маленькія. Бабуля ўглядваецца ў кожны твар, усміхаецца да сябе. Ёй прыемна глядзець на іх, успамінаць былыя гады, вяртацца ў маладосць, калі муж быў побач, дачушка Людачка падрастала. Зараз Людміла жыве ў Ваўкавыску, у яе дачка Алена. Унучка падарыла бубулі двух праўнукаў – Ягорку і Яўхімку. Вось у бабкі Веры радасць, калі малыя прыязджаюць у госці! Такія гульні-скокі ўладкоўваюць, што прабабуля і сама гатова паскакаць з імі. Шкада, што здароўе не дазваляе, гады не тыя.

Шмат гадоў Вера Аляксандраўна працавала ў паляводстве саўгаса “Поразаўскі”. У той жа гаспадарцы шчыраваў і муж – быў трактарыстам. Ніякай працы не цураліся і дома гаспадарку дзяржалі. У свае 80 гадоў бабулька і сёння не сядзіць без справы. Сама даглядае агарод, хоць зараз ён і невялікі. Пад акном у яе цвітуць кветкі розных колераў. За спіною восем дзесяцігоддзяў засталося, але след на тым шляху пакінуты добры.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара і з архіва сям’і Сняжыцкіх

Предыдущая статья

Банкуха – сімвалічны Поразаўскі пірог
Похожие новости