Банкуха – сімвалічны Поразаўскі пірог

21 Августа’24
1069

Пра пірог банкуху ходзяць розныя спрэчкі, бо дакладна ніхто не можа сказаць, адкуль яна паходзіць. Па адной з версій рэцэпт гэтага ўнікальнага пірага прывезла калісь з Вільна ў Поразава настаўніца Магдалена Паплаўская. Па другой, што яго захавала мясцовая жыхарка Пелагея Казюк, якая прыслугоўвала панам у Варшаве і не раз назірала, як пячэцца гэты цуда-пірог. Па трэцяй жа  версіі, передаваўся ён з пакалення ў пакаленне, дзякуючы Вользе Агеец, якая працавала ў маёнтку Багудзенкі, гаспадарамі якога былі Бутаўт-Анджэйкевічы.


Сёння ўжо наўрад ці здолее хто адказаць праўдзіва на гэтае пытанне. Ды і навошта? Ці важна, адкуль тыя карані? Галоўнае, што банкуха, скуль бы не прыйшла, укаранілася раз і назаўсёды ў нашым раёне, а дакладней на поразаўскай зямлі.

Ужо шмат гадоў ні адно вяселле не спраўляецца без гэтага незвычайнага, прыгожага і на дзіва смачнага пірага, які, дарэчы, не чарсцвее больш як паўгода. Ён наогул лічыцца вясельным. Я ўсё спрабавала здагадацца – чаму? І нарэшце знайшла для сябе адказ. Па-перашае, гэты пірог не здолее спячы ў адзіночку ні адна нават самая дасціпная і таленавітая гаспадыня. Яго трэба пячы ўдваёх. А двое – гэта ўжо пара. Па-другое, – пірог наразаецца кольцамі. Маладыя таксама абменьваюцца заручальнымі пярсцёнкамі. Другая справа, што на пальцах яны гладзенькія і бліскучыя, а на пірагу бугрыстыя і падпечаныя. Ну а жыццё, хоць у каго бывае гладкім, без “бугроў” і “падпёкаў”? А тое, што салодкі ён і смачны, дык гэта як пажаданне маладым, каб было ў іх жыцці як мага больш салодкіх момантаў, каб слодыч кахання згладжвала ўсе бугры і каб ніколі не ачарствелі сэрцы мужа і жонкі. Такая вось філасофія нарадзілася ў мяне наконт банкухі. Можа, хто і пагодзіцца са мной?

А пірог гэта сапраўды неверагодны. Ён выпякаецца тут з трыццатых гадоў мінулага стагоддзя і з тых пор захоўваецца, як вялікая каштоўнасць.   

Рэцэпт патрабуе шмат часу і цярпення. Усімі тонкасцямі стварэння гэтага ўнікальнага пірага валодаюць жыхаркі Поразава Алена Козюк і Ганна Шалкевіч. Іх працу можна толькі падзіўляць. Гэта ж адных толькі яек патрабуецца ажно 60 штук. Пры тым, што кожны жаўток дадаецца ў цеста па чарзе, а не ўсе зараз. Бялкі ўзбіваюцца ў моцную пену. Цеста доўга вымешваецца, у якое акрамя яек, патрэбна дадаваць па кілаграму вяршковага масла, цукровай пудры, смятаны, мукі. Ужо гатовае цеста наліваюць на драўляны валік, і яно запякаецца каля адкрытага жару ў печы. Адна гаспадыня ўвесь час круціць валік, а другая палівае яго цестам. Таму і атрымоўваюцца  такія няроўнасці. Пірог выпякаецца больш як тры гадзіны. Потым яшчэ патрэбен час, каб вельмі асцярожна зняць цуда-пірог з валка, даць яму астыць, ды не проста так, а на мяккай подушцы, каб ні адзін бугорчык не паламаўся, бо тады банкуха будзе “параненай” і выглядаць не так прыгожа.

Сённяшнім часам усе сакрэты прыгатавання Алена Козюк перадала дачушцы Алене Андрушка. У апошні час матуля нядобра сябе адчувае, падводзіць здароўе ды і гады таксама сілы не прыбаўляюць. Ёй ужо цяжка стала гатаваць цеста, доўга стаяць ля печы.  Усе тонкасці дачка пераняла ад маці, як некалі тая ад сваёй свякроўкі. Гэта значыць, што банкуха будзе  далей прыгожваць вяселлі, і яе цудоўны і непаўторны смак будзе падзіўляць яшчэ не адно пакаленне поразаўцаў, і не толькі.  

Поразаўская банкуха ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь пад назвай “Традыцыя прыгатавання “Поразаўскай банкухі ў г.п. Поразава Свіслацкага раёнана Гродзенскай вобласці”. І на свяце “Бацькава  булка”, яна ўжо трэці год будзе займаць дастойнае месца.



Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота з архіва А. Андрушка   

Предыдущая статья

В Минприроды рассказали о сроках подготовки пятого издания Красной книги Беларуси