Ужо шосты раз аграгарадок Ханявічы збіраў гасцей на свята квашаных бліноў. Калі напачатку водар ад гэтых блінцоў разносіўся па ўсёй вёсцы, то сёння пра такое смачнае свята ведаюць не толькі ў раёне, але ў вобласці і нават у рэспубліцы. Як калісьці зяці збіраліся на бліны да цешчы, так сёння з усіх куточкаў спяшаюцца аматары пакаштаваць ханявіцкіх бліноў. Чаму? Бо такіх больш няма нідзе, а толькі тут! Рэцэпт квашаных бліноў захоўваецца тут не гадамі, а стагоддзямі і перадаецца з пакалення ў пакаленне.
У чым сакрэт? А гэта… сакрэт! Усе ханявіцкія гаспадынькі, зразумела, гэтым сакрэтам валодаюць, але нікому не расказваюць. І вось – дзіва. Бліны гатуюцца па адным рэцэпце, дадаюцца адны і тыя ж інгрыдыенты, а смак розны. Гэта не значыць, што ў адной гаспадынькі яны смачныя, а ў другой не вельмі. Зусім не так! Проста ў кожнай ёсць нейкая свая “разыначка”, якая робіць смак па-свойму непаўторным. Як растлумачыць гэты феномен, невядома. Ды, я думаю, і не варта. Галоўнае, што ў аграгарадку Ханявічы работнікі культуры вырашылі аднойчы надаць квашаным блінам вось такую значнасць, вярнуць з былога старадаўні рэцэпт і даць яму новы каларыт, новыя фарбы. І гэта таленавітым майстрам сцэны ўдалося. Сёння пра ханявіцкія квашаныя бліны ведаюць усе!
І вось новае свята. На вуліцы каля ўстановы культуры сабраліся не толькі жыхары Ханявічаў, але і другіх вёсак, а таксама з другіх раёнаў і нават абласцей. Гучыць вясёлая музыка, для дзяцей працуюць атракцыёны, запрашае фотавыстава “Ханявіцкія бліночкі”, якая адлюстроўвае самыя запамінальныя фотамоманты былых святаў. Усё настройвае на святочны, добры настрой.
Старшыня Ханявіцкага сельскага Савета Браніслаў Дзічкоўскі шчыра вітае ўсіх прысутных, а вядучыя Алена Пісар і Алена Канюк прадстаўляюць шаноўных гасцей. А гэта старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка, загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Гутар, дырэктар Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзмітрый Салдаценкаў. Гасцям было прапанавана стаць стаць членамі журы.
Гасцінна адкрываюцца дзверы ў “Блінную карчомку”. Вось дзе было на што паглядзець! За сталамі, устаўленымі неверагоднымі смакоццямі, сядзелі аўтары гэтых дзівосных вырабаў. Галоўным блюдам у цэнтры кожнага стала, вядома ж – квашаныя бліны. З калбасой, мясам, шкварачкамі, з грыбамі. А акрамя таго – бліны і аладкі з рознымі начынкамі, пірагі, торты, піражкі і шмат іншых вырабаў з мукі. Членам журы выпала прыемная аказія паспрабаваць усіх гэтых прысмакаў і вызначыць лепшыя з лепшых. Гаспадынькі вельмі стараліся здзівіць сваім уменнем выпякаць мучныя цуды, і гэта ім удалося. Дарэчы, быў і адзін гаспадар – Анатоль Пісар. У яго былі вельмі адмысловыя блінцы. Усім спадабаліся. Прыемна адзначыць, што ў гэтым блінным конкурсе ўдзельнічалі не толькі дарослыя, вопытныя майстрыхі, але і дзеці, удзельнікі фальклёрнага дзіцячага аматарскага аб’яднання “Жывая крынічка”. Яны з задавальненнем дапамагаюць дома матулям гатаваць такія смакоцці і кожны год удзельнічаюць у конкурсе “Блінная карчомка”. Вось ужо каторы год прыязджаюць сюды гаспадынькі з іншых вёсак: Падчарнеек, Новага Двара, Вялікага Сяла, Корнадзі. Ах, які ў той карчме стаяў водар!
Дэгустацыя скончылачся, і ўсе госці пайшлі ў глядзельную залу, дзе і адбылася галоўная падзея свята. З прывітальным словам звярнуўся да прысутных Віктар Суботка.
– Прыемна, што ў нашым раёне сталі ўжо традыцыйнымі святы, якія звязаны з той ці іншай мясцовасцямі, – адзначыў Віктар Аляксеевіч. – Іх мэта – аб’яднанне людзей па тых ці іншых інтарэсах. Гэта прыемныя сустрэчы, вяртанне ў мінулае. Вельмі прыемна, што вы захоўваеце традыцыі мінулага, перадаеце сакрэты з пакалення ў пакаленне, захоўваеце сваё культурнае, гістарычнае наследдзе. Сёлета мерапрыемства праходзіць у год 80-годдзя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта нагода яшчэ раз шчыра падзякаваць тым, дзякуючы каму мы сёння можам жыць, радавацца сонечным дням, святкаваць.
Віктар Суботка пажадаў усім добрага настрою і прыемных хвілін адпачынку.
На сцэну падымаюцца гаспадынькі, якіх чакае конкурс “З пылу, з жару”. А гэта Тамара Коздрынь, Аксана Дзінгілеўская, Ірына Сушко, Алена Кудлаш і Таццяна Патоцкая. Пакуль блінапёкі рыхтуюцца вынесці на суд журы свае смачныя бліны, на сцэне гучаць песні. Іх дораць гледачам артысты народнага калектыву “Сузор’е” са Свіслачы, а таксама салісты Тамара Лявіцкая, Віталь Аніська.
І вось гаспадынькі ўваходзяць у залу са сваімі бліннымі шэдэўрамі. Ізноў у журы нялёгкая задача – вызначыць лепшую з лепшых. І гэта ім… не ўдаецца. У выніку ўсе ўдзельніцы конкурсу атрымліваюць дыпломы пераможцаў і падарункі. А адна з іх – Алена Кудлаш –аказалася не толькі спраўнай гаспадынькай, але і артысткай, якіх пашукаць. Да таго ж спявала не толькі адна, але і з унучкай Валерыяй.
Падарункі атрымалі і ўсе гаспадынькі з “Бліннай карчомкі”. А гэта Наталля Кастрова (Падчарнейкі), Зоя Ярмолік, Алена Даськова, Валянціна Шэйка, Любоў Фунт, Анатоль Пісар, Наталля Фунт, а таксама госці з Новага Двара, Корнадзі, Вялікага Сяла, дзяўчаткі аматарскага аб’яднання “Жывая крынічка”. Самыя шчырыя падзякі былі адрасаваны ўсім самавітым гаспадынькам ад членаў журы.
Старшыня Ханявіцкага сельскага Савета Браніслаў Дзічкоўскі выказаў падзяку арганізатарам свята Алене Пісар і Алене Канюк за падораную радасць, за высокі ўзровень падрыхтоўкі мерапрыемства. Словы ўдзячнасці былі адрасаваны і работніку мясцовай бібліятэкі Ганне Юсько, якая іграла ролю Бліна, а таксама дзеткам-бліночкам.
Свята ўдалося. Ніхто не застаўся абыякавым.
Святлана Мартыновіч, аг. Вялікае Сяло:
– Гэта свята – успамін аб нашым мінулым. Асабліва гэта важна для дзяцей, для маладых людзей, якія павінны памятаць і захоўваць добрыя традыцыі. Я вельмі ўдзячна арганізатарам свята. Мы ўжо чацвёрты раз прыязджаем сюды са сваімі блінамі. Яны не квашаныя, а бульбяныя, якія ў нашай мясцовасці выпякаюцца па даўнейшым рэцэптам, што захаваліся ад матуль і бабуль.
Мілана Ярмолік, аг. Ханявічы:
– Я ўжо трэці раз удзельнічаю ў гэтым свяце і прыношу свае бліны. Спачатку мне мама дапамагала, а зараз я ўжо і сама ўмею спячы такія блінцы. Мы ніколі не мянялі рэцэпт, ён нам дастаўся яшчэ ад прабабуляў. Мне вельмі падабаецца гэтае свята, я з задавальненнем удзельнічаю ў ім. І мае сяброўкі з фальклорнага аб’яднання “Жывая крынічка” таксама ахвотна ўдзльнічаюць, і не толькі ў гэтым свяце, а і ў іншых. Мы і песні спяваем, і дапамагаем арганізатарам рыхтавацца да ўсіх мерапрыемстаў.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара