banner

“Ці ведаеце вы Свіслаччыну?”

13 Июля’20
1429


Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Свіслацкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства” сумесна з рэдакцыяй раённай газеты ў рамках Года малой радзімы запускае тэматычную віктарыну “Ці ведаеце вы Свіслаччыну?”. Вашай увазе будуць прадстаўлены 15 пытанняў, якія датычацца гісторыі і культуры Свіслацкага краю.

Пытанне 1. У якім годзе Свіслач упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе?

Пытанне 2. Прадстаўнік буйнога магнацкага роду, сенатар Вялікага кня-ства Літоўскага, заснаваў на Свіслаччыне прафесійны тэатр, які складаўся ў асноўным з прыгонных сялян. Назавіце асобу.

Пытанне 3. Пабудавана з дрэва ў год адмены прыгоннага права на тэрыто-рыі Расійскай імперыі. Яе адметнай асаблі-васцю з’яўляюцца іконы з ручнікамі, якія вісяць на сценах. Аб якім помніку драўлянага дойлідства ідзе гаворка?

Пытанне 4. У якім стагоддзі Свіслач атрымала статус мястэчка, Поразава – магдэбургскае права?

Пытанне 5. Аб кім ідзе гаворка? Выпускнік гімназіі ў Свіслачы, прымаў актыўны ўдзел у Крымскай вайне. Узначальваў Кобрынскі паўстанцкі атрад падчас паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Яго вобраз Эліза Ажэшка ўвекавечыла ў серыі навел “Слава пераможаным”.

Пытанне 6. Да абласных “Дажынак”, якія прайшлі на Свіслаччыне ў 2017 годзе, быў адноўлены шпіль на гарадской плошчы. А які тэкст змешчаны на памятнай таблічцы дадзенага помніка архітэктуры?

Пытанне 7. Назавіце дакладную гістарычную дату (дзень, месяц, год), калі быў утвораны Свіслацкі раён з цэнтрам ў мястэчку Свіслач?

Пытанне 8. Уражэнец вёскі Несцеравічы Свіслацкай воласці. Спрабаваў атрымаць эканамічную адукацыю ў Харбіне, але воляй лёсу стаў выступаць на лепшых творчых пляцоўках Еўропы і Амерыкі. На яго магіле выбіты на-ступныя словы “Жыў песняй і песняй даваў радасць людзям”. Аб кім ідзе гаворка?

Пытанне 9. Яна стваралася, пачынаючы прыкладна з канца XVIII ст., у значнай ступені была перабудавана ў сярэдзіне ХIХ ст. Уяўленне аб доме, які з’яўляўся часткай яе, дае адзін з фотаздымкаў 1914 года. На сённяшні дзень ад яе засталіся нязначныя фрагменты парка і частка гаспадарчых пабудоў сядзібнага дома. Што гэта? Дзе яна размяшчалася?

Пытанне 10. У якім годзе быў адкрыты помнік на брацкай магіле воінаў-вызваліцеляў у цэнтры гарадскога пасёлка Свіслач?

Пытанне 11. Аб кім ідзе гаворка? Уражэнец п. Васільсурск Ніжагародскай вобласці. Быў рабочым на сплаве лесу, працаваў у крымінальным вышуку, прафсаюзных органах. У гады вайны камандаваў 217-ай стралковай дывізіяй. Загінуў пры вызваленні Свіслачы.

Пытанне 12. Ён быў адкрыты ў 45-ую гадавіну вызвалення Свіслачы ад нямецка-фашысцкіх акупантаў 16 ліпеня 1989 года. Галоўным яго элементам з’яўляецца адзін з сімвалаў нашага горада, якім мы вельмі ганарымся. Што гэта? Дзе ён размешчаны?

Пытанне 13. Назавіце дакладную гістарычную дату (дзень, месяц, год), калі г.п. Свіслач атрымаў статус горада раённага падпарадкавання?

Пытанне 14. Гісторыя раёна непарыўна звязана са “Свіслацкай газетай”. Пералічыце галоўных рэдактараў раёнкі, пачынаючы з 1943 па 2020 гады.

Пытанне 15. Дадзеную ўстанову сапраўды можна назваць спартыўнай “кузняй” талентаў, бо менавіта тут рабілі свае першыя крокі праслаўленыя спартсмены Аляксандр Саўко, Яніна Карольчык, Аляксандр Гуштын і інш. Аб чым ідзе гаворка? Калі яна была адкрыта?

Свае адказы да 18 ліпеня ўключна вы можаце дасылаць ў рэдакцыю газеты па электроннай пошце svisgaz@tut.by,  а таксама на адрас 231969, г. Свіслач, вул. Камсамольская, 12 з паметкай “Віктарына”.

Пры адказе абавязкова ўкажыце свае кантактныя дадзеныя (прозвішча, імя, імя па бацьку, месца вучобы ці працы, тэлефон па якім з вамі можна будзе звязацца). Пераможцы віктарыны атрымаюць спецыяльныя прызы ад Свіслацкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства.

Предыдущая статья

На планерке у председателя райисполкома: госзаказ по вторсырью надо выполнить