banner

Таленавітая ад прыроды

21 Января’20
1540
Сапраўдная зорачка Корнадзьскага ДС БШ, адораная і таленавітая дзяўчынка Дзіяна Навошчык з’яўляецца самай актыўнай удзельніцай розных мерапрыемстваў: і спартыўных, і творчых, і навуковых…



І калі яна толькі ўсё паспявае! Дзіяна наведвае ўсе гурткі па інтарэсах, якія дзейнічаюць у школе, спартыўныя секцыі, займаецца валанцёрскай дзейнасцю і даследчай і вучыцца амаль на “выдатна”. Настаўнікі ў адзін голас кажуць: “Ад прыроды яна такая таленавітая ва ўсім”. 

Сваю будучыню дзяўчынка марыць звязаць з творчасцю, увасобіць у жыццё ідэі і задумкі. А пакуль яна ўбірае ў сябе неабходныя веды, уменні і навыкі, якія спатрэбяцца ёй у дарослым жыцці.

Калі гаварыць пра дасягненні Дзіяны, дык гэты спіс будзе вельмі доўгім. Аднак адзначым найбольш значныя з іх. Напрыклад, у верасні васьмікласніца прыняла ўдзел у рэспубліканскім дзіцяча-юнацкім форуме “Скарынаўскія дні ў Полацку”, дзе ў конкурсе “Спадчына праз стагоддзі” яе відэаролік заняў ганаровае першае месца. Дыплом ІІ ступені яна атрымала ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”. Ужо каторы год намаганні дзяўчынкі адзначаюцца дыпломамі розных ступеняў за ўдзел у алімпіядзе па працоўнаму навучанню. Так, і ў снежні яна стала пераможцай раённага этапа.

За дасягнутыя вынікі ў вучобе Дзіяна ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” па падтрымцы адоранай моладзі Прынёманскага краю, атрымаць якую могуць толькі самыя таленавітыя і паспяховыя вучні і студэнты. Гэта вельмі высокая адзнака дзейнасці школьніцы. 

Таксама ў гэтым навучальным годзе яна паспрабавала сябе і ў рэспубліканскім конкурсе “Я ў свеце творчасці”. Дыпломам ІІ ступені адзначана праца дзяўчынкі на раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Крок у будучыню” ў секцыі “Беларуская мова і літаратура”, дзе яна даследавала тэму “Зварот да малочнай ежы беларусаў на старонках нацыянальнай літаратуры”. Актыўна васьмікласніца ўдзельнічае ў розных спартыўных спаборніцтвах, турыстычных паходах. Яшчэ яна велі добра вышывае і нават тчэ паясы. Любоў да рукадзелля пастаянна падтрымліваюць педагогі на гуртках, якія наведвае дзяўчынка. 

Калі запытацца ў каго з настаўнікаў, што ў Дзіяны атрымліваецца лепей, адказ будзе адзін – усё, бо яна схільная і да мастацтва, і да спорту, і да навукі… Вучаніца заўсёды рухаецца наперад, бо рух – гэта яе жыццё.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ  
Фота аўтара

Предыдущая статья

Умеют организовать службу