banner

3 ліпеня Свіслач разам з усім беларускім народам адзначае галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (+відэа)

03 Июля’21
3456

Гэты дзень для кожнага з нас – сімвал гераічнага мінулага і светлай будучыні, пераемнасці пакаленняў, свята духоўнага яднання нацыі і народнага адзінства. Сімвалічна, што 3 ліпеня – гэта і дата вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: менавіта Вялікай Перамозе мы абавязаны тым, што па сёння застаёмся вольнымі, свабоднымі і незалежнымі.

Дзень Рэспублікі распачаўся ў райцэнтры каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан урачыстым мітынгам “Нязгасная памяць пакаленняў”, прысвечаным 77-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.




З прывітальным словам да свіслачан і гасцей горада звярнуўся старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі:


Ад сябе асабіста, ад імя заканадаўчай і выканаўчай улад я ад усёй душы віншую вас з адным з самых галоўных свят нашай краіны – з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, – адзначыў Аляксандр Людвігавіч. – На бытавым узроўні кожны з нас марыць аб сваім асабістым жыллі, аб сваёй кватэры, аб сваім доме і хоча самастойна вызначаць уклад гэтага жылля, будаваць свой быт. Кожны з нас шчаслівы атрымоўваць добрыя парады ад добразычлівых суседзяў, бацькоў, братоў і сясцёр. Але кожны з нас кіруецца, напэўна, самым галоўным пачуццём у гэтай сітуацыі – самастойнасцю ў прыняцці рашэнняў, як табе жыць, як выхоўваць сваіх дзяцей, як будаваць сваю сям’ю. Гарманічна гэта можна рабіць толькі тады, калі ты самастойны ў прыняцці гэтых рашэнняў. Тое ж самае характэрна і для народаў, тое ж самае характэрна і для дзяржавы. Не адно пакаленне беларусаў марыла жыць у сваім доме, будаваць сваё жыццё так, як ім хочацца, так, як ім бачыцца. Але марыць – гэта адно, а рабіць – гэта другое. У свеце існуе мноства народаў вялікіх і народнасцей невялічкіх. І толькі крыху больш за дзве сотні дзяржаў нанесены на палітычную карту свету, з’яўляюцца самастойнымі і незалежнымі. Незалежнасць – яна не даецца проста так. Незалежнасць – яна заваёўваецца, і, безумоўна, незалежнасць нашай краіны стала вынікам таго вельмі вялікага кошту, які заплацілі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта яны сваімі дзеяннямі змаглі зламаць хрыбет фашызму. Менавіта яны змаглі парушыць тыя жудасныя планы фашысцкай ідэалогіі ў дачыненні да славян, да беларусаў. Сямідзесяці адсоткам беларусаў было наканавана быць фізічна знішчанымі, 15-ці адсоткам – быць вывезенымі ў Германію, астаўшымся 15-ці – быць анямечанымі і працаваць тут на немца.

Я нізка схіляю галаву перад пакаленнем тых людзей, якіх мы завем ветэранамі працы. У тых вельмі складаных умовах яны змаглі аднавіць за вельмі кароткі час гаспадарку нашай краіны. Ведаеце, час ідзе, але ідэі, на вялікі жаль, тыя вось ідэі, пра якія я казаў, яны таксама жывуць. І ёсць жадаючыя навязаць Рэспубліцы Беларусь новы парадак – можа, метады крыху змяніліся, як яны лічаць, сталі больш гуманнымі, – але захады гэтыя ў дачыненні да Беларусі, на жаль, працягваюцца і сёння.

Я яшчэ раз вам кажу вялікі дзякуй, вам, прадстаўнікі сілавога блока, вам, шаноўныя землякі, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі, культуры, адукацыі, спорту, турызму і іншых галін, за тое, што ў няпросты для рэспублікі час – жнівень 2020 года, наогул 2020 год – мы не далі ні аднаго шансу адбыцца фашысцкаму рэваншу тут, у нас з вамі, на тэрыторыі Свіслаччыны і ў Рэспубліцы Беларусь. Я вам удзячны за тое, што цаглінка за цаглінкай мы робім уклад у справу пабудовы самастойнай і незалежнай краіны – сваімі дзеяннямі і сваімі вынікамі. Мне вельмі прыемна, стоячы перад вамі, сказаць, што сельская гаспадарка, якая складае аснову эканомікі раёна на сённяшні дзень, другі год запар дэманструе самыя высокія тэмпы росту сярод усіх раёнаў нашай з вамі Гродзенскай вобласці. Мне вельмі прыемна адзначыць, што такія людзі, як Людміла Анатольеўна Пабудзей, рашэннем абласнога выканаўчага камітэта заносяцца на Дошку гонару. Мне вельмі прыемна, што наша раённая бібліятэка становіцца пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. Параўнальна невялічкі раён з невялікай колькасцю пражываючых можа выхоўваць за год каля двух дзясяткаў дзяцей, якія ўзнагароджваюцца прэміяй спецфонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І вось такія вось перамогі робяць нас з вамі мацнейшымі. Яны дазваляюць Беларусі быць незалежнай і самастойнай.

Хачу сказаць кіраўніцтву вобласці вялікі дзякуй за тое, што лёсам у свой час мне было наканавана прыехаць сюды да вас. Я працаваў шмат дзе, але такога балансу патрабавальнасці да дзяржавы і адказнасці перад дзяржавай, можа, я не заўважаў, але мне здаецца, што я яго і не бачыў, як я бачу гэта тут. Вялікі вам за гэта дзякуй. Віншую вас з Днём Незалежнасці, і хай над нашай рэспублікай заўсёды будзе мірнае неба! Са святам вас!




Якраз у гэты момант, заўважылі свіслачане, над плошчай мірна лунаў бусел – сімвал беларускай зямлі. Добры знак!

Павіншавала землякоў з Днём Рэспублікі дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, галоўная медыцынская сястра Свіслацкай цэнтральнай раённай бальніцы Іна Седляр.





У адным сумным успаміне сустрэліся думкі прысутных падчас аб’яўленай хвіліны маўчання. Гэта, як кранальна сказала вядучая Ірына Гутар, – даніна народная тым, хто палажыў сваё жыццё на алтар Вялікай Перамогі. З пачуццём удзячнасці і светлага суму ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі і вянкі на сагрэтыя сонцам пліты брацкай магілы.









 

Прадоўжылася ўрачыстасць далучэннем усіх прысутных да Усебеларускай рэспубліканскай акцыі “Праспяваем гімн разам!”.




Наталля ТУРКО

Фота Таццяны КАВАЛЬЧУК

Відэа Галіны КАРПАВАЙ

Предыдущая статья

Всебелорусская молитва «За Беларусь!»