Жыццё прысвяціла культуры. Разалія Ношчык аддала сферы культуры сорак гадоў

23 Августа’25
581


Я памятаю Разалію Браніславаўну Ношчык з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Заўсёды з прыгожай прычоскай, усмешлівая, прывабная. Ніколі не чула, каб яна павышала голас ці была чым-небудзь незадаволена. Вельмі спакойная, памяркоўная, не любіла шмат гаварыць, тым больш хваліцца сваімі дасягненнямі. А хваліцца, зрэшты, было чым.

Слава грымела на ўвесь раён

Разалія Ношчык аддала сферы культуры сорак гадоў. Пачынала ў Студзеніцкай хаце-чытальні, якая размяшчалася тады ў вясковай хаце. Гаспадары выдзелілі адзін пакой для такой справы. Вось там і збіралася вечарамі моладзь. У чытальні было ўсяго сем кніг, але пачытаць іх было шмат жадаючых. Прыходзілі і проста пасядзець, пагутарыць, пагуляць у шашкі, шахматы. 

Пазней працавала ў бібліятэках вёсак Лаўрынавічы, Шурычы. Кніг ужо было больш і чытачоў таксама. А калі ў Сакольніках адкрылі сельскі Дом культуры, Разаліі прапанавалі ўзначаліць яго. Вось тут было дзе развярнуцца ёй, маладой і дасціпнай. Разам з Разаліяй працавала не менш таленавітая Таісія Чыжык. Яна была мастацкім кіраўніком і правай рукой дырэктара. У Доме культуры дзейнічалі музычны ансамбль, хор з 45 ўдзельнікамі. Слава пра Сакольнікскі СДК грымела на ўвесь раён, ды і ў вобласці ён быў добра вядомы. У той час старшынёй калгаса “Сакольнікі” быў Аляксандр Пічкоўскі. Ён быў зацікаўлены ў тым, каб культура на сяле развівалася, каб моладзь не пакідала вёску. Дзякуючы яму былі закуплены музычныя інструменты і касцюмы для ансамбля, для хора таксама мелася прыгожае адзенне. Кіраўнік гаспадаркі сам быў удзельнікам хору. На рэпетыцыі прыходзілі спецыялісты калгаса, настаўнікі, уся вясковая інтэлігенцыя, шмат моладзі. Праводзілася ў Доме культуры многа цікавых мерапрыемстваў. А канцэртаў хор даваў часам па пятнаццаць у месяц! Былі мужчынская і жаночая вакальныя групы, салісты. Адна толькі Таісія Чыжык сваім голасам магла зачараваць сотні слухачоў. 

На вечары адпачынку ў Сакольнікі прыязджалі хлопцы і дзяўчаты з усіх вакольных вёсак, нават са Свіслачы.  У 1987 годзе партрэт Разаліі Ношчык быў змешчаны на раённую Дошку гонару. 



Адчувае сябе шчаслівай

Там, у Доме культуры, сустрэла Разалія і свайго нарачонага Івана. Ён на той час быў кінамеханікам. Хутка пажаніліся. Разалія нарадзіла мужу траіх дзяцей. Пражылі разам амаль паўвека. Доўгі час працаваў вадзіцелем у калгасе. І вось ужо чатырнаццаць гадоў мінула, як Разалія Браніславаўна аўдавела. Жыве па-ранейшаму ў Сакольніках і ў свае 87 яшчэ вельмі бадзёрая. Увесь падворак зіхаціць кветкамі, у хаце прыгожа і ўтульна. Вельмі часта наведваюць дзеці, унукі. Клапоцяцца пра любую матулю і бабулю. 

Старэйшы сын Алег жыве пад Гродна, выгадаваў дваіх дзяцей, мае трох унукаў. Дачка Марына – у Маладзечна. Яна працуе старэйшай медсястрой у дзіцячай паліклініцы, мае дачку. А малодшая Алена займае вельмі адказную пасаду. Яна – галоўны ўрач санаторыя “Ружанскі”. 



У Разаліі Браніславаўны чацвёра ўнукаў і пяць праўнукаў. Яны яе шчасце і радасць, яе надзея і гонар. А з якой цеплынёй яна гаворыць пра зяцёў Генадзя і Аляксея, пра нявестку Жанну! Нячаста пачуеш ад цешчы і свякрухі такія словы. А для Разаліі Браніславаўны ўсе трое – родныя, дарагія людзі. Яна сама гаворыць:

– Калі да іх добра, то і яны будуць да цябе добрымі. Я да іх з павагаю – і яны да мяне таксама. Дочкам маім пашанцавала з мужамі, сыну – з жонкай. Я лічу сябе шчаслівай маці, шчаслівай бабуляй. Самотнай сябе не адчуваю, дзеці прыязджаюць, часта звоняць. Ды і суседзі прыходзяць пагутарыць, навіны абмеркаваць, пагаварыць “за жыццё”. Чытаю Слова Божае, дзякую Яму за кожны пражыты дзень, за дзяцей, за ўнукаў малюся. Так вось і жыву.

Я глядзела на Разалію Браніславаўну, і цяжка было паверыць, што гэтай мілай жанчыне ўжо без нечага дзевяноста гадоў. Валасы пасівелі, так, але ў вачах усё той жа агеньчык, і на вуснах такая ж прывабная ўсмешка. Жывіце доўга, Разалія Браніславаўна, і няхай кожны дзень прыносіць вам радасць.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Ношчык

Предыдущая статья

Соберем детей в школу. В преддверии нового учебного года в районе проходит кампания по оказанию помощи в подготовке детей к школе