Свята ганчара

21 Июля’25
1069

Гліна – гэта душа зямлі

У мястэчку Поразава прайшло свята ганчара “Мастацтва гліны і агню”. Не дзіўна, што яно адбылося менавіта тут, бо здаўна гэты невялічкі пасёлак славіцца глінянымі вырабамі і людзьмі з залатымі рукамі, якім ад Бога быў дадзены талент быць з глінай на “ты” і тварыць з гэтага падатлівага матэрыялу сапраўдныя цуды. Найбольш праславіліся ў гэтай галіне браты Шопікі – Іосіф і Пётр. Іх керамічны посуд сёння вядомы не толькі ў раёне, вобласці, рэспубліцы, але і далёка за межамі краіны. Гэта не проста гаршкі, збанкі, глячыкі, гэта – творы мастацтва. У іх браты Шопікі ўславілі малую радзіму і ўсю Беларусь. Майстроў ужо няма на свеце, але аб іх памятаюць нашчадкі, землякі, і таму справа іх жыве і будзе жыць.

Захоўваем памяць

Свята пачалося адкрыццём памятнай таблічкі на доме, дзе жылі і стваралі свае шэдэўры браты Шопікі. На такую ўрачыстую цырымонію сабралося шмат людзей. І тыя, хто асабіста быў знаёмы са славутымі майстрамі, і тыя, хто ведае пра іх па расказам бацькоў, дзядоў.


Старшыня Поразаўскага сельскага Савета Віктар Акудовіч павітаў усіх, хто прыйшоў на ўрачыстсць.

– На нашай зямлі заўсёды жылі, жывуць і, ўпэўнены, будуць жыць унікальныя людзі, – сказаў Віктар Вацлававіч. – Не дзіўна, што фестываль ганчарства праводзіцца менавіта на поразаўскай зямлі. Мы адкрываем таблічку на доме майстроў, якія зараджалі вытворчсць чорналашчонай керамікі. Гэты дом быў сапраўднай сядзібай, дзе гліна ажывала ў руках майстроў і кожны выраб насіў у сабе частку душы ганчара. Сёння мы бачым, што іх справа жыве і не толькі ў музеях, але і ў руках сучасных ганчароў, у памяці нашчадкаў.

Дачка Пятра Шопіка Тарэса Рудоміна і пляменніца Тэрэза Белавусава з цеплынёй і гонарам расказалі пра сваіх родных людзей, падзяліліся ўспамінамі з дзяцінства.


– Мне выпала вялікае шчасце нарадзіцца ў такой сям’і, – сказала Тэрэза Іосіфаўна. – Кожны год мяне прывозілі на ўсё лета да бабулі і я была назіральніцай стварэння ганчарных цудаў у руках маіх дзядзькоў Пятра і Іосіфа. Пазней, мне, як журналісту, давялося быць у дваццаці краінах. І як жа было прыемна, калі ў Рыме я ўбачыла выраб 1890 года стварэння свайго дзеда Іосіфа. Гэта было такое шчасце, такі невыказальны гонар! На выстаўцы на ВДНГ у 1970 годзе дзядзька Іосіф атрымаў Гран Пры за свой чорналашчоны посуд. Я была тады з і ім на выстаўцы. Можаце сабе ўявіць мой гонар і радасць?! Я вельмі ўдзячна стваральнікам гэтага свята, старшыні сельсавета Віктару Вацлававічу за памяць аб нашых родных, за тое, што захоўваецца гісторыя аб іх працы.     

                                         

Зямля, багатая традыцыямі 

З песнямі і музыкай шэсце накіравалася ў парк, дзе і прайшла асноўная частка свята.


На фестываль прыйшлі жыхары Поразава, прыехалі іх дзеці, унукі, госці з другіх мясцін. А яшчэ на свята завіталі ганчары. Сапраўдныя чараўнікі, якія ператвараюць гліну ў мастацтва. Яўген Мацяшук і Віталь Аніська са Свіслачы, Ірына Дзеранчык і Аляксандр Ішчанка з Зэльвы. А яшчэ Алена Дзянішчык з Вялікай Бераставіцы, Вольга Палонская з Астраўца, Раман Дзямянчык з Ваўкавыска, Святлана Круглаполава з Гродна, Надзея Салейка са Слоніма.

Урачыста адкрылі свята старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка і пачэсная госця – намеснік дырэктара па аснаўной дзейнасці  Гродзенскага абласнога метадычнага  цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.

– Поразаўская зямля багата  сваімі традыцыямі, сваёй гістарычнай і культурнай спадчынай, – адзначыў Віктар Аляксеевіч. – Безумоўна, вельмі важна сёння захоўваць добрыя традыцыі, але не меней важна гэтыя традыцыі перадаваць з пакалення ў пакаленне. Каб яны не ўміралі, а знаходзілі  працяг праз гады. Сёння ўжо практычна ўсё гатова, каб гэты напрамак рамяства атрымаў статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якім ужо валодае знакамітая поразаўская банкуха.


Весела і цікава

Падчас свята было шмат прыемных, памятных момантаў. Так, пераможца конкурсу на лепшы ганчарны выраб 2024 года, майстар з Ваўкавыска Раман Дзямянчык, перадаў у музейны пакой свой збанок. З рук майстра – у рукі гісторыі.

Прайшлі майстар-класы, працавалі дзіцячыя пляцоўкі з гульнямі, конкурсамі, віктарынамі, абылася пенная вечарына.

Поразаўскія гаспадынькі запрашалі паспрабаваць сваіх смакоццяў, прыгатаваных з пылу з жару, пах ад іх разносіўся па ўсёй тэрыторыі парка.

А на сцэне ў гэты час адбываўся канцэрт. Вясёлыя вядучыя, артысты народнага тэатра  “СуперСтар” Марына Мацкевіч і Таццяна Вярбіцкая падымалі настрой сваім дасціпным гумарам, запрашалі на сцэну таленавітых спевакоў і музыкантаў. Гарачымі апладысментамі сустракалі паразаўчане і госці Сяргея Бутара, які проста зачараваў гульнёй на баяне. Незабыўныя эмоцыі падаравала ўдзельнікам свята вакальная студыя “NOVAFAMILY”.



Узнагароды пераможцам

Кульмінацыя свята – конкурс на лепшы ганчарны выраб. Дыпломы за ўдзел атрымалі ўсе керамісты. Асабліва вызначыліся ў сваіх намінацыях Вольга Палонская з Астраўца і Надзя Салейка са Слоніма. Лепшай прызнана хатняя калекцыя Рамана Дзямянчыка з Ваўкавыска, а лепшым ганчарным вырабам – прыгожы збанок, створаны рукамі свілацкага ганчара Яўгена Мацяшука. Пераможцы атрымалі падарункі і грашовыя ўзнагароды. 

Такім было свята ганчара ў Поразава. Так ушаноўвалі памяць майстроў, якія на вякі ўславілі сваё мястэчка. Праведзена яно было на высокім узроўні і пакінула ў паразаўчан і гасцей пасёлка незабыўныя ўражанні.





Наталля Рамановіч, г. Гродна:


– Мне прыемна адзначыць, што работнікі культуры раёна прыкладаюць шмат намаганняў, каб надаць новыя жыццёвыя сілы мясцовай рамесніцкай традыцыі, якую залажылі землякі-ганчары Шопікі з Поразава. У хуткім часе тут з’явіцца земляны горн для абпалу ганчарных вырабаў. Гэта цудоўна, што ўшаноўваецца памяць знакамітых землякоў, што надаецца іх рамёству такое значэнне. Магчыма, было б апраўдана назваць адну з вуліц у Поразава Ганчарнай. Бо самая яскравая асаблівасць пасёлка – гэта ганчарнарны промысел.

Раман Дзямянчык, г. Ваўкавыск:


– Мне вельмі падабаецца свята, я ўдзячны, што мяне на яго запрасілі. Я не так даўно пазнаёміўся з ганчарным колам, але гэтая справа мяне захапіла цалкам. Было прыемна і нечакана ў мінулым годзе, што мой выраб быў прызнаным лепшым на конкурсе. Настрой цудоўны, сонейка свеціць, радасць перапаўняе.

Тэрэза Белавусава, пляменніца баратоў Шопікаў, г. Гродна:

– Ганчарства – гэта мастацтва. Керамічныя вырабы гавораць аб самым жыцці. Бо ў гліняным посудзе заўсёды захоўвалася вада і ежа. А гэта тое, без чаго жыццё немагчымае. Гэты посуд змяшчае ў сабе цеплыню, душу майстра. І кожная работа маіх дзядзькаў – яна індывідуальная. Так цудоўна, што памяць аб маіх родных жыве, я вельмі ўдзячна за гэта.

Памятаю, калі я яшчэ зусім маленькай дапамагала дзядзку Іосіфу мясіць гліну. Сваімі маленькімі ножкамі тупала па гліне, сачыла, каб дзе не трапіўся каменьчык. Я памятаю, як да дзядзікаў прыязджалі людзі за гаршкамі, збанкамі. І часцей зка ўсё яны не прадаваліся, а дарыліся.

Тарэса Рудоміна, дачка Пятра Шопіка, г. Свіслач:

– Я ніколі не думала, што да маіх бацькі і дзядзькі будзе такая ўвага. Вельмі дзякую арганізатарам за свята, за памяць. За тое, што зараз на доме будзе таблічка ў аб майстрах Шопіках. Я стараюся даглядаць дом, дзе прайшло маё дзяцінтва, юнацтва. Даўно няма таты на свеце, дзядзькі Іочіфа, але я адчуваю іх прысутнасць ў хаце.

Тамара Мініч, г. п. В. Бераставіца:


– Мы прыехалі з суседняга раёна на свята ганчара, каб паглядзець як святкуюць нашы суседзі. Мы проста ў захапленні! Вельмі добрая арганізацыя, усё прадумана для людзей, каб усім было весела. Выдатная музыка, артысты, майстры-керамісты. Хочам пажадаць, каб гэтая свята мела сваё прадаўжэнне, каб развівалася ганчарная справа, бо гэта вельмі важна – захоўваць тое, што прыйшло нам ад продкаў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Александр Лукашенко подписал указ, который снизит отчетную нагрузку на ведомства