banner

Свой “Кулібін” з Дабраволі

31 Октября’24
1012
Зноў паклікала дарога. На гэты раз у Дабраволю. Вёску, з усіх бакоў атуленую векавымі пушчанскімі дубамі і соснамі, бярозамі і елкамі. Надвор’е цудоўнае, хоць на дварэ стаіць канец кастрычніка. Краявіды за вокнамі машыны  мільгаюць неверагодна прыгожыя, і на душы так светла, хораша. Тым больш, што накіроўваемся мы да такога ж светлага, цудоўнага чалавека, Майстра з вялікай літары і залатымі рукамі. І золата тое найвышэйшай пробы:  такое нідзе не купіш, бо яно не прадаецца, бо “тавар” гэта рэдкасны, штучны,  можа, адзін на мільён. Але, зрэшты, што такое золата – халодны бліскучы метал, якому людзі надалі такую вялізную каштоўнасць. Наш майстар просты вясковы кіроўца школьнага аўтобуса, які вось ужо больш за 20 гадоў возіць дзяцей у школу і назад. Такую справу давяраюць толькі вельмі адказным і надзейным  людзям, а Святаслаў Ляшчук менавіта такі чалавек.


Бачыць шэдэўры ў звыклым

У яго наогул добрых чалавечых якасцяў не пералічыць. Але ж гаворка сёння пойдзе не толькі пра іх. Святаслава я ведаю даўно, гадоў з трыццаць. Зводзіў лёс не аднойчы, калі яшчэ  працавала ў культуры. І ўжо, будучы ў раёнцы, некалькі разоў пісала пра яго “ОЧумелые” рукі. А тут чую: “У Дабраволі другі Кулібін жыве. Такія дзівосы тэхнічныя вырабляе сваімі  рукамі, што  толькі ахнуць можна”. І як, такое пачуўшы, не паедзеш знаёміцца з тымі дзівосамі?! Бо, шчыра кажучы, пра такое захапленне Святаслава тэхнікай пачула першы раз, думала, што яго галоўная “фішка” – гэта дрэва. Не дзіўна. Святаслаў жыве ў гармоніі з Белавежскай пушчай, якая зусім побач. А дом яго – сапраўдны музей. 

Здаецца, і вочы ў яго – як вочы, і рукі – як рукі, нічым не адрозніваюцца ад другіх, а вось гляне ён на карчажыну ў лесе, і ўжо бачыць у ёй нейкі будучы шэдэўр. А мы, звыклыя людзі, проста пераступілі б ці штурганулі нагой. Колькі ў яго хатнім музеі такіх “карчажын”! Вочы разбягаюцца!  А яшчэ аленевыя рогі, вырабленыя ўсе па-свойму, столікі, палічкі, крэслы, нават трон на “курыных ножках”, фігуркі звяроў і птушак, пано, вырабы з капу. Усяго не пералічыць. Вырабы Святаслава сёння ўпрыгожваюць дамы ў многіх краінах свету. Ён шмат разоў прымаў удзел у выставах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.   

“Майстэрня дзеда Славы”

 Але вернемся да тэхнічных дзівосаў. Пра вельмі здольнага майстра кажуць “Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім”. Праўду кажуць! Але ж каб настолькі! Здаецца мне, што сапраўдны Кулібін, каб пабачыў усё тое, што зрабіў сваімі рукамі наш Святаслаў Ляшчук, то, можа, і пазайздросціў бы яму. Ва ўсякім разе, не чула я, каб той даўні спецыяліст на ўсе рукі быў на “ты” з дрэвам”. А наконт тэхнікі, тут можна было б і паспрачацца. Вось вядзе мяне Святаслаў паказваць свае тэхнічныя славутасці. Выводзіць на падворак самаробны мотаблок. Я ў тэхніцы, шчыра кажучы, не вельмі разбіраюся, але ж з першага позірку відаць, што гэта цуда-тэхніка.  Ідзём да бульбасарціроўкі. Перад вачамі нейкае доўгае дзіва з барабанам, ад яго адыходзяць тры аддзелы. Як гэта працуе? Зверху насыпаецца бульба, трапляе ў барабан. Яго трэба круціць спецыяльным калаўротам. Бульба праз адтуліны ў барабане сарціруецца на буйную, сярэднюю і дробную. Дрэвакол у адзін момант расколвае вялізную калодкі, і вось атрымоўваецца добрае бярэмя дроў. Да трактара Святаслаў зрабіў ўсё прыстасаванні, якімі араць, баранаваць, садзіць, капаць, вазіць. І яшчэ шмат другіх прыстасаванняў, аб прызначэнні якіх я магу толькі здагадвацца. Праўду людзі казалі: “Можна толькі ахнуць!” На дзвярах памяшкання, дзе ён працуе, надпіс: “Майстэрня дзеда Славы”. Дачушка Вольга пастаралася. 

Жонка Галіна таксама з гонарам расказвае пра мужа, пра яго захапленні ў розных галінах. 

– Ён хвілінкі не можа пасядзець без працы, – кажа яна. – А рукі, калі нічога не робяць, пачынаюць балець. У іншых лю-дзей яны баляць ад працы, а ў яго ад адпачынку. Слава на што ні гляне, ўсё нешта прыдумае. Я сама часам здзіўляюся, як гэта ў яго так атрымоўваецца. І дзеці ў нас таленавітыя. Дачушка Воля фатаграфіяй займаецца, вершы піша, спявае. Гэта ўжо ад бабулі. У школе, дзе яна працуе, яе вельмі паважаюць. Сынок Валодзя – інжынер. Займаецца сельскагаспадарчай тэхнікай. Гэта ад бацькі перадалося. 

Такая вось сям’я жыве ў Дабраволі. Кожная сустрэча з яе членамі прыносіць толькі задавальненне. Чым яшчэ можа здзівіць галава гэтай сям’і, уявіць цяжка, але, думаю, у хуткім часе я зноў буду ў Дабраволі, каб расказаць пра чарговыя цуды, зробленыя рукамі Святаслава Лешчука.

Ядвига Кобринец
Фото автора

Предыдущая статья

На контроле госконтроля соблюдение санитарных норм хранения пищевой продукции