Дваццаць шэсць гадоў існуе ў Дварчанскай базавай школе гісторыка-краязнаўчы музей. У ім на сённяшні дзень сабрана 407 экспанатаў асноўнага фонду і 112 дапаможнага. Наведаліся туды, каб расказаць аб ім падрабязней.
Усё пачыналася з залы гісторыі
Спачатку гэта быў не музей, а зала гісторыі, адкрытая па ініцыятыве Мікалая Ракевіча, які на той час быў кіраўніком гэтай навучальнай установы. Настаўнікі школы, вучні і іх бацькі збіралі першыя экспанаты. Нешта знаходзілася ў вяскоўцаў, выкінутым на гарашча, ці і ў які свіран, як непатрэбная рэч, нешта ляжала ў сенцах, у шафах, на паліцах. Усё гэта прыносілася ў школу. І ў хуткім часе зала зрабілася малой для мноства сабраных рэчаў. І тады ўзнікла неабходнасць стварэння музея.
Ён урачыста адчыніў свае дзверы ў 2004 годзе. На сённяшні дзень у музеі адкрыты сем экспазіцый. А гэта “Гісторыя школы”, “Дарогамі вайны”, “Афганская памяць і боль”, “Этнаграфічны куток”, “Савецкая эпоха”, “Гісторыя ААТ “Акр-Агра” і “ Мясцовыя таленты”. Акрамя экспазіцый сёння ў музеі дзейнічаюць выставы “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Школьныя гады”, “Новы год у паштоўках”, “Назад у СССР”.
Партал у мінулае стагоддзе
У выніку пашукова-даследчай работы музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. Ён з’яўляецца своеасаблівым парталам, праз які можна патрапіць у сялянскую хату мінулых стагоддзяў, дакрануцца да рэчаў, якімі каррысталіся прадзеды і прапрадзеды. Вялікую частку памяшкання займаюць кросны. Некалі яны былі адной з самых патрэбных прыладаў у хаце. Не было на сяле такой гаспадыні, якая б не ўмела ткаць, прасці, шыць, вязаць, вышываць. Без такога ўмення дзяўчыну замуж ніхто б не ўзяў. А вось і калаўрот, верацяно, драўляныя міскі, лыжкі, бойка для ўзбівання масла, чыгуны, збанкі, кубкі, косы, кошыкі, сярпы, а таксама рушнікі, тканыя посцілкі, ходнічкі, дзіцячыя калыскі, гадзіннікі, газавыя лямпы і яшчэ шмат рэчаў, якія вярнуліся з мінулага ў сённяшні дзень.
Савецкі перыяд сялянскажа жыцця прадстаўляюць больш сучасныя хатнія рэчы. А гэта радыёлы, першыя магнітафоны, радыё, гармонік, фотаапараты, радыёпрыёмнікі. Пра школьнае жыццё сённяшніх бабуляў нагадваюць школьныя сукенкі з белымі фартушкамі, хлапчуковыя касцюмы, вымпелы, другія рэчы школьнага жыцця ХХ стагоддзя.
Асаблівае месца ў музеі займаюць фотаздымкі ветэранаў вайны, якія змагаліся за Радзіму, іх узнагароды, а таксама летапіс успамінаў салдатаў Перамогі, якімі яны дзяліліся з піянерамі школы яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Побач фатаграфіі сведкаў ваеннага ліхалецця, дзяцей вайны. Не абышлі ўвагай стваральнікі музея і вяскоўцаў, якія служылі ў Афганістане.
Пачэснае месца ў экспазіцыі музея займаюць фотаздымкі былых кіраўнікоў мясцовай гаспадаркі, заслужаных работнікаў, удастоеных урадавых узнагарод. Не засталіся без увагі кіраўнікі школы, залатыя медалісты.
Экскурсіі для ўсіх
У музеі часта праходзяць экскурсіі, якія праводзіць настаўніца гісторыі, яна ж кіраўнік музея, Святлана Маер. Гэта яна водзіць дзяцей у далёкае мінулае, расказвае, як жылося іх продкам у пачатку мінулага стагоддзя, якія падзеі адбываліся тут у гады вайны, якія зверствы ўчынялі фашысты, як падымалася з руінаў краіна ў пасляваенныя гады.
Экскурсіі праводзяць таксама вучні старэйшых класаў. Прызджаюць у Дварчанскую школу і навучэнцы другіх навучальных устаноў раёна, якія таксама з задавальненнем слухаюць цікавыя аповеды аб мінулых днях, знаёмяцца з экспазіцыямі музея.
Навучэнцы школы далучаюцца да даследчай дзейнасці праз удзел у конкурсах, праектах. У гэтым навучальным годзе праект “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” заняў першае месца ў 5-й адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Наука побеждать”, а за ўдзел у другім этапе рэспубліканскага конкурса “Праз мінулае – у сучаснасць” рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву” у намінацыі “Летапіс устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” праект музея атрымаў Дыплом ІІ ступені.
Гэта далёка не ўсе перамогі, якімі можа пахваліцца школьны музей. За 27 гадоў яго існавання тут накапілася больш за 50 дыпломаў і грамат як раённага, так абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
У самых вытокаў стварэння музея стаяла настаўніца геаграфіі Святлана Барысаўна Нічыпарук. Ёй таксама вядомы кожны экспанат, які знайшоў месца ў музеі. Яна цешыцца поспехамі і ўдзячна ўсім, хто дапамагаў і працягвае дапамагаць музею, у тым ліку мясцовай таленавітай мастачцы Галіне Васілеўскай, якая падарыла музею свае тры цудоўныя карціны.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара