Сустрэліся на фэсце два стагоддзі

28 Июля’25
613

У аграгарадку Пацуі адбыўся фэст, у якім з’ядналіся адразу тры падзеі: 335 гадоў з дня першага ўпамінання вёскі Пацуі, 75 гадоў з дня заснавання мясцовай гаспадаркі – ААТ “Акр-Агра” і рэтра-фэст “А ў нас у двары…”

А ў двары ў гэты дзень было так шматлюдна, што не было куды яблыку ўпасці. На свята спяшаліся не толькі вяскоўцы, жыхары вакольных вёсак, але і госці з другіх мясцовасцяў.

Паважна крочылі старэнькія дзядулі і бабулі, сталыя вяскоўцы, маладыя сем’і з дзеткамі, юнакі, дзяўчаты, падлеткі. Бясконца ехалі машыны, матацыклы. І не дзіўна. У гэты дзень на святочнай пляцоўцы адбылася сустрэча двух стагоддзяў: мінулага і сучаснага. Калі дзе яшчэ такое было?! Хто яшчэ дзе быў сведкам такой неверагоднай падзеі, такой захапляючай сустрэчы?!

Адкрылі партал у мінулае

Скажыце, хто з нас не хацеў бы хоць на імгненне вярнуцца ў мінулае? Туды, дзе ўсё жыццё было наперадзе, дзе можна было слухаць да ранку спеў салаўя, туды, дзе заходзілася душа ад шчасця першага кахання, ад чаромхавага паху, ад слодычы пацалунка, ад песень за ракою. Гэта ж усё было ўчора! А калі ж мінула?!

Хіба хто заўважыў, як на залатыя косы ўпаў першы снег сівізны, як пабеглі маршчынкі па твары і ў вачах з’явіўся сум? Адным імгненнем прамчаліся гады, дзесяцігоддзі. Не дагоніш, не вернеш…

А вось арганізатары фэста з аграгарадка Пацуі паспрабавалі асягнуць неабсяжнае і зрабілі сапраўдны цуд. Яны адкрылі партал у мінулае, дазволілі вярнуцца ў тыя непаўторныя гады, у мінулае стагоддзе. І з вялікім задавальненнем у той “партал” зазірнулі не толькі народжаныя ў СССР, а і іх дзеці, унукі, праўнукі. Не было ў той дзень ніводнага чалавека, якім бы не прыйшоўся па душы гэты кароткі пераход з сённяшняга дня ў мінулы.

Так цёпла і шчыра ішоў аповед пра Дварчанскую школу, з якой выйшла так шмат дастойных людзей, прафесіяналаў розных сфераў дзейнасці. А якой павагаю на сяле карыстаюцца работнікі медыцыны. І старыя, і малыя з’яўляюцца наведвальнікамі ФАПа, дзе працуюць адданыя сваёй справе людзі ў белых халатах. Тым, хто шмат гадоў аддаў працы ў медыцыне, і тым, хто сёння дапамагае людзям перамагчы хваробы – таксама паклон да зямлі.

А як жа без работнікаў гандлю? На свята прыбегла прывабная гандлярка з авоськаю, прынесла малако, смятанку, якую шмат гадоў хавала недзе пад прылаўкам, і павесяліла народ.

Паштальён у вёсцы, несумненна, чалавек паважаны. Гэта ён “з тоўстай сумкай на рамні” штодзённа нёс у кожную хату газеты, часопісы, віншавальныя паштоўкі і лісты. Лісты, якіх чакалі матулі з арміі ад сыноў, дзяўчаты – ад каханых, лісты ад сяброў, сваякоў, знаёмых. На свяце ўшаноўвалі і іх. Словы падзякі таксама пачулі работнікі пошты, якія шмат гадоў працавалі і прайшлі тысячы кіламетраў пешшу, каб прынесці ў кожны дом добрую вестку.

Кажуць людзі: “Ёсць хлеб, будзе і песня”. І песні тыя, радасць і добры настрой дораць людзям работнікі культуры. Ім таксама са сцэны было сказана шмат цёплых і ўдзячных слоў. Наогул, сама ідэя правядзення рэтра-фэста таксама належыць работніку культуры – Людміле Ганчарук, якая ўзначальвае Пацуеўскі сектар культуры і вольнага часу.

Добрае слова – кожнаму

Аграгарадку Пацуі – 335 гадоў. За гэты чаз змянілася шмат пакаленняў. Даўно адышлі ў нябыт тыя, хто пабудаваў тут сваю першую хату, даў жыццё дзецям. А тыя – сваім, і гэтак далей… З ­­­­­­2003-га года Пацуі сталі аграгарадком. Прыгожы зялёны куточак, які налічвае зараз амаль 400 жыхароў. Самая старэйшая яго жыхарка Лідзія Міхайлаўна Багалейша. Сёлета ёй споўнілася дзевяноста чатыры гады. На свята бабулька Ліда не змагла прыйсці, але падарункі ёй з нагоды свята прынясуць дадому.

Зусім нядаўна з’явіўся на свет самы маленькі жыхар Пацуяў – Максім Гутар. У яго яшчэ няма мінулага, толькі – будучае. Няхай яно ў яго будзе шчаслівым, мірным і няхай ён стане прадаўжальнікам традыцый сваёй малой радзімы.

Не забыліся на свяце і пра сямейную пару, якая пражыла ў згодзе і каханні шэсцьдзесят тры гады. Гэта Васіль Іванавіч і Алена Мікалаеўна Крэўчыкі. Выгадавалі і далі пуцёўку ў жыццё траім дзецям, дачакаліся ўнукаў.

Шматдзетныя сем’і запрашаліся на сцэну, і ў іх адрас гучалі самыя шчырыя словы віншавання і пажаданне шчасця і дабрабыту на доўгія гады.

Кожны двор у аграгарадку – гэта асаблівы куточак прыгажосці, такі маленькі зямны рай, дзе цвітуць кветкі ад вясны да восені, дзе шчабечуць птушкі і душа гаспадароў цешыцца такому хараству. Кожны двор па-свойму прыгожы, а лепшымі празнаны сёлета двары Таццяны і Мікалая Бяляевых, Ірыны і Алега Ганчарукоў, Святланы і Васілія Ганчарукоў. Усе яны атрымалі падарункі.

У кожным сяле і аграгарадку ёсць чалавек, які іграе важную ролю ў жыцці вяскоўцаў. Гэта стараста, на якога ўскладзена шмат абавязкаў. У Пацуях гэта Алена Шышко. Чалавек з вялікай і чулай душой, які карыстаецца вялікай павагай на сяле, які ніколі не лічыцца з часам і гатовы прыйсці на дапамогу кожнаму. За сваю актыўную жыццёвую пазіцыю, за ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць у аграгарадку, Алена Віктараўна таксама была ўзнагароджана падарункам.

На рэтра-фэсце было ўручана мноства падарункаў, сказана тысячы слоў шчырай удзячнасці і прагучала вельмі шмат цудоўных песень. Іх дарылі работнікі Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці, народны ансамбль музыкі і песні “Пушчанскія папевы”, група “Скарб”, дуэт “Баян-бэнт” .

Гучалі любімыя песні мінулых гадоў, якія ахвотна падпявалі гледачы. Была арганізавана рэтра-дыскатэка з удзелам Аляксея Кавалевіча і салістаў Свіслацкага раёна.

Але найбольш пазабавіла ўсіх прысутных вяселле, якое правялі арганізатары ў стыле 90-х. На старэнькіх “Запарожцы”, “Масквічу” і “Жыгулях” з лялькаю і шлюбнымі кольцамі на капотах прыехалі маладыя. Больш “крутога” вяселля бадай яшчэ ніхто не бачыў.

На тое і свята, каб было весела

Усё свята было прасякнута вострым гумарам, жартамі, смехам. А галоўнымі гумарнымі зоркамі былі Люда, Маня і Ваня (Наталля Шупейка, Крысціна Жук, Аляксей Лукша). А таксама народны тэатр “СуперСтар” (Марына Мацкевіч і Таццяна Вярбіцкая). А яшчэ завіталі на рэтра-фэст Папандопала са сваім сябрам з фільма “Вяселле ў Малінаўцы”, якія дзялілі “гардзеробчык”, “бабскае войска” з таго ж фільма. Было яшчэ шмат чаго цікавага і незабыўнага.

Працавала мноства гандлёвых кропак, быў адкрыты “савецкі буфет”. Можна было купіць салодкія напіткі шашлыкі, поп-корн, прысмакі, а таксама сувеніры, вырабы народных майстроў, цацкі для дзяцей. Для дзяцей арганізавана пенная вечарынка і дыскатэка.

Яскаравым завяршэннем рэтра-фэста стаў святочны салют. Але і ён не паставіў кропку. Людзі яшчэ доўга сядзелі, размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі, а яны былі проста неперадавальнымі!

Свята прайшло з размахам. У першую чаргу, дзякуючы арганізатарам – работнікам Пацуеўскага сектара культуры і вольнага часу, а таксама спонсарам – ААТ “Акр-Агра” і Свіслацкаму сельвыканкаму. Гэта яны пастараліся, каб свята, створанае ў 2017 годзе, не губляла сваёй набытай папулярнасці і прырастала новымі прыхільнікамі.

Слова ўдзельнікам свята

Надзея Маліноўская, аг. Пацуі:

– Мы з сям’ёй прыехалі ў Пацуі дванаццаць гадоў таму. Вельмі падабаецца тут. Людзі гасцінныя, добрыя, адкрытыя. Умеюць і працаваць, і адпачываць. Свята проста цудоўнае. Не знаходжу слоў, каб перадаць свае ўражанні. Так усё адмыслова арганізавана, такі настрой добры. Людзі радуюцца. Папрыязджалі дзеці да бацькоў з розных гарадоў, з другіх вёсак. І з роднымі сустрэцца была магчымасць, і на свяце пабыць.

Марына Русак, г. Гродна:

– Я прыехала да мамы ў Грынкі, даведалася, што тут такое свята. Я ў захапленні ад усяго, што тут адбываецца. Вярнулася ў сваё юнацтва, нават душа зашчаміла, такое блізкае ўсё, такое роднае. Песні гучаць знаёмыя да болі, музыка. Мне вельмі блізка гэта ўсё па духу. Такія святы аб’ядноўваюць людзей, парадняюць. Бо гэта ўсё кожнаму блізка па духу, па жыцці. І дзеці нашы павінны чуць гэтыя песні, павінны ведаць, як жылі маці, бабулі, прабабулі. Чым цікавіліся, што любілі.

Таццяна Цімашук, г. Пінск:

– Я да мамы ў Відзейкі прыехала з Пінска. Мы з ёю разам прыйшлі на свята. Я ўжо другі раз на такім фэсце і дзіву даюся, як усё хораша прыдумана. Колькі людзей прыйшло, колькі дзетак! Мама так любіць слухаць савецкія песні і спяваць таксама. Яркае, цудоўнае свята.

Карына Станкевіч, г. Гродна:

– Мы першы раз на такім фэсце. Такі цудоўны канцэрт, столькі неверагодных задумак. Адно толькі савецкае вяселле чаго значыць. Мы ў горадзе жывём, на розных мерапрыемствах бываем, але гэтае не саступае гарадскім.

Алег Станкевіч, г. Гродна:

– Для такога аграгарадка – гэта вельмі маштабнае свята. Канцэртная праграма цудоўная, столькі гумару, весялосці. Вельмі радуемся, што прыехалі і пабылі на свяце. Будзе што расказаць сябрам. На другі год і іх запросім сюды, няхай пабачаць як на сяле ўмеюць весяліцца. Малайцы арганізатары. Ім толькі выдатная адзнака.

Алена Шышко, аг. Пацуі:

–  Я шмат гадоў жыву ў Пацуях. Працавала ў дзіцячым садзе, тады было шмат дзетак. Зараз менш, але аграгарадок жыве, цвіце, радуецца кожнаму дню. Мяне гэтае свята захапіла поўнасцю. Я вярнулася ў сваю маладосць, у тыя дні, калі здавалася, што ўсё яшчэ наперадзе. Калі яны прабеглі тыя гады? А сёння такое адчуванне, што і не было іх. Кожную песню падпяваю, так светла на душы, так хораша.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Патриарх Кирилл поздравил Александра Лукашенко с Днем Крещения Руси