
Дзевяноста гадоў, як дзевяноста пацерак, навязала на нізку жыцця Марыя Іванаўна Басалай з Дрэчанаў. Кожная з іх мае свой колер, сваё адценне. Ёсць на нізцы і зусім цёмныя жамчужынкі, і больш светлыя, а ў асноўнымяны празрыстыя, як кропелькі крынічнай вады. Менавіта такім было яе жыццё: усяго ў ім хапіла. І зараз, перабіраючы свае гады-пацеркі, Марыя Іванаўна адзначае для сябе галоўнае – пражыла яна іх з годнасцю. І няхай не пакіне сваім нашчадкам куфэрак з каштоўнасцямі, але галоўны чалавечы скарб – добрае імя – будзе свяціць ім пуцяводнай зоркай.
Пра незабыўнае
З прыемнай нагоды – дзевяностагоддзя Марыі Іванаўны – яе прыязджалі павіншаваць старшыня Нязбодзіцкага сельскага савета дэпутатаў Ніна Трахімік, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі УП “ВМК-АГРО” Марыя Захарка. У такі самавіты юбілей імянінніца пачула шмат самых цёплых і шчырых слоў ад гасцей, а таксама ад родных людзей: дзяцей, унукаў і праўнукаў. Бабуля была вельмі ўзрушана такой увагай, шчыра дзякавала гасцям за віншаванне, за кветкі і падарункі.
Мы пазнаёміліся з бабуляй Марыяй праз некалькі дзён пасля юбілею. Перада мной сядзела даўно пасівелая бабулька з тварам, пасечаным глыбокімі маршчынкамі, з добрымі цёмнымі вачамі, у якіх так яскарава адлюстроўвалася ўсё перажытае. А за дзевяць дзесяцігоддзяў шмат чаго можна ўспомніць.
Марыйка Шакалей (Марыя Іванаўна Басалай) нарадзілася 4 красавіка 1936 года ў вёсцы Дабраволя за 5 гадоў 2 месяцы і 18 дзён да вайны.
– Нас у мамы трое было: я, сястра і брат. Іх ужо, на жаль, няма на свеце. Я адна засталася, – пачынае свой аповед Марыя Іванаўна. – Як вайна пачалася, добра не памятаю, але засталіся на ўсё жыццё ў памяці другія моманты і падзеі. Памятаю, як у нядзельку людзі спяшаліся ў царкву. Я на вуліцы была. Гляджу, дзяўчына знаёмая ў светлай хустачцы ідзе ў храм. Бягу да мамы, крычу: “Мама, Пашка ў царкву ўжо пайшла, а ты яшчэ не сабралася”. Той дзяўчынай была Паша Васіленка. Яна на хутары жыла з бацькамі. Я яе вельмі добра ведала. А праз вуліцу ад нас жылі Урбановічы. Міша часта да нас прыходзіў, я да іх бегала. Такі прыгожы быў, высокі хлопец. Мая мама з яго мамай сябравалі, да працы разам хадзілі.
Я малая была, не ведала пра тое, што ў Дабраволі была арганізавана падпольная група, якой кіраваў наш сусед Міша Урбановіч. Нам, дзецям, тады да гэтага ніякай справы не было. Потым ужо даведаліся, як падраслі. Хлопцы і дзяўчаты дапамагалі партызанам, збіралі зброю, прадукты, распаўсюджвалі лістоўкі. Фашысты даведаліся пра гэта, вельмі хутка Мішу расстралялі, разам з ім і другіх камсамольцаў. Перад тым, як расстраляць, доўга мучылі, здзекваліся. Яго справу тады прадоўжыла Паша Васіленка. Яна ўладкавалася поварам у нямецкую сталоўку. Дзяўчына мела магчымасць прыхаваць прадукты, каб потым перадаць іх партызанам. Прыслухоўвалася, аб чым гавораць немцы, і перадавала інфармацыю ў партызанскі атрад. Папярэджвала народных мсціўцаў аб карацельных аперацыях. А ў лістападзе 1943-га Пашу, яе бацьку, брата і роднага дзядзьку павесілі. Я вельмі добра памятаю той дзень. Немцы сабралі на плошчу перад царквою ўсіх жыхароў вёскі. І мы, дзеці, таксама пабеглі туды ўслед за бацькамі. Яны нас адганялі, каб мы не бачылі такіх жахаў, што вытваралі немцы, а мы адбяжымся трохі і зноў туды ідзём. Стаялі за дарослымі і не бачылі, як адбывалася тая расправа, але ўсё чулі. Немцы нешта злосна гаргіталі, людзі ў натоўпе плакалі, а Паша і яе родныя ні слова не сказалі. Так і загінулі.
Успаміны, успаміны…
Марыя Іванаўна ўспамінае, як немцы чуць не спалілі Дабраволю. На той час Ціхаволя і Тушамля ўжо згарэлі. Прыходзілі паліцаі ў кожную хату, загадвалі, каб вокны завешвалі. Маці посцілкамі, дыванамі завесіла вокны па ўсёй хаце. Старэйшыя людзі, пэўна, здагадваліся, што немцы маюцца паліць вёску, а дзеці нічога не разумелі, заглядвалі праз шчыліны, цікава ж было. Але неяк Бог мілаваў, і засталася цэлай вёска.
– А яшчэ памятаю, як мы з бабуляй Сцепанідай бульбу насілі палонным салдатам, – працягвае бабуля Марыя. – Яны за ровам сядзелі, проста на зямлі. Іх шмат было, а фашысты з аўтаматамі вартавалі. Бабуля да таго рову хадзіла зелле рваць свінням, а салдаты крычалі, прасілі есці. Бабуля наварыла бульбы і рашыла мяне з сабою ўзяць да таго рова. Мы кідалі праз роў бульбу, а яна не ўся далятала, шмат у роў падала, але і салдатам трохі дасталося. Немцы, можа, і бачылі нас, але не адганялі. Куды тыя палонныя потым падзеліся, не ведаю. Можа, каб дарослай была, то цікавілася б, а я ж – дзіця дзіцём.
Часам да нас прыходзілі партызаны. Мама ім давала масла, яйкі, хлеб, малако. Немцы часта хадзілі, патрабавалі, каб ім аддавалі прадукты.
Калі нашы ўжо наступалі, праз сяло машыны ішлі. Так іх многа было, што не злічыць. А я пабегла на другі бок вуліцы, стала на лаўку і паглядала. Ніколі ж да гэтага машын не бачыла, цікава было. А яны ўсё едуць і едуць, і канца ім няма. А я стаю на той лаўцы і плачу, бо да сваёй хаты не магу пабегчы з-за тых машын. Аж да падвячорка стаяла, і толькі калі перасталі ісці машыны, змагла дадому пабегчы.
Тата наш на фронце не быў, але яго забіралі ў самым пачатку вайны рыць акопы. Так вось было. Ведаеце, зараз, што было ўчора, не памятаю, а тое, калісьняе, перад вачамі стаіць. І Пашку, якая да царквы спяшалася, як сёння бачу. Чамусьці часта ўспамінаю яе. Памятаю яшчэ, як тата калаўродкі рамантаваў, і не толькі. Да яго людзі не толькі з Дабраволі прыходзілі, а і з другіх вёсак.
Думкі ляцяць у мінулае
Скончылася вайна. Пайшла Марыйка ў школу. Вучылася добра, веды ёй даваліся лёгка. Скончыла сем класаў, перайшла ў восьмы. І тады ў школу прыслалі настаўніка матэматыкі Мікалая Мікалаевіча (прозвішча Марыя Іванаўна не памятае). Так ён цікава выкладаў, што дзяўчынка проста ўлюбілася ў гэты прадмет. І, калі атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі, вырашыла паступаць у Гродзенскі педагагічны інстытут на матэматычны факультэт. Гады вучобы прабеглі хутка, і маладая настаўніца была накіравана ў Дрэчанскую васьмігадовую школу. У гэтай установе адукацыі Марыя Іванаўна адпрацавала больш за 35 гадоў. Доўгі час узначальвала школу, з цеплынёй успамінае сваіх калег, вучняў. Тут, у Дрэчанах, сустрэла і свайго суджанага – Мікалая Басалая. Нарадзіла траіх дзяцей.
Дарэчы, зараз Марыя Іванаўна знаходзіцца ў доме сына. Прыехала на Новы год і засталася. Цяпер пад дахам гэтага ўтульнага дома пражываюць прадстаўнікі аж чатырох пакаленняў. Бабуля Марыя, сям’я сына, унук і маленькая праўнучка. Хата вялікая, усім хапае месца, але галоўнае не квадратныя метры, а тая цеплыня, тая сардэчнасць, якія пануюць тут, якія адчуваюцца, варта толькі пераступіць парог.
У бабулі Марыі пяцёра ўнукаў і чатыры праўнукі. Усе яны памятаюць бабульку, прыязджаюць, тэлефануюць, цікавяцца здароўем.
Тут, у сына з нявесткай, ёй добра, яна акружана цеплынёй родных людзей і вельмі ўдзячна ім за гэта. Гады, вядома ж, бяруць сваё, і часам, калі ноччу не спіцца, прыходзяць успаміны. Яны, як птушкі-ластаўкі, ляцяць у мінулае, туды, дзе прайшло басаногае дзяцінства, параненае вайною, у юнацтва, калі да раніцы можна было слухаць спеў салоўкі і здавалася, што так будзе заўсёды. А часам прыходзяць у сны былыя вучні і кліча на ўрок пераліў школьнага званка.
О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара





