
Гэта лямпа першага рэнтгенаўскага апарата Свіслацкай бальніцы. Захоўваецца яна ў музеі з 1982 года. А прынёс яе сюды Васіль Сарокін. Гэтая лямпа, заявіў ён, прапрацавала ў рэнтгенкабінеце больш за дваццаць гадоў.
У юбілейны год Вялікай Перамогі нельга абыйсці ўвагай і самога Васіля Пятровіча: у гісторыю свіслацкай медыцыны ён увайшоў як рэнтгенолаг, а ў летапіс Вялікай Айчыннай упісаны як ваенны фельчар.

Удзельнічаў Васіль Сарокін і ў вызваленні Беларусі. Тут яго полк трапіў у акружэнне. Батарэю разбілі. Нягледзячы на цяжкія баі, байцам усё ж удалося вырвацца з акружэння. А ў часці тым часам іх палічылі загінуўшымі. Дамоў нават накіравалі ліст: маўляў, Васіль Пятровіч Сарокін прапаў без вестак. А ён застаецца ў страі: удзельнічае ў баявых аперацыях, вызваляе Мінск, Гродна, Беласток, Варшаву, Кёнігсберг. Асабіста сам не раз выносіць параненых з поля бою. Пасля Кёнігсберга ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Вайну Васіль Сарокін скончыў у Берліне. Пасля разгрому фашыстаў быў накіраваны ў Беларускую ваенную акругу. У 1947 годзе па стане здароўя пайшоў у адстаўку і застаўся ў Свіслацкім раёне. Працаваў у Дабравольскай бальніцы, а потым – у Свіслацкай рэнтгенолагам.
За свой ратны подзвіг Васіль Сарокін узнагароджаны шматлікімі медалямі: «За ўзяцце Кёнігсберга», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За адвагу», «За баявыя заслугі».

Паглядзіце, як добра выглядае гэтая невялікая кардонная скрыначка. Не горшы выгляд мае і яе змесціва – дзесяць ампул з ёдавай настойкай. І гэта нягледзячы на тое, што ім без малога 77 гадоў. Як пазначана на скрыначцы, дата вырабу лекавага прэпарата – 24 ліпеня 1943 года. Уяўляеце? Адчуваеце подых ваеннага часу? Вось дык экспанат! І цалкам магчыма, што іншыя ампулы з гэтай жа серыі саслужылі сваю службу і на фронце: выкарыстоўваліся для дэзінфекцыі скуры, хутчэйшага гаення ран, як супрацьзапаленчы сродак.

На пару-тройку гадоў старэйшыя за ёд узоры рэцэптаў на рускай, беларускай і польскай мовах, выпісаных жыхарам раёна яшчэ ў даваенны час і перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі. Гэтыя экспанаты папоўнілі калекцыю музея ў 1997-м дзякуючы паразаўчаніну Рамуальду Сакалоўскаму. На іх і згадваюцца аптэка ў Поразаве, прозвішча Сакалоўскі (гэта той чалавек, для якога выпісваўся рэцэпт). Напісанае ўрачом таксама не сцёрта часам, можна было б прачытаць, каб не традыцыйна неразборлівы ўрачэбны почырк. Звярніце ўвагу і на тое, як тагачасныя рэцэпты адрозніваюцца ад сучасных візуальна. На іх акрамя канкрэтнага прадпісання лекара можна прачытаць і нешта накшталт «Пры кожным захворванні безадкладна звярніся да ўрача», «Утрымлівай сваю кватэру і вопратку ў чыстаце».
Аўтарэфераты
Музей – гэта своеасаблівая Дошка гонару таленавітых землякоў. Не без падстаў ганарыцца свіслацкая зямля людзьмі, якія сказалі сваё важкае слова ў навуцы. Ёсць сярод такіх і медыкі. А цэннымі экспанатамі для музейных фондаў сталі аўтарэфераты іх дысертацый. Тут можна патрымаць у руках працу «Экспериментальная характеристика этиленбисдитиокарбаматов и эфиров дитиокарбаминовой кислоты» (Смаленск, 1968 год) на суісканне вучонай ступені кандыдата медыцынскіх навук Мікалая Міхайлавіча Курбата, ураджэнца Свіслачы, урача-фармаколага, таксіколага, прафесара. Дарэчы, з аўтографам навукоўца: «Моим землякам-свислочанам с уважением и благодарностью». Можна пагартаць аўтарэферат вядомага ў раёне гінеколага Алы Рыгораўны Даманавай «Беременность и роды у сельских жительниц» (Мінск, 1974 год), пазнаёміцца з навуковымі інтарэсамі – хваробамі нерваў – Мікалая Фаміча Філіповіча (Масква, 1982 год) і Івана Ніканоравіча Горбача (Курск, 1975 год).

Вельмі прыемна, калі людзі не забываюць сваёй малой радзімы, працуючы ў вялікіх гарадах, не губляюць сувязі з маленькім краем дзяцінства. Дзякуючы такім адносінам багацее і фондасховішча музея. Гонар для яго мець сярод тысяч экспанатаў асабістыя рэчы выхадцаў з раёна. Так, Іван Горбач, кандыдат медыцынскіх навук, – аўтар шматлікіх навуковых прац. Ён з задавальненнем перадаў музею не толькі аўтарэферат сваёй дысертацыі, але і безліч аўтарскіх выданняў аб даследаваннях нервовай сістэмы чалавека. На адным з іх цёплы аўтограф: «Родному музею от автора». Акрамя таго, музей можа пахваліцца арыгіналам атэстата сталасці, што быў выдадзены Івану Ніканоравічу Поразаўскай школай у 1951 годзе. Што сказаць, выдатна вучыўся будучы вучоны. І яшчэ як рэдкі напамін аб земляку – яго асабісты неўралагічны малаточак.

У 1976 годзе музей атрымаў у свае фонды падарунак ад будтрэста № 11 – сімвалічную кельню. Гэтая прылада, без якой не абыйсціся ні на адным будаўніцтве, была ўручана медработнікам Свіслацкага раёна на адкрыцці новай райбальніцы. Кожны ведае, што будаўніцтва сённяшніх будынкаў медыцынскай установы звязана з імем Мікалая Аляксандравіча Турко, які яшчэ пры жыцці стаў для свіслачан чалавекам-легендай – слыў таленавітым арганізатарам і ініцыятыўным будаўніком. Кіраваў Мікалай Аляксандравіч бальніцай у райцэнтры на працягу дваццаці пяці гадоў. Заслужаны ўрач БССР, ганаровы грамадзянін г. Свіслачы, ён і зараз у памяці горада, у яго гісторыі.
Дзесяць гадоў таму, якраз на 70-годдзе Свiслацкага раёна, мне пашчасцiла сустрэцца з гэтым цудоўным чалавекам. Час прайшоў, а па сёння памятаю бляск у яго вачах, калi ён распавядаў пра сваё збудаванае дзецiшча.
«Мне хацелася нешта рабіць. І рабілі. Усё гэта, – нібы спрабуючы абхапiць абдымкамi створанае, казаў тады Мікалай Аляксандравіч, – рабілася сваімі рукамі. Збіраў для будаўніцтва грошы, што не выкарыстоўвалiся ў іншых раёнах. Гэтую бальнiцу пабудавалі за два гады. Не патрапіла яна ў даўгабуды. А якая ўсё ж махіна!.. Цэглу для абліцоўвання з Літвы вазілі. Спачатку, праўда, не хацелі з намі мець ніякіх кантактаў: маўляў, за мяжу не прадаем. Але, калі даведаліся, што я з Беларусі, з Белавежскай пушчы, адразу справа вырашылася...»
На гэтым пакуль усё. Зачыняем дзверы музея. Але ненадоўга. Абавязкова вернемся сюды, каб зноў адчуць непаўторны і прыцягальны пах часу.
Падрыхтавала Наталля ТУРКО