banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Век будаваўся, не пражыў і два…

12 Сентября’19
2043
На самых розных пляцоўках дэманструе Дабравольскі ДС СШ макеты зніклых храмаў Свіслаччыны – экспанаты школьнага музея “Страчаная спадчына свіслацкага краю”, абавязкова суправаджаючы наглядную выставу гістарычнымі звесткамі. Адным з апошніх адрасоў, дзе можна было пацікавіцца цэрквамі і касцёламі, што некалі збіралі ў свае сцены праваслаўных і каталіцкіх вернікаў, стаў Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме. На гэтым рэспубліканскім свяце храмы прэзентаваліся ў рамках праекта нашай газеты “Здабытае страчанае”, што нарадзіўся з нагоды аб’яўлення ў краіне трыяды Году малой радзімы. Фестываль кнігі і прэсы, якому было адведзена асобнае месца на Дні беларускага пісьменства, знайшоў свайго гледача. Як і макеты прывезеных намі храмаў.



Дарэчы, гісторыя часткі з іх ужо знайшла пісьмовае адлюстраванне ў раёнцы (газетныя старонкі таксама былі прадстаўлены ўвазе сланімчан і гасцей горада). У астатніх святынь час з’явіцца ў газеце – наперадзе. Вось сёння мы вырашылі “здабыць” нанова страчаны касцёл Яна Хрысціцеля пры кляштары францысканцаў, які быў пабудаваны ў в. Грынявічы ў 1792 годзе.

– Грынявіцкі касцёл даволі цікавы, – перадаючы нам макет гэтага белага храма, зазначыла Зоя Урбановіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Дабравольскага ДС СШ, кіраўнік лінгва-краязнаўчай работы ў гэтай установе адукацыі. Будынак спланаваны па рымска-каталіцкім каноне ў выглядзе трохнефавай базілікі. Да 1870 года быў перабудаваны ў пяцікупальную праваслаўную царкву. Вось што гаворыцца пра яе ў энцыклапедычным даведніку Анатоля Кулагіна “Праваслаўныя храмы Беларусі”: “Грынявіцкая царква на паўночнай ускраіне вёскі… Манументальны мураваны храм – помнік архітэктуры барока, яго завяршальнай стадыі развіцця… З перабудовай храма пад царкву яго барочная архітэктура набыла элементы старажытнарускага дойлідства – цыбулепадобныя купалы і макаўкі, кілепадобны шчыт над франтальным фасадам і такія ж абрамленні арачных аконных праёмаў…” Пасля 1920 года храм стаў каталіцкім, а калі Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй, у другі раз – праваслаўным, які дзейнічаў да 1965 года, пакуль адпаведная камісія не знайшла нейкую трэшчыну ў скляпенні. Храм закрылі дзеля бяспекі вернікаў. Дах і скляпенне пачаў разбураць час. Вядома, што ў 1980-я гады праваслаўныя вернікі бліжэйшых да храма вёсак вырашылі яго адбудаваць. Нават сабралі пэўныя грашовыя сродкі. Але па розных прычынах добрая справа не ажыццявілася.



Гісторыя касцёла, пра які мы сёння гаворым як пра грынявіцкі, гістарычна звязана з іншай геаграфічнай назвай – Вялікай Лапеніцай. Як жа так? Вёска Малая Лапеніца ёсць і зараз, праўда, на Ваўкавышчыне. А вось што наконт Лапеніцы Вялікай? Дзе шукаць населены пункт з такой назвай? Куды ён дзеўся? І ці быў ён? Аказваецца, Вялікая Лапеніца, якой сёння ўжо няма на карце нашага раёна, на Свіслаччыне некалі сапраўды была.

Вёска Лапеніца вядома з XVI стагоддзя, калі яна з’яўлялася цэнтрам значных зямельных уладанняў, якія належалі дваранскаму роду Клачко. У родапачынальніка Яна Клачко, які служыў кіраўніком двара ў жонкі Аляксандра Ягелончыка, было чатыры сыны: Войцех, Міхна, Мікалай і Алехна. Дакладна невядома, каму з іх належала Лапеніца, аднак цалкам магчыма, што Войцеху, паколькі менавіта ён у 1516 годзе пабудаваў касцёл у вёсцы Міжэрычы, да парафіі якога адносілася Лапеніца.

З другой паловы XVII стагоддзя вёска належала Агінскім – старадаўняму роду герба «Агінец», якія мелі важную ролю ў дзяржаўным, грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Дарэчы, на той час тут было дзве вёскі з назвай Лапеніца: Малая Лапеніца, дзе жылі сяляне, і Вялікая Лапеніца, дзе знаходзілася галоўная сядзіба Агінскіх.

Адным з найбольш вядомых уладальнікаў вёскі быў Ян Агінскі, харунжы Ваўкавыскага павета, затым маршалак Ваўкавыскі, польскі пісар Вялікага княства Літоўскага. Большую частку жыцця ён правёў у ваенных паходах, удзельнічаў у шматлікіх бітвах, у тым ліку ў гістарычнай бітве з туркамі пад Венай у 1683 годзе.

Менавіта ў гонар перамогі ў гэтай бітве і ў падзяку за паспяховае вяртанне дадому ўладальнік маёнтка ахвяраваў 10 тысяч злотых на будаўніцтва ў Вялікай Лапеніцы каменнага касцёла і кляштара францысканцаў. Праўда, яшчэ да пачатку будаўніцтва Ян Агінскі памёр. А яго намеры ажыццявіў наследнік, сын Рыгор, да якога перайшлі абедзве Лапеніцы: Вялікая і Малая. У 1690 годзе пачаліся работы.

Трэба дадаць, што Рыгор атрымаў у спадчыну ад бацькі не толькі маёнтак, але і ваяўнічы характар. Ён узначальваў антысапегскую апазіцыю ў Літве. У 1674 годзе падпісаў акт абрання Яна III Сабескага ад Ваўкавыскага павета. Служыў каралеўскім ротмістрам у Літоўскай арміі. Неаднаразова быў паслом на соймы ад Ваўкавыскага павета. У канцы 1696 года ўтварыў ваенную канфедэрацыю супраць Сапегаў.

Гэтая дзейнасць, якая перыядычна вылівалася ў адкрытыя ваенныя дзеянні супраць Сапегаў, не спрыяла хуткаму будаўніцтву манастыра. Затым пачалася Паўночная вайна, а пасля яе ўладальнікі маёнтка перажывалі эканамічныя цяжкасці. Так што будаўніцтва расцягнулася на доўгія 102 гады. І толькі ў 1792 годзе манастыр і касцёл былі нарэшце дабудаваныя.

Аднак век яго аказаўся нядоўгім. За тое, што манахі-францысканцы падтрымалі дваранскае паўстанне 1831 года, Мікалай І загадаў зачыніць Вяліка-Лапеніцкі манастыр. Касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве, а на яго перабудову ў адпаведнасці з традыцыямі праваслаўнага храма было выдзелена больш за 3 тысячы рублёў срэбрам. Для ўмацавання праваслаўнай веры Аляксандр III падарыў новай царкве тысячапудовы звон. Кажуць, што яго было чуваць вельмі далёка.

У 1919 годзе, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы, царкву зноў перадалі католікам. Храм зноў ненадоўга стаў касцёлам. Ненадоўга таму, што ўжо праз 20 гадоў адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, у выніку чаго касцёл ізноў быў перададзены праваслаўным. То царквой, то касцёлам храм праіснаваў амаль 170 гадоў, пакуль у 60-я гады яго не напаткаў лёс многіх культавых збудаванняў. Храм быў спачатку зачынены, а ў 1980-я часткова развалены.

Кажуць, што першапачаткова касцёл меў дзве вежы, якія былі разабраны, калі храм перабудоўвалі пад царкву. Па фатаграфіях, зробленых у 1933 годзе, можна меркаваць, якім быў храм да таго, як яго пераўтварылі ў гаспадарчую пабудову. Нават пасля неаднаразовага перараблівання ён дзівіць прыгажосцю і стылем. Аб манастыры ж вядома, што гэта быў просты, сціплы будынак прамавугольнай формы з двума драўлянымі прыбудовамі, у адной з якіх знаходзілася прыходская школа.

Ад маёнтка Агінскіх засталіся толькі шматвяковыя таполі – сведкі былой велічы. Рыгор Агінскі памёр у Любліне, але па яго завяшчанню пахаваны быў на радзіме, у склепе пад манастыром. Пасля яго смерці маёнтак перайшоў да яго паплечніка, з якім ён разам ваяваў супраць Сапегаў, Андрэя Крышпіна, а затым – да Булгарыных. Пасля адмены прыгоннага права ўладальнікам маёнтка быў генерал у адстаўцы Юзэфовіч і яго нашчадкі.

Што яшчэ расказвае нам гісторыя пра Вялікую Лапеніцу? У 1886 годзе тут пражывала 475 чалавек, была царква, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, лазня, дзве крамы, кузня, вадзяны млын і карчма. У 1918–1920 гадах у мясцовым касцёле ксяндзом служыў Язэп Германовіч, вядомы як паэт Вінцук Адважны. Пасля 1945 года Вялікая Лапеніца спыніла сваё існаванне як асобны населены пункт, зліўшыся з суседняй вёскай Грынявічы, пра якую мы ўсе ведаем.

Ад будынка жа самога касцёла па сёння захаваліся сцены, дзверы з каванымі накладкамі, фрагменты мураванай агароджы і брама XVIII стагоддзя. Яны разам з таполямі былой алеі нагадваюць нам аб магутнасці старажытнага роду Агінскіх.

Падрыхтавала 
Наталля ТУРКО

Чытайце таксама:

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Сказ пра паўроз (+ відэа)

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Пакарыў Еўропу беларускай калыханкай
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Жыў-быў граф...
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Касцёл, якога няма...
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Калі храмы адыходзяць у неба...
Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае»

Предыдущая статья

Продукцию деревообработки представит на выставке-ярмарке «Еврорегион «Неман-2019» ПУ «Свислочская фабрика лозовой мебели»