banner

Пра малочныя берагі і сырную жар-птушку. Лілія Ціхановіч – “Чалавек года Гродзеншчыны”

27 Июля’20
802
Начальнік вытворчай лабараторыі Ашмянскага сыраробнага завода – філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» Лілія Ціхановіч удастоена ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.



Вось ужо трыццаць шэсць гадоў звязана яе жыццё з гэтым унікальным прадпрыемствам, якое ўзгадавала шэраг сапраўдных прафесіяналаў, дало жыццё шматлікім працоўным дынастыям, сваім існаваннем даказала, што самаадданая праца здольна стварыць цуд: зрабіць з невялікага “саматужнага заводзіка” высокаэфектыўны і эканамічна паспяховы прамысловы комплекс, прадукцыя якога запатрабавана далёка за межамі краіны.

Малочныя шляхі-дарогі

Лілія Ціхановіч (тады яшчэ Юшкевіч) прыйшла на сырзавод у 1984 годзе, адразу пасля заканчэння школы. Уладкавалася звычайнай рабочай на сырасховішча. Многім гэта падасца дзіўным, асабліва сёння: як магло здарыцца, што выдатніца (Ліля скончыла Гальшанскую сярэднюю школу з залатым медалём) не пайшла на дзённае аддзяленне ў ВНУ.

Усё ў жыцці трэба заслужыць – гэта бацькава перакананне стала для дачкі трывалым падмуркам, на якім дзень за днём яна выбудоўвала свае жыццёвыя прынцыпы. У Магілёўскі тэхналагічны інстытут на спецыяльнасць “Тэхналогія малака і малочных прадуктаў” будучы інжынер-тэхнолаг паступіла на завочнае навучанне – не хацела абцяжарваць бацькоў.

Працаваць на сырзаводзе было нялёгка. На той час грузчыкі ў цаху адсутнічалі. Машыны дзяўчаты загружалі самастойна.

Праз два гады Ліліі прапа-ноўваюць пасаду майстра натуральнамалочнага цэха. Гэта работа была вельмі адказнай. Тварог, смятана, ёгурт, кефір, сыры мяккія клінковыя, тварожная маса – усё гэта “наварвалася” на працягу начной змены, каб раніцай адправіцца на прадпрыемствы грамадскага харчавання, у дзіцячыя садкі і школы раёна.

На гэтым участку Лілія Ціхановіч працавала дзесяць гадоў. Столькі ж – у сыраробным цаху.

Лабараторыя – сэрца вытворчасці

Менавіта так, з гонарам прамаўляючы кожнае слова, адзываецца Лілія Васільеўна аб вытворчай лабараторыі, якую ўзначальвае амаль два дзясяткі гадоў.

Працуюць тут 27 чалавек, сем з іх – з вышэйшай адукацыяй.

Патрабаванні, якім павінна адпавядаць вытворчая лабараторыя малочнага прадпрыемства, даволі строгія. Прыйшлося вывучаць вопыт калег у Расіі, Польшчы і Ізраілі. Лілія Ціхановіч адзначыла, што выглядае лабараторыя ашмянскага сырзавода не горш, а па многіх пазіцыях – нават лепш, чым у шэрагу іншых краін. Калі паўстала пытанне аб пераканструяванні лабараторыі, давялося з калегамі накіравацца ў Вільнюс і Рыгу. Увядзенне новых тэхнічных стандартаў прывяло Лілію Васільеўну ў Вугліч, дзе яна скончыла Усерасійскі навукова-даследчы інстытут масларобства і сыраробства і атрымала кваліфікацыю эксперта-дэгустатара малочнай прадукцыі.

Жар-птушка з сырнага раю

Больш за дзесяць гадоў Лілія Ціхановіч выконвала абавязкі намесніка дырэктара завода па ідэалагічнай рабоце. У гэты час пабачыла свет унікальная кніга “Жар-птица из сырного рая» – пра гісторыю, традыцыі і сучасны стан прадпрыемства. Лілія Васільеўна за вывучэннем архіўных дакументаў сядзела начамі, сустракалася з калегамі-пенсіянерамі, па крупінках збірала іх успаміны, праглядвала стосы здымкаў. У 2011 годзе кніга аб людзях, якія стваралі завод, была выдадзена.

Аматар здаровага ладу жыцця, прапагандыст фізкультуры і спорту, Лілія Васільеўна шмат зрабіла па арганізацыі ў калектыве фізкультурна-масавай работы. 

Актыўна ўдзельнічала каманда Ашмянскага сыраробнага завода “Млечны шлях” у інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?”.

Без захаплення чалавек нецікавы

Падчас вучобы ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Лілія Ціхановіч пачула неяк ад выкладчыка, што ў кожнага кіраўніка павінен быць любімы від спорту і любімы занятак – гэта дазваляе трымаць аўдыторыю. І адно, і другое ў начальніка лабараторыі ёсць, нават у кубе.

Яна і валейбалістка здатная, і шахматыстка адмысловая. А яшчэ ў захапленні ад спінінга з лодкі. Захварэла гэтым хоббі жаўчына даўно і назаўсёды. Мае дзве лодкі з маторам. Нават прайшла навучанне і атрымала спецыяльнае пасведчанне аб праве кіравання маламернымі судамі.

Разам з калегамі “рыбачка” не раз станавілася пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Заслуга калектыва

У прысваенні ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны” Лілія Ціхановіч бачыць найперш заслугу калектыва: тых, хто працуе сёння, і хто дбаў пра завод на пачатку яго станаўлення. Ашмянцы шмат прыклалі сіл, каб прадпрыемства стала адным з лепшых у рэспубліцы, каб гучалі на поўную моц сыры “Князь Гольша” (назву прыдумала Лілія Ціхановіч), “БелаРусь” , “Белорусское золото”…

Мне не сорамна за прадукцыю, якую выпускаюць нашы работнікі. Яна якасная і смачная, аб чым сведчаць нашы дасягненні і водгукі спажыўцоў, – заўважыла Лілія Ціхановіч.

Аліна САНЮК, osh.by

Предыдущая статья

В июле поток безвизовых туристов в Гродно увеличился