banner

Няскораная вёска

16 Мая’24
1060

Амаль восем дзесяцігоддзяў мінула з той пары, як заціхлі на нашай шматпакутнай зямли гарматы. У лясах на месцы былых партызанскіх зямлянак кожнай вясной зацвітаюць суніцы. Стаіць цішыня, і чутно толькі, як гудзяць пчолы, збіраючы з кветак нектар, ды спеў лясных птушак. Ападуць сунічныя пялёсткі, і на іх месцы з’явяцца ягады. Іх ярка-чырвонымі кропелькамі будуць усыпаны паляны і пералескі, напамінаючы аб тым, што некалі тут грымелі баі. І кожнаму, чый лёс пераплецены з ваенным ліхалеццем, нагадаюць тыя ягадкі кропелькі крыві змагароў за свабоду і незалежнасць нашай вялікай Радзімы і таго маленькага куточка, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Іх, тых крывавых кропелек, было тут шмат. Памятаюць аб гэтым сосны ды елкі, якія ўкрывалі партызан ад ліхога варожага вока, і кожнай вясною плачуць па загінуўшых бярозы.


Партызанская гасцініца

Вёсачка Сабалькі. Яна прытаілася ў пералеску паміж Ружанскай і Белавежскай пушчамі, і выпаў ёй на долю нялёгкі, але гераічны лёс. З першых дзён акупацыі жыхары Сабалькоў актыўна ўключыліся ў барацьбу з гітлераўцамі. Яны ратавалі ад варожага палону і смерці параненых байцоў і камандзіраў, хавалі, лячылі народнымі сродкамі, кармілі, апраналі, пяклі хлеб, мылі бялізну, збіралі зброю.

 Народныя мсціўцы пастаянна адчувалі падтрымку і дапамогу жыхароў вёскі Сабалькі. Тут партызаны адпачывалі пасля баявых заданняў: падрыву мастоў і чыгунак, дыверсій супраць варожых войск. У барацьбу з ворагам уключыліся не толькі асобныя жыхары, а цэлыя сем’і. Збіралі звесткі аб праціўніку, перамяшчэнні войск і эшалонаў, хадзілі на чыгуначныя станцыі, у фашысцкія гарнізоны Ваўкавыска, Свіслачы, Поразава, Падароска.

Добраахвотныя памочнікі падказалі партызанам, што на вялікай паляне ва ўрочышчы Войтаў Мост немцы будуюць пасадачную пляцоўку для самалётаў, каб лягчэй было весці барацьбу з партызанамі, выяўляць іх стаянкі. Дзякуючы, своечасовым данным, партызанам удалося ноччу наблізіцца да той пляцоўкі, зняць вартавых і разбіць праціўніка. Пасля гэтага ў гітлераўцаў прапала ахвота будаваць аэрадром. За гасціннасць і ветлівасць, з якімі сустракалі вяскоўцы партызан, нягледзячы на смяротную рызыку і небяспеку,  Сабалькі сталі называцца “Партызанскай гасцініцай”.

Сёння, на жаль, ужо няма на свеце тых гасцінных жыхароў. Апусцелі дамы, пазарасталі сцежкі, па якіх прыходзілі сюды партызаны. І мне ўдалося знайсці толькі аднаго сведку, які памятае тыя далёкія дні. Гэта Сяргей Іванавіч Талай

Мы былі сувязнымі

– Калі пачалася вайна, з нашага сяла мужыкі таксама ў партызаны пайшлі, – пачынае свой аповед Сяргей Іванавіч. – Першы партызанскі атрад арганізаваў Вікенцій Янушка.  

Ён да вайны быў старшынёю Кукліцкага сельскага Савету. Калі немцы прыйшлі, то Вікенцію загадалі працаваць на іх. Ён згадзіўся і яго адпусцілі. Але ён, вядома ж, на немцаў не хацеў працаваць і вельмі хутка стварыў невялікую партызанскую групу. З ім былі  ў партызанах Васіль і Цімафей  Янушкі, Аляксей Шабат, Аляксей Саўко і іншыя.  Немцы дазналіся, прыйшлі, схапілі жонку Вікенція, а таксама Крысціну Янушка, Вольгу Янушка (жонку Цімафея), Аляксандру Шабат (жонку Аляксея) і яшчэ шмат жанчын з Корнадзі, Рудні, Магілёўцаў і іншых вёсак. Пагналі іх у Лыскава і там расстралялі.

 У той дзень 75 душ немцы загубілі. Там зараз брацкая магіла, і ўсе імёны загінуўшых увекавечаны. Цудам тады выратаваўся маленькі сынок Цімафея Янушкі. Ён доўга блукаў па лесе, пакуль не адшукаў партызан. Ён расказаў бацьку аб сямейнай трагедыі і застаўся ў атрадзе.  

– Мне толькі дзесяць гадоў  споўнілася, – працягвае мой суразмоўца. – У такім узросце на сяле дзеці не сядзелі без працы, ужо мелі занятак. Вось і я з сябрукамі Мішай Крысеняй, Валодзем Янушка і Валодзем Анісеня таксама справай займаліся – былі пастушкамі. А што? І каровы дагледжаны, і работа не цяжкая, і забавіцца можна як рагулі спаць прылягуць, паскубаўшы сакавітай травы. Мы сябравалі з гэтымі хлопцамі.  Заўсёды разам былі, як браты. І як вайна пачалася, мы не перасталі быць пастушкамі. Вайна вайною, а жывёёла есці хоча. Вось кожнай раніцай і гналі кароў у поле. Пасвілі на лузе, каля лесу, у лесе. Таму, калі з’явіліся партызаны, мы з хлопцамі ўсе іх зямлянкі ведалі. У сяле жыў сувязны Валерый Янушка, ужо ў гадах быў. Дык ён як што дазнаецца пра немцаў, адразу нам гаворыць, а мы ўжо бяжым да партызанаў і ўсё ім расказваем.

Аднаго разу ідзём мы ўжо з лесу, а нам насустрач немцы, хто пехатою, а хто на возе. Убачылі нас, нешта загіргіталі па-свойму і зноў да лесу пагналі. Мы паперадзе, а яны за намі ідуць. Дайшлі да лесу, яшчэ і па лесе трохі прайшлі. Мы думалі, што вось-вось пастраляюць нас. Было вельмі страшна, але мы маўчалі, толькі ў думках развітваліся з жыццём. Яны яшчэ штось гаварылі паміж сабою, а потым нас адпусцілі. Смерць міма прайшла, толькі подыхам ад яе павеяла.

Сяргею  Іванавічу няпроста даюцца гэтыя ўспаміны, бо горкія яны, як палын.

– Моладзь пачалі забіраць у Германію. І майго старэйшага брата Івана таксама забралі. Але яму і яшчэ Васілю Анісені ўдалося ўцячы з Ваўкавыскага чыгуначнага вакзала. Яны не прыйшлі дадому, а адразу падаліся ў партызаны ў Ружанскую пушчу. Аднойчы іх паслалі на заданне і каля вёскі Кавалёўцы Пружанскагя раёна Васіля забілі немцы.

Многія з вёскі пайшлі тады ў лес. Амаль з кожнай хаты і разам з сем’ямі. Вікенцій Янушка дачок сваіх забраў, бо немцы маглі і іх забіць. Жанчыны ў атрадзе есці варылі, дзяўчаты на заданні  хадзілі, сувязнымі былі. Цяжка было партызанам. І голадна, і холадна, але ніхто не скардзіўся, не наракаў. І людзі ў вёсках дзяліліся, чым маглі.

Сабалькоўцы, якія засталіся ў вёсцы, таксама дапамагалі, давалі, што маглі з вопраткі, хлеб для партызанаў пяклі. Аднойчы Антон Зіновік сабраўся завезці партызанам хлеб і яшчэ што-небудзь з яды. Ён паклаў прадукты на воз, прыкрыў трошкі дзяругаю, узяў з сабою малодшага сына і сякеру прыхапіў, нібы па дровы ехаць збіраўся. Але высачылі яго немцы і забілі. Дзякуй Богу, сына адпусцілі. Ён вярнуўся з канём дахаты, а Антона Зіновіка знайшлі толькі вясною, калі снег зышоў. У яго галава была прастрэлена, вока не было.  Тады і пахавалі. Усе ад малога да вялікага прагнулі, каб хутчэй вайна скончылася, каб не баяцца за сваё жыццё, за жыццё дзяцей, унукаў. Таму і перамаглі, што вельмі верылі ў Перамогу.

Пастаянную барацьбу з ворагам жыхары вёскі Сабалькі вялі доўгі перрыяд акупацыі, аж да радаснагя дня 15 ліпеня – дня вызвалення. А вызвалілі вёску часці 65-й арміі, якой камандаваў праслаўлены военачальнік, двойчы Герой Савецкага Сюза Павел Батаў.

Такіх вёсак, як  Сабалькі ў Беларусі – сотні. Толькі ў Свіслацкім раёне іх было не адзін дзясятак. Гэта вёскі Дабраволя, Задворанцы, Куклічы, Міхалкі, Празнікі, Грынкі, Свянціца і многія  іншыя, жыхары якіх не схілілі галовы перад ворагам, свята верылі ў Перамогу і набліжалі гэты дзень як маглі.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара і з архіва “СГ”

Предыдущая статья

В Свислочском районе горел жилой дом: два человека получили термические ожоги