banner

“Найлепшае на свеце месца”

31 Октября’24
524
Так кажа пра бацькоўскую хату Тарэса Рудоміна, якая вярнулася сюды жыць праз шмат гадоў і ўсім сэрцам любіць кожны куточак роднай мясціны

Дом з гісторыяй

Дом, у якім зараз пражывае Тарэса Рудоміна, далёка не самы звыклы. Ён мог бы стаць домам-музеем, дзе жылі і стваралі свае цуда-вырабы самабытныя ганчары Пётр і Іосіф Шопікі. Знакамітая чорналашчоная кераміка сёння з’яўляецца брэндам гарадскога пасёлка Поразава. Задымленыя вырабы братоў у свой час пабывалі на шматлікіх выставах, у тым ліку і міжнародных. Гэтых знакамітых майстроў называюць апошнімі рамеснікамі, якія праславілі сваю малую радзіму. Браты ўжо пакінулі гэты свет. На жаль, ніхто з дзяцей не пераняў ад бацькоў гэтае рамяство. Як ні крыўдна, але быў час, калі яму не прыдавалася так шмат значэння.Незлічоныя віды сучаснага посуду амаль выціснулі ганчарныя вырабы, а калісьці Поразава лічылася своеасаблівай сталіцай ганчарства, дзе вялікая ўвага прыдавалася менавіта чорналашчонай кераміцы. Сюды прыязджалі людзі з розных куточкаў вобласці і з-за яе межаў, куплялі, нахвальвалі і зноў прыязджалі, бо карысталіся тыя вырабы вялікім попытам. Чаму? Бо любая ежа, прыгатаваная ў такім гаршчку, была вельмі смачнай. Асабліва бабка спечаная ў глінянай мялцы ў печы. Такі посуд служыў вельмі доўга, не трэскаўся і быў прыдатны як да гарачых, так і халодных страў. З гліны рабілі ўвесь кухонны посуд, а таксама вазоны, цацкі для дзяцей.

Да слова, ганчарныя вырабы з Поразава і сёння знаходзяцца ў Мінску ў нацыянальным музеі Беларусі.

Успаміны

Але вернемся да дому, дзе сёння гаспадарыць дачка Пятра Шопіка – Тарэса. Тут яна нарадзілася, расла, добра памятае тыя гады, калі тата з дзядзькам Іосіфам ганчарылі. На асобнай палічцы ў Тарэсы Пятроўны захоўваюцца вырабы яе бацькі. Бабку яна выпякае толькі ў керамічным посудзе і адзначае, што ў такім разе яна атрымоўваецца асабліва смачнай. 

– У майго дзеда Іосіфа было сямёра дзяцей, – пачынае свой аповед Тарэса Пятроўна. – Шэсць сыноў і адна дачка. Ганчарствам займаліся ўсе сыны. Чацвёра потым памянялі месца жыхарства. А двое з іх: Іосіф і Пётр, калі пажаніліся, пабудавалі дом на дзве палавіны каля бацькоўскай хаты. Мой тата ўзяў удавіцу Ядвігу з малым хлопчыкам. Яе муж загінуў у 1944-м пры вызваленні раёна. Сыночку Генрыху быў усяго 
1 месяц. Яна плакала, гаравала, а тата мой, тады яшчэ халасцяк, прыйшоў да яе і сказаў: “Не плач, я цябе вазьму замуж і сына твайго любіць буду, як свайго”. Так і сталася. Ажаніліся яны. У новай сям’і нарадзіліся дзеткі. На жаль, чацвёра памёрлі немаўлятамі, а чацвёра выжылі. Я – самая малодшая. Маме больш як сорак гадоў было, калі я нарадзілася. Старэйшаму брату Генрыху ўжо сямнаццаць споўнілася на той час. Тата любіць яго так, як і нас, родных дзяцей. І мы яго таксама любім. Ён у Расіі жыве. Часта телефануем адзін аднаму, размаўляем. На жаль, у яго ўжо не стала жонкі і не было дзетак.

Брат Браніслаў ў Бярэзіно жыве. У яго дзве дачушкі. Сястра Яніна – у Гродне. Выгадавала дваіх дзяцей. Жыве зараз ў дачкі. Яшчэ адна сястра мая – у Смалявічах. У яе таксама двое дзяцей. Ну, а я вось у сваім раёне засталася. Шмат гадоў адпрацавала ў кааперацыі, зараз на пенсіі. 

Памятаю, як у хаце нашай заўсёды шумна было, весела. Мы, дзеці, ніколі не чулі, каб мама з татам сварыліся. Часам толькі заўважалі, што нейкімі маўклівымі яны раптам сталі. Ужо пазней зразумелі, што гэта паміж імі быў часовы разлад, і яны не хацелі, каб дзеці гэта ведалі. Але разлад той ніколі не быў надоўга, праз гадзінку-дзве яны зноў усміхаліся адно аднаму. 



Традыцыі сям’і

Тарэса Пятроўна з цеплынёй расказвае пра сваю маці. Яна была вельмі мудрай жанчынай. Любую сітуацыю, якая здавалася цяжкавырашальнай, яна ўмела неяк хуценька разгладзіць, звесці на нішто. Бацькі не чыталі “маралі”, не каралі за памылкі. Неяк так усё “разрульвалі”, што дзеці самі разумелі свае памылкі і выпраўлялі іх. Маці і бацька прык-ладам сваім выхоўвалі дзяцей. І гэта было самае правільнае выхаванне. Бо калі некаторыя бацькі гавораць адно, а робяць другое, то дзеці ж гэта бачаць і ў сваім жыцці паўтараюць тыя ж памылкі. Ці не так? Было так заведзена ў сям’і, што на кожны дзень нара-джэння з’язджаліся дзеці ўжо са сваімі дзецьімі да маці і бацькі на дні нараджэння, з кветкамі, з падарункамі. Калі маці засталася адна і апошнія 10 гадоў жыла ў Тарэсы Пятроўны, прыязджалі дзеці з унукамі ўжо туды. Каб матуля адчувала іх любоў і клопат, каб яна цешылася, каб было лёгка на душы ў самага роднага чалавека на свеце. 

– У нас калісь была ў доме добрая традыцыя, – дзеліцца ўспамінамі Тарэса Пятроўна. – Кожнай нядзелькай усёй сям’ёй мы рыхтаваліся да касцёла. У печ ставілі бабку, напякалі катлетаў, варылі смачны суп. Дружненька ішлі на імшу, а потым вярталіся, даставалі з печы бабку, усаджваліся за вялікі стол і абедалі. Мы, дзеці, вельмі любілі гэта, заўсёды чакалі нядзельку. А як весела ў нас было на Раство, на Вербніцу, на Пасху. Колькі радасці было ва ўсіх! У таты была працоўня. Гэта так ён называў майстэрню, дзе рабіў посуд з гліны. А яшчэ у яго заказвалі помнікі. Дык надпісы я выводзіла. Старалася, каб без было памылак. Я памятаю татавы рукі на ганчарным крузе. Яны заўсёды былі ў гліне. А я любавалася гэтымі рукамі, яны для мяне былі найпрыгажэйшымі ў свеце, найцяплейшмі. Чаму жыццё такое кароткае? Вось ужо 22 гады мінула, як таты няма, і 10, як не стала мамы. Яна 94 гады пражыла. Але хіба для родных гэта шмат? 

Тарэса Пятроўна, змахвае са шчакі слязу, а яна зноў набягае, і голас у жанчыны дрыжыць. Я яе разумею. Час не загоўвае такія раны. Толькі трошкі прытупляе боль. 

– Васьмёра ўнукаў мелі тата з мамай і восем праўнукаў, – працягвае мая суразмоўца. – Усе рваліся сюды, ў Поразава, бо вельмі любілі бабулю з дзядулем. А калі не стала іх, хатка бацькоўская апусцела. І праз сцяну – палавіна хаты дзядзькі Іосіфа таксама. Я на той час ужо ў Свіслачы жыла з сям’ёй. Прыязджалі мы сюды, дом быў дагледжаны. Траву абкошвалі, печ прапальвалі зімою. А ў снежні 2017-га вырашылі з мужам Юрам, што будзем тут знаходзіцца з вясны да восені, каб больш увагі надаць хаце. Спачатку пачалі рабіць рамонт. На подворку і ў хаце шмат чаго было зроблена, у хаце. Нам так добра было тут, так лёгка. Раніцай, бывала, яшчэ ляжу і прыслухоўваюся: а можа, маміны крокі пачую. А можа, скрыпнуць дверы і тата на парожку з’явіцца. У нядзельку, часам, думаю, вось зараз бабкаю запахне на ўсю хату. Добра нам тут было. І спалася соладка, і прасыналася бадзёра. А потым бяда прыйшла. Захварэў мой Юра. У канцы ліпеня 2019 года яго не стала. Мне тады здавалася, што я памерла разам з ім. Не разумела, што вакол мяне адбываецца і ці я наогул жыву. А потым вырашыла, што буду працаваць і працай глушыць у сабе той адчай. Пачала ставіць плот. Усё сама рабіла: і ямкі для слупкоў капала, і пілавала, і абсякала, і прасла прыбівала, і штыхеткі. Вунь, паглядзіце, як роўненька ўсё зрабіла. Сама зараз здзіўляюся. Праца боль глушыла ,і таму я зараз разумею, што жыццё працягваецца. У нас дзеці. Яны ўжо дарослыя. Сынок Аляксандр будаўнічую прафесію сабе выбраў. Ён такія рамонты робіць, што людзі дзіву даюцца. Вось і ў нас тут шмат чаго зрабіў. Дачушка ў яго Сафійка, унучачка наша, радасць і пацеха. А малодшая дачушка наша, Ірынка, у Свіслачы. Памочніца мая дарагая. Яна падарыла дваіх унукаў – Артура і Алёшку. Спартсмены яны ў нас. Добрыя хлопчыкі, паслухмяныя, працавітыя. Зараз я толькі для дзяцей і ўнукаў жыву. Яны мяне падтрымліваюць, не дазваляюць падаць духам і старэць не даюць, бо побач з імі я не адчуваю гадоў. Тут, у бацькоўскай хаце, яшчэ больш атрымоўваю станоўчай энэргіі, тут для мяне ўсё такое блізкае, такое дарагое, такое непаўторнае. І вада з калодзежа, і яблыкі з саду, і печ, на якой я грэлася, калі была маленькай. 

Шмат чаго берагу мамінага, татавага. Вунь шафа ў нас стаіць, ёй ужо, можа, гадоў са сто. Мне прапаноўвалі прадаць, казалі, што добра заплацяць, але я не згадзілася. Маміны вышыванкі, вязаныя рэчы берагу. Яны захавалі запах маміных рук. 

Хата жыве

Тарэса паказвае мне свае сямейныя рэліквіі, і я разумею, як ёй дорага ўсё, што засталося на ўспамін аб родных людзях. Вось невялічкая фігурка Божай Маці. Калісь тую фігурку, разбітую, бацька знайшоў на сметніку. Сабраў па кавалачку, склеіў глінаю, аднавіў, пафарбаваў, і яна стаіць у куточку, як абярэг хаты, абярэг усіх, хто з гэтай хаты ўзняўся на крылы. Хата жыве. Бо павінна жыць. Бо гэта калыска дзяцінства, гэта вясна юнацтва, дзе бацькі сваім прыкладам укладалі ў душы дзяцей ісціны, што свет трымаецца на дабрыні, на любові да Бога, да людзей і на штодзённай працы.

Ядвіга Кобрынец
Фота аутара 

Предыдущая статья

Хочу. Могу. Работаю