
З 2012 года на тэлеканале «Беларусь 3» выходзіць перадача «Наперад у мінулае» – праграма, прысвечаная спрадвечнай песеннай культуры Беларусі. Кожны выпуск – штотыднёвая справаздача экспедыцыі ў глыбінку, дзе яшчэ захавалася фальклорная беларуская спадчына і самабытныя абрады.
Здымкі праграмы напачатку адбываліся ў Свіслацкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе здымачная група запісала для перадачы некалькі народных песень у выкананні народнага фальклорнага калектыва «Крынічанька».

А потым творчая група праекта перамясцілася ў гарадскі пасёлак Поразава. Галоўнай задачай для стварэння праграмы з’явіўся запіс традыцыйнага для гэтай мясцовасці вігілійнага вечара. Дзеючымі асобамі падчас здымак сталі работнікі ўстаноў культуры раёна. Рэжысёр праграмы Анатоль Вечар і вядучая-рэдактар праграмы Аксана Вечар пабудавалі здымачны працэс такім чынам, што хапіла часу і на расповяд пра гістарычнае мінулае, і на апісанне сённяшняй культурна-абрадавай рэчаіснасці.
Як паведаміла Аксана Вечар, папулярная тэлепраграма з удзелам нашых землякоў выйдзе ў эфір напярэдадні каталіцкіх Каляд, 23 снежня, а 30 снежня вядомы беларускі выканаўца Аляксей Хлястоў праспявае ў тэлеэфіры адну з песень, выкананых «Крынічанькай» у сучаснай аранжыроўцы.
Ігар БАЯРКІН.
Фота аўтара.