
Алена Іванаўна Болбат – былая суседка і сяброўка маёй мамы. Шмат разоў іх рукамі гатаваліся смачныя стравы на веселлі, выпякаліся духмяныя караваі, часам пад трыццаць штук. Ах, які ж водар ішоў ад тых караваяў у нашай летняй кухні, дзе часцей за ўсё “чаравалі” ля печы гаспадынькі. Яны ўсё пра штосьці гаманілі, нешта ўспаміналі. Часам маглі ўсплакнуць, часам звонка смяяліся. І ўсё ў іх руках спорылася, атрымлівалася хутка, спраўна, ну проста выдатна.
Даўно патухла тая печ, ніхто не выпякае ў ёй ні караваяў, ні пірагоў на вяселле ці на свята. Ужо восьмы год няма на свеце мамы, і гэтая страта адгукнулася болем не толькі ў родных людзей –
дзяцей, унукаў, але і суседзяў, сяброў. Усе вяскоўцы ў Занках з цеплынёю ўзгадваююць Зосю Вежбіцкую, а яе былыя сяброўкі тым больш…
Я пераступіла парог цёці Гэлі (па-іншаму ніколі яе не называла) і бачу на вачах у яе слёзы. Мы сядзелі на кухні каля стала, і яна мне ўсё расказвала, як яны сябравалі з маёй мамай з маладосці і былі як сёстры, як маглі даверыць адна адной усё, што на душы ляжала, як дзяліліся і радасцямі, і бедамі.
Але я завітала да яе зусім з іншай нагоды. Я прыйшла не да пасівелай бабулькі з маршчынкамі на твары, а да маленькай дзяўчынкі Гэлечкі, якой у трохгадовым узросце давялося па-знаць у поўнай меры, што такое вайна. Што такое страх, голад і холад.
Дзеці не разумелі, што здарылася
Гэля Клапацюк (Алена Іванаўна Болбат) нарадзілася 16 чэрвеня 1938 года, за 3 гады і 6 дзён да вайны ў вёсцы Каланая.
– Што я памятаю пра вайну? Галубка мая, няшмат чаго, бо малая была, – цяжка ўздыхнуўшы, кажа бабка Гэля. – Але і тое, што запомнілася, часам вострым болем працінае сэрца, асабліва калі кіно пра вайну гляджу. Разумею, што гэта ўсё адбываецца на экране і што там акцёры, а не немцы, а ўсё роўна мароз па скуры бяжыць і здаецца, вось-вось пачую грукат у дзверы, і гарласты немец закрычыць: “Матка, млеко, яйкі…”. Даўно тая вайна скончылася, а забыцца ніяк не магу. Помню, як мы ў зямлянцы сядзелі, якую тата выкапаў. Усе пра вайну размаўлялі, а я не разумела, што гэта такое. Ніхто з дзяцей малых не разумеў, адчувалі толькі, што гэта штосьці вельмі страшнае, што нельга дома быць, а трэба хавацца. А яшчэ памятаю выбухі, страшэнныя такія, аж зямля ўздрыгвала. Я да мамы тулілася і плакала. Нас у бацькоў тады двое было: я і брат Іван. Яшчэ памятаю, як недалёка ад нас у балота самалёт упаў. Ён яшчэ ў небе загарэўся і падаў. Лётчык у ім згарэў. Такое велізарнае полымя было, так страшэнна гудзеў той самалёт, а потым грымнуўся ў балота. Немцы яго збілі. Усе шкадавалі таго лётчыка, а я мала што разумела, вядома – дзіця дзіцём.
Мама нам сухары ў зямлянку прыносіла, а потым мы да суседа Санюковіча ў склеп перайшлі. У яго было двое дзяцей, трохі старэйшых за нас, яны таксама ў тым склепе сядзелі. Гэта ўсё ў Каланой было. Мы тады ў бабкі Гандзі жылі. Яна павітухай была.
Дзеці ў Каланой і ва ўсіх навакольных вёсках дзякуючы ёй нараджаліся. Вельмі добрай бабулькай была. Я яе па сёння памятаю. Потым мы перасяліліся ў Сакольнікі. А немцы ў Каланой гаспадарылі. Недалёка ад нас хутар стаяў, там дзед з бабкай жылі, у іх два сына было і абодва партызанілі. Немцы неяк даведаліся, расстралялі тых дзеда і бабу і хутар спалілі, гумно з жытам таксама згарэла.
Немцы грукалі ботамі ў дзверы
Бабулька Гэля замаўкае, падпірае далонню шчаку, на нейкі час задумваецца. Я не парушаю яе маўчанне. Разумею: яна зараз там, на вайне.
– Ой, чаго толькі людзі не нацярпеліся з-за гэтых немцаў, – працягвае Алена Іванаўна. – Што яны злыдні вытваралі. Не людзі гэта былі, а горш за звяроў. Іх нават жывёла баялася, куры, гусі. Сабакі здалёк чулі і хаваліся, затое іхнія аўчаркі так страшна брахалі, гатовыя былі ўсіх разарваць, загрызці. Сабака, ён ж сам па сабе жывёліна разумная, доб-рая, а яны, немцы тыя паганыя, вучылі сабак забойцамі быць. Такімі яны і былі. Нават дзіця маглі ў шматкі парваць.
Немцы і ў Сакольнікі прыходзілі, грукалі ботамі ў дзверы, аж уся хата траслася. Таксама прымушалі аддаваць яйкі, сыр, малако, іншыя прадукты. Мама даіла карову і малако гэтым злыдням у Каланую насіла. А мы кожны раз баяліся: вернецца яна ці не. Бо ад немцаў можна было чакаць чаго заўгодна.
Потым, калі немцы адступалі, каня нашага забралі, а нам параненага пакінулі.
У яго сцягно разадранае было. Тата яго доўга лячыў. Я таго коніка не баялася, гладзіла яго па грыве, а ён паглядаў на мяне такімі сумнымі, разумнымі вачыма. Рана яго потым загаілася, тата тым канём поле нашае араў.
У 1944-м годзе, пасля вызвалення, многія мужыкі пайшлі на фронт. А нашага тату не забралі. Ён у лесе працаваў, яму далі бронь. Працавіты быў тата, усё мог зрабіць, залатыя меў рукі. У нас пасля вайны яшчэ сястрычка Іра нарадзілася і брат Чэсь. Але мама нядоўга пажыла, рана памерла, праз два гады пасля яе і тата.
Я ў 18 гадоў замуж пайшла і пераехала ў Занкі. Спачатку ў свекрыві жылі, гадоў сямнаццаць. Там нашы дзеткі нарадзіліся – сынок Саша і дачушка Галя. Потым вось гэты дом пабудавалі. Дзеці ўжо падлеткамі былі. Раслі паслухмянымі, самастойнымі з малога, добра вучыліся. Мы з мужам працавалі, не было нам часу з дзецьмі забаўляцца. Мой Мікалай шафёрам быў, а я на цялятніку з рання да вечара. Праўда, свякроў дзяцей гадаваць дапамагала, я ёй удзячная за гэта.
У працы з яе бралі прыклад
Алена Іванаўна ўсё жыццё працавала на ферме, даглядала цялят. А паколькі працаваць “абы з рук” яна ніколі не ўмела, калі бралася за справу, то ад усёй душы, і вынік, зразумела, быў даволі прыкметны. Гэ-
тыя “вынікі” былі адзначаны медалём «За трудовое отличие», а таксама цэлай гарой ганаровых грамат, падзяк раённага, абласнога, рэспубліканскага і саюзнага ўзроўню. Раслі яе цяляты, як пірагі на дражджах, а клапатлівая цялятніца толькі цешылася. Настолькі была прывязана да працы, што не магла расстацца са сваімі цяляткамі гадоў да 75-ці. Так спраўна ў яе ўсё атрымлівалася, што маладыя цялятніцы дзіву даваліся. А яна падбадзёрвала іх, давала доб-рыя парады, дапамагала, калі бачыла, што нешта не так у якой цялятніцы атрымліваецца. Ёй дзякавалі, яе паважалі, з яе бралі прыклад.
Даўно выраслі дзеці Алены Іванаўны. Сын Аляксандр выбраў для сабе прафесію абаронцы Айчыны. Мае званне падпалкоўніка. Зараз на пенсіі. Жыве ў Маскве, выгадаваў дачушку Аксану, ужо мае ўнука Адама. Дачка Галіна – у Свіслачы. Яна падарыла матулі ўнучку Кацярынку. А тая парадавала любую бабульку праўнукам Багданам і праўнучкай Дашай. Яны таксама з задавальненнем прыязджаюць да бабкі Гэлі ў Занкі.
“Я многім абавязаная бабулі”
– Мая бабуля Гэля – найлепшая ў свеце, – дзеліцца са мной ужо дарослая ўнучка Кацярына. – Я многім абавязаная бабульцы. З маленькага была каля яе. Мы ўсё з ёю рабілі разам. Возмецца яна выпякаць што-небудзь, бярэ мяне ў памочніцы. “Каця, будзеш цеста раскачваць на хрушчы, – казала мне. Я раскачваю. Бабуля дзе трошкі дапаможа, дзе падскажа, а так я сама спраўлялася. Напячом з ёю гару тых хрушчоў, пасыплем цукровай пудрай. Ах, як было смачна! А бабуля яшчэ падхваліць: “Бачыш, унучачка, якой ты смакаты сваімі ручкамі нарабіла. Малайчынка”. А я аж свячуся ад радасці. Пельмені мы з ёю разам рабілі, катлеты, галушкі. І пірагі пяклі разам, я яйкі вымешвала, цукар дадавала і вачэй не зводзіла з бабуліных рук. Усё, што я сёння ўмею прыгатаваць, гэта дзякуючы бабулі.
А яшчэ мы з ёю сена нарыхтоўваць для каровы ездзілі. Бабуля з граблямі, і я таксама. А сена высушанае пахне-пахне, а рукі баляць-баляць, але я не скарджуся бабулі, каб не падумала, што я гультайка, бо бабуля найбольш гультаёў не любіла.
А яшчэ мы з ёю дзялкі палолі. Вось гэтага я найбольш не любіла. Але таксама не ленавался, бо не хацела, каб бабуля была незадаволеная мной. І на ферму да яе я любіла хадзіць. Цяляткі маленькія малачко вып’юць, а потым руку смокчуць. А мне так цікава было, весела…
Што мяне заўсёды здзіўляла, дык гэта, як яна паспявала і на ферме спраўляцца, і дома з гаспадаркай. У яе карова была, свінні, куры, гусі, качкі, агарод вялікі, дзялкі буракоў, сотак з 30 бульбы. І ўсё заўсёды было ў яе дагледжаным, кругом быў парадак, чысціня. А колькі кветак у яе на падворку, вы бачылі? З ранняй вясны да поз-няй восені цвітуць і цвітуць. А якія яблыкі ў садзе, грушы, слівы, вішні…
Кожнае лета я была ў бабулі. І гэта было маім любімым месцам знаходжання.
Аднойчы мы з дзедам Колем вырашылі пажартаваць над бабуляй. Прыйшла ў абед карова, я яе выдаіла, а дзеда папрасіла, каб не гаварыў бабулі. Вось прыбегла яна з фермы, схапіла вядро і хутчэй – у хлеў. Праз некалькі хвілін выбягае з пустым вядром і хоча кудысьці ехаць на ровары. Дзед пытаецца: “Куды ты сабралася ехаць?” А яна: “Паеду да Мікульчыка (ветэрынарнага фельчара), карова захварэла, вунь, паглядзі, можа дзвесце грамаў малака дала”. А дзед смяецца: “Гэта мы з Кацярынкай пажартавалі так над табою. Яна падаіла карову. Злазь з ровара”. На жаль, дзеда Мікалая даўно ўжо няма. Вельмі яго любіла. Я ў яго любімай унучкай была.
Вечарам бабка Гэля мяне смачна карміла, і мы ішлі з ёю спаць. Казак бабулька мне не расказвала. Яна іх, можа, і не ведала. Расказвала затое розныя гісторыі з жыцця, з юнацтва свайго. Мне было так цікава слухаць! А вось пра вайну не хацела расказваць. Ужо потым, як я вырасла, часам успамінала. Я бачыла, што ёй гэтыя ўспаміны цяжка даюцца, але слухала і вельмі шкадавала бабульку. Таму што вайна адабрала ў яе дзяцінства, прымушала жыць у пастаянным страху. Часам яна ўкладвала мяне спаць, садзілася побач і седзячы засынала, бо вельмі стамлялася за дзень. А заўтра ж трэба было зноў на досвітку падымацца і працаваць, працаваць… І так усё жыццё.
Я глядзела на Алену Іванаўну, на яе спрацаваныя рукі і бачыла сваю маму. У яе былі такія ж рукі, такія ж маршчынкі-праменьчыкі ля вачэй, такая ж добрая ўсмешка. Дзякуй вам, цёця Гэля, за вашы шчырасць і дабрыню. Жывіце доўга, няхай кожны ваш дзень будзе напоўнены радасцю і спакоем за родных і блізкіх людзей.
Ядвіга Кобрынец