15 лютага, 28 гадоў таму, апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Афганістана. Гэты дзень стаў днём жалю і тугі, днём ушанавання мужнасці і адвагі салдат, якія загінулі, і тых, каму пашчасціла вярнуцца на родную зямлю.
Па традыцыі ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Свіслачы каля памятнага знака з імёнамі нашых землякоў Уладзіміра Піваварчыка, Валерыя Патоцкага, Івана Прохара, Уладзіміра Залеўскага, Віктара Лобача, якія назаўжды засталіся вернымі прысязе, да канца выканаўшы свой інтэрнацыянальны доўг, быў праведзены мітынг-рэквіем. Ушанаваць памяць загінуўшых і выказаць словы прызнання і ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам, якія вярнуліся на Радзіму і дастойна працягваюць мірнае жыццё, прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, арганізацый і прадпрыемстваў горада, раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, гараджане і школьнікі.
Са словамі падзякі за бездакорнае выкананне грамадзянскага абавязку, актыўную грамадскую дзейнасць па патрыятычным выхаванні моладзі да ветэранаў вайны ў Афганістане звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзімір Анішчык.
– Вайна – гэта смутак і боль, якія застаюцца ў памяці назаўжды. Наш агульны абавязак – паважаць і памятаць гераізм, мужнасць, адвагу афіцэраў і салдат, аддаўшых сваё жыццё за шчасце іншых народаў. Воіны-афганцы добра разумеюць, што такое подзвіг, самаахвярнасць, гераізм. Яны ўмеюць цаніць жыццё і займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці.
Сёння мы ўшаноўваем памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, праходзіўшых службу ў Іспаніі, Карэі, Анголе, на Блізкім Усходзе і ва В’етнаме. Будзем жа памятаць загінуўшых і паважаць жывых.
Ад імя воінаў-інтэрнацыяналістаў выступіў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Сяргей Навасад. Пранікнёна прагучалі і словы вучня сярэдняй школы № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслач Глеба Крыштофіка.
Памяць пра загінуўшых на чужыне герояў удзельнікі мітынгу ўшанавалі мінутай маўчання, да памятнага знака ўсклалі вянкі і жывыя кветкі.
***
Традыцыйна ў гэты дзень прайшла раённая «Вахта памяці». Прадстаўнікі раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане, раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў і грамадскага аб’яднання Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі наведалі сем’і загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, пабывалі на могілках, дзе ўсклалі кветкі і запалілі памінальныя лампадкі.
…Афіцыйна для нашых суайчыннікаў гэта вайна скончылася 28 гадоў таму, аднак да сённяшняй пары яна працягвае жыць у сэрцах соцень, тысяч людзей. Душэўныя і фізічныя раны ветэранаў вайны ў Афганістане ніколі не загояцца, не забудзецца перажытае. Як не адыдзе ў небыццё і іх подзвіг.
Ігар БАЯРКІН.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.