banner

Асіны допінг

30 Января’17
1619

 

Гэтую гісторыю я пачула ад адной свіслачанкі.


Як сёння памятае Галіна той кавалак зямлі ў Агародніках, дзе адным часам яны з мужам мелі соткі. Злева – хмызнячок, справа – лясок, пасярэдзіне – бульбяное поле. А ў канцы таго поля – запрымецілі яны гаспадарскім вокам – стажок саломы стаіць, па ўсім відаць, нікому не патрэбны: ужо счарнеў ад часу.


Вось і вырашылі Галя з Васем скарыстацца выпадкам: набраць саломкі – у гаспадарцы, маўляў, спатрэбіцца. У нядзельку запрэглі каня, селі ў возік ды праз занкаўскі пераезд падаліся на Агароднікі. Дабраліся і... любуюцца полем. А яно проста “гаворыць”: пайшла бульба ўгару, сцябло тоўстае, лісце мясістае, весела зеляніць. Відаць, многа гною далі – ферма зусім побач. Ляжаць соткі, як кавёр. Палоць няма чаго. Пустазелле, канешне, ёсць, але ўжо такой царскай бульбе не шкодзіць.


– Ну, кіруй да стажка, – кажа Васіль.


– Боязна яксьці. Авадні могуць да каня прычапіцца, яшчэ панясе яго, – памяркоўна разважае Галя. – Лепей пешшу схадзі па разоры. Наскубеш саломы і прынясеш у воз. Мяшок вось возьмі.


Вася зняў кашулю, пападкасваў калошы, нацягнуў шапку на патыліцу і нырнуў у бульбянішча. А Галіна ўляглася на воз, травіну ў рот узяла ды дзівіцца навокал. Прыгажосць! Кветкі цвітуць усімі краскамі вясёлкі, конікі стракочуць, стракозы носяцца, жаўрукі гойсаюць уніз-угору...


Раптам чуе: лямантуе нехта. Ускочыла, азіраецца: хто ж гэта крычыць ва ўсё горла? Каб Васька – зусім не падобна, не яго гэта тэмбр. Яна што, голас свайго мужа не пазнае?! Аказалася ж, што ўсё-такі ён! Глядзіць Галя: ляціць яе Васька маланкай назад, нібы нейкі допінг атрымаў, ніякі спартсмен не дагоніць. Між гэтым галосіць ды парожнім мяшком над галавой махае. “Што гэта з ім? – думае Галіна. – Можа, які воўк напужаў ці дзік гоніць?.. Хіба ж у высокім бульбенні ўбачыш?” І тут яе асяніла: “Відаць, нешта страшнае нарабілася. Ой, гэта ж Вася мне знак падае, каб сама ратавалася”, – і яна хуценька схапілася за лейцы. У нейкі момант Галі здалося, што мужык яшчэ мацней залямантаваў. Жанчынай апанаваў невытлумачальны страх – і чым грамчэй крычаў ззаду Вася, тым шпарчэй яна паганяла каня.


Але і трох сотняў метраў не праехалі калёсы, як Васіль дагнаў іх. А што?! Добрую дозу допінгу атрымаў! Як аказалася, толькі падыйшоў ён да стажка і паспрабаваў пук саломы з яго выцягнуць, як адразу скрывіўся ад болю. Здалося Васілю, што засунуў рукі не ў салому, а ў кіпень. Ці ж жарты? Замест падсцілу трымаў у руках асінае гняздо. І панеслася. Дакладней, спачатку Вася панёсся, а за ім – злосныя спрасонку осы.


– Чаму ты без мяне паехала? – настойліва дапытваўся муж у жонкі. – Я ж табе махаў, каб чакала.


– А я падумала, ты мне знак даеш, каб ад’язджала хутчэй, – апраўдвалася тая.


– Ты што, не бачыла, што нада мной рой круціцца? – не мог супакоіцца Вася.


– Ды як жа я з трохсот метраў магу асу разглядзець? Я што, снайпер хіба?


Між тым пальцы на руках у Васі сталі, нібы каўбасы. Плечы гудзелі. Дасталося небараку ад осаў. Вядома, што ж на ім з вопраткі было? Толькі шапка і штаны. Дарэчы, шапку потым знайшлі, як соткі капаць паехалі. Галоўнае ж, трэба было ратаваць мужа. Галя ведала, што боль сцішыць холад, ды, палажыўшы “пацярпеўшага” у воз, аблажыла яго камянямі. А каб людзі не бачылі Васю ў такім непрыглядным выглядзе, зверху яго мешкавінай накрыла. Так і цягнуліся паціху, гадзіны дзве дамоў дабіраліся. Галя пусціла каня вольным крокам, бо баялася, несучыся па калдобінах, мужу ныркі адбіць. А той усю дарогу бубнеў з-пад мешкавіны. Каб суняць крыху яго пыл, жонка прыгразіла, што ў прыёмны пакой яго адвязе ці “хуткую дапамогу” выкліча. Васіль адразу супакоіўся, бо баяўся дактароў, як чорта. Дзякуй богу, усё абышлося. Клопат жонкі паставіў мужа на ногі. Назаўтра Вася на работу падняўся, як агурок.


– Не трэба ў нядзельку работу шукаць, – гледзячы на яго, ужо сур’ёзна сказала Галіна. – Людзі вунь у касцёл едуць, а мы працуем. Грэх. Відаць, трэба і для Бога дзень мець.

 

Запісала Наталля ТУРКО.

Предыдущая статья

Качество, которое объединяет