Дапамог навігатар

23 Января’17
1344

Дапамог навігатар

 

З вясны да зімы мая сястра Ірына з мужам жывуць на Зельвеншчыне. Там яны маюць невялікі пчальнік, займаюцца пчоламі. А ў нядзелю Іра заўжды адпраўляецца на сваім аўтамабілі за дзесяць вёрст у касцёл (яна ў мяне шафёр першага класа з паўвекавым стажам). У гэты дзень да яе ідуць сяброўкі і суседкі, каб ехаць разам. Іра нікому не адказвае.


Вось якраз аб адной такой паездцы сястра мне яксьці і апавядала.


Нядзеля. Ранак. Усе жадаючыя пад’ехаць у касцёл падыходзяць да Ірынінай хаты. Адна з іх, Тэрэза, цягне за сабой мяшок. У ім нешта варушыцца.

 

Жанчыны пытаюцца:


– Што там?


– Нясу свайго мучыцеля, – гаворыць тая. – Дастаў ужо мяне. Жыцця ніякага не дае.


Там, у Міжэрычах, за дзесяць кіламетраў ад сваёй вёскі, яна збіралася з ім развітацца, каб далей жыць спакойна, як усе людзі. Бо кот, з яе слоў, рабіў усё наперакор: ці вазоны з падаконніка паскідвае, ці палавікі ў кучу пасцягвае, ці з вуліцы ідзе ў хату забруджваць куткі. Аб сваіх жа прамых абавязках – лавіць мышэй – нават і не думаў. І адно, толькі адно выйсце з гэтага становішча – развітацца з ім назаўсёды.


На ўсё гэта сяброўкі сказалі, што кот праз некалькі дзён можа вярнуцца назад, бо дзесяць кіламетраў – гэта не надта далёка. Тады Іра, часта памаргаўшы, узяла ды перакруціла той мяшок з катом вакол сябе некалькі разоў, каб “збіць усе катовыя навігатары” (так яна патлумачыла сваё дзеянне). Нарэшце ўселіся ў машыну.


Па дарозе жартавалі. І, канешне, тэмай смешак быў той кот. Ірыну ўгаворвалі, каб не пакідала яго на волю лёсу. Кот, на думку жанчын, быў вельмі разумны. Вазоны на вокнах пераварочвае? Дык гэта ж ён бачыць, што замнога іх там і яны свет засланяюць. “Прарэдзіць” вазоны – пусціць сонца ў хату. А палавікі не зварочваў, не скручваў, а па-свойму іх выбіваў, вытрасаў, змагаўся з пылам. Словам, дапамагаў гаспадыні як мог. А мышэй не лавіў, бо, відаць, іх няма.


Тэрэза ж усю дарогу маўчала і ніяк на гэтыя жарты не рэагавала. А прыехаўшы на месца, выцягнула мяшок і дэманстратыўна вытрасла з яго ката, прыгаворваючы:


– Не хацеў жыць як чалавек, жыві як сабака. Шукай другую дурную! А з мяне ўжо хопіць! Намучылася!..


Служба ў касцёле скончылася праз паўтары-дзве гадзіны. Потым жанчыны на хвілін трыццаць зайшлі ў краму, бо ў сваёй вёсачцы магазіна не мелі. А тут, у аграгарадку, усё ёсць.


Вяртаючыся, сястра заўжды развозіла спадарожніц па хатах. Задаволеную і вызваленую ад ката-ката Тэрэзу давязла першай. Толькі спыніліся ля яе веснічкаў, адразу, як па камандзе, дружна ўсе раты і параззяўлялі. На парозе хаты, задраўшы ўгару хвост, як ні ў чым не бывала, сустракаў гаспадыню кот-мучыцель. Жанчыны не маглі стрымаць смех. Рагаталі і здзіўляліся: як кот, едучы ў мяшку ў багажніку, “без навігатара” змог знайсці дарогу дадому ды яшчэ ўсяго за дзве гадзіны адолець адлегласць?!


Тэрэза ж узяла ката на рукі і сказала:


– Гэта, відаць, мой лёс такі. А, урэшце, добра, коцік, што ты вярнуўся да сваёй хаткі. Я ўжо хвалявалася, што грэх на душу ўзяла. Можа, і ты пасля ўсяго гэтага палепшаеш. Пайшлі, дам табе малачка…


P. S. А палепшаў той коцік ці не, я, прызнацца, не ведаю. Пазваню калі-небудзь у вёску да Тэрэзы, дазнаюся. Ды вам раскажу.

 

Яніна СНУЙКО,
г. Свіслач.

Предыдущая статья

«Золотое перо «Белой Руси»-2017»