Яна сядзіць перада мной – сівая бабулька, якой лёс налічыў ужо сто два гады. Доўгажыхарка. У наш час, калі сярэдняя працягласць жыцця жанчыны ў Беларусі складае 76–78 гадоў, такія людзі – рэдкасць. Так і дзіўлюся на яе – як на цуд.
Падумаць толькі! Марыі Іванаўне Варапай, якая нарадзілася ў далёкім 1914-м, на лініі жыцця былі намаляваны рэвалюцыя, Першая сусветная вайна, утварэнне СССР, калектывізацыя, сталінскія часы, Вялікая Айчынная, хрушчоўская адліга, перыяд застою, перабудова, распад Савецкага Саюза, змена тысячагоддзя... Як толькі хапіла на ўсё душэўнай сілы, як толькі вытрымоўвае памяць!.. Ды і блытаюцца ўжо ў пасівелай галаве ўспаміны. Многае забываецца. А калі ўсё ж усплывае на паверхню з глыбіні часу – быццам разгладжваюцца зморшчынкі, вусны кранае ледзь прыметная ўсмешка, у затуманеным позірку загараецца святло. Хочацца прыгадваць, як жыла, кахала, працавала, гадавала дзяцей, і – гаварыць, гаварыць, гаварыць...
Пра дзяцінства
Нарадзілася Марыя Іванаўна ў вёсцы Баблова Ваўкавыскага раёна. Сям’я была вялікая – шасцёра дзяцей. Бацькі з раніцы да вечара ўсё ў клопаце. Вядома – гаспадарка. А пяцігадовая Марыйка за малодшымі наглядала. Гушкала калыску. Бывала, пад гэты манатонны занятак сама задрэмле ды ўпадзе на падлогу. Спужаецца, схопіцца. Сама дзіця яшчэ... А ў школу хадзіла, успамінае Марыя Іванаўна, толькі зімой. Летам жа дзяўчынка дапамагала бацькам упраўляцца з гаспадаркай, разам са сваімі аднагодкамі пасвіла кароў.
Пра каханне
– Ці ёсць на свеце каханне? – пытаюся ў Марыі Іванаўны.
– Ёсць, ёсць!.. – ажыўляецца бабулька. Думкі-успаміны падхватваюць яе і, быццам на крылах, імчаць скрозь час у далёкую бестурботную маладосць.
...Валодзя быў старэйшы за Маруську на дзесяць гадоў. Высокі, круглатвары, валасы і скура светлыя, а шчокі чырвоныя, быццам намаляваныя. Адным словам – прыгажун. Але не толькі знешнасцю пакарыў ён маладую дзяўчыну. Шмат прывабнага было і ў яго характары. “Спакойны, паважлівы, культурны, акуратны”, – успамінае Марыя Іванаўна. Шмат было ў вясковай прыгажуні прыхільнікаў. Гарачыя, маладыя, яны нават біліся за яе. Валодзя ж “спадцішка заваяваў сэрца” дзяўчыны і паклікаў замуж. Марыя адчувала, што ён будзе добрым для жыцця, і згадзілася. Адгулялі вяселле і зажылі душа ў душу. Валодзя быў руплівым гаспадаром, клапатлівым мужам і бацькам (трох дзяцей нарадзілі). Вось толькі, каб не...
Пра мір
Пачалася вайна. Валодзю накіравалі ў тыл – на няблізкі Урал, у горад Бярэзнікі. У першыя гады вайны сюды прыбывалі эшалоны з эвакуіраваным абсталяваннем прадпрыемстваў Украіны, Масквы, Ленінграда. Стваралася новая вытворчасць, якая павінна была адказваць патрэбам абароннай прамысловасці. Два з паловай гады прабыў тут Валодзя. Праца была цяжкай, ні пра якую механізацыю ці аўтаматызацыю тады ніхто не чуў. Акрамя таго, не хапала ежы: рабочыя літаральна пухлі ад голаду. Марыя, шкадуючы мужа і перажываючы за яго, шукала любую магчымасць, каб перадаць у Бярэзнікі пасылку. Не надта і было, што паслаць: кавалак мяса падсушыш, хлеба пакладзеш, тытуню (там яго можна было абмяняць на прадукты). Дома ж перабіваліся чым маглі, у асноўным тым, што заставалася з уласнай гаспадаркі. Жменю зерня ў жорны кінеш, рукамі змалоціш, зробіш якую-ніякую зацірку...
Гады вайны, гаворыць Марыя Іванаўна, былі, нібы ноч цёмная. Прыйшлі немцы – і людзьмі апанаваў страх. У ворага свае парадкі: ледзь што не так – расстраляе. У крайнюю хату ад лесу, расказвае Марыя Іванаўна, часта наведваліся партызаны. Знайшоўся здраднік, далажыў немцам. Тыя наляцелі і расстралялі гаспадара і яго дачку (менавіта яны ўдвох у той момант знаходзіліся дома). І толькі калі прайшла лінія фронту, адкінуўшы захопнікаў на захад, людзі перасталі баяцца ноччу спаць.
Адышло ліха. Вярнуўся Валодзя дамоў. Жывы, але надта хворы. Так і прамучыўся да канца сваіх дзён са страўнікам. Дзякуй богу, дажыў да 86 гадоў.
Пра працу
“Без працы нічога не бывае”, – разважае доўгажыхарка. Яна і год назад, абапіраючыся на кій, збірала на полі бульбу. А раней – і таго болей. Ніякай працы не баялася. Усюды паспявала: у хаце і ў калгасе, у полі ды на ферме. Словам, пакуль магла – працавала. Цяжка, многа, сумленна. За гэта насіла ганаровае званне “заслужаная калгасніца”, з’яўляецца ветэранам працы.
Дачка Ала забрала Марыю Іванаўну з вёскі да сябе ў Свіслач. Беражэ старэнькую матулю.
Пра лёс
“За сваё жыццё чалавек пражывае ўсё і ўсялякае, – гаворыць Марыя Іванаўна. – І добрага, і дрэннага хапае. Але не больш таго, што наканавана”. Верыць доўгажыхарка, што чалавек з’яўляецца на свет з назначаным лёсам. Таму ніколі не трэба скардзіцца. Толькі дзякаваць Богу за тое, што давялося спазнаць шчасце і гора, радавацца і тужыць, смяяцца і плакаць...
Наталля ТУРКО.
Фота аўтара.