Новае жыццё ў новай кватэры

29 Октября’16
1329

Новае жыццё  ў новай кватэры

 

Леакадзія Аляксандраўна Гурская ў спісе васьмі жыхароў Свіслаччыны, каму споўнілася 100 гадоў і болей. 

 

Лёс распарадзіўся так, што ўжо другі год запар яна жыве ў Кабыльніках у доме сумеснага пражывання. Леакадзія Аляксандраўна вельмі задаволена ўмовамі, у якіх знаходзіцца, і ўдзячна таму, хто аднойчы ёй прапанаваў пераехаць сюды на зіму. Не думала тады жанчына, не гадала, што мяняе месца жыхарства назаўсёды. “Тут цёпла і ўтульна, заўсёды прыгатавана, прыбрана”, – не раз падчас нашай сустрэчы паўтарала мая субяседніца.


Леакадзія Аляксандраўна нарадзілася ў Скраблах у шматдзетнай сям’і: у яе было два браты і дзве сястры. Як і ўсе вясковыя дзяўчаты, рана была прывучана да працы. А калі прыйшоў час, закахалася і выйшла замуж. Мікалай жыў па-суседску, славіўся сваімі кравецкімі здольнасцямі. Хоць пры бацьках Мікалая жылі, але ладзілі, уступалі адзін аднаму, трымалі невялікую гаспадарку. Мікалай добра зарабляў на заказах. Як кажуць, заўсёды былі з кавалкам хлеба, было чым паласавацца і да яго. Аднак нядоўгім было іх шчасце: заўчасна памёр гаспадар. Маладая ўдава засталася адна з двума сынамі на руках. Старэйшаму споўнілася ўсяго пяць гадкоў, малодшаму – шэсць месяцаў. Выхаваннем хлопчыкаў прыйшлося займацца самой. Шкадавала дзяцей, баялася лішні раз накрычаць, каб не пакрыўдзіць. Мабыць, жаночае лагоднае выхаванне і наклала адбітак на будучым малодшага сына Юры. Калі вырас, стаў заглядваць у чарку: чым далей, тым часцей. А аднойчы, калі не хапіла на выпіўку грошай, падняў руку на маці. Потым другі раз, трэці... З цягам часу такія паводзіны сына сталі нормай жыцця.


– Цяжка мне было з ім, ой цяжка, – зноў і зноў з поўнымі вачамі слёз паўтарае баба Лёдзя. – І падтрымаць мяне не было каму, засталася я адна. Старэйшы сын Мікалай (звалі, як бацьку) рана памёр, нявестцы самой дзяцей трэба было падымаць. А на старасць і зрок стаў слабець, і здароўе падводзіла. Не магла я трываць такіх здзекаў над сабою. Вядома, калі прапанавалі пераехаць са Скраблоў у Кабыльнікі, адразу ж згадзілася. А малодшы сынок дрэнна скончыў сваё жыццё. Піў, піў, пакуль хату не спаліў і сам ад дыму не задыхнуўся.


За два гады, якія Леакадзія Аляксандраўна правяла ў Кабыльніках, ажыла, павесялела. Не даюць ёй смуткаваць сяброўкі Ванда і Ганна: гавораць не нагаворацца. Часта маладосць успамінаюць, калі-нікалі і на лёс адна другой паскардзяцца, паплачуць. З удзячнасцю аб дырэктары цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва М. І. Арле адклікаюцца. Свайго сацыяльнага работніка Алену хваляць: за смачныя абеды, за цярпенне да іх старых і нерухавых, за чуласць, якую праяўляе. На суседзяў не нарадуюцца.


– Вы ведаеце, якія тут суседзі?


– Якія? – цікаўлюся.


– Такіх яшчэ пашукаць трэба. Прыгатуюць нешта смачнае – нам нясуць. Збяруць ягад – пачастуюць. Ніколі дрэннага ад іх не пачулі, наадварот, падтрымаюць цёплым словам, падбадзёраць, – падагульняюць напрыканцы нашай сустрэчы субяседніцы.

 

Алена КЕДЗІК.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Новые меры направлены на повышение активности на рынке труда