banner
80 гадоў Свіслацкаму раёну
09:30 15 Января’20
1437


Нечарговая ІІІ сесія Вярхоўнага Савета БССР 12 лістапада 1939 года прыняла закон, у якім гаварылася: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». 4 снежня 1939 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. А 15 студзеня 1940 года замест старых паветаў у заходніх абласцях быў утвораны 101 раён, у тым ліку Свіслацкі, які ўваходзіў у склад Беластоцкай вобласці і налічваў 16 сельскіх Саветаў і Свіслацкі гарадскі Савет, і Поразаўскі, які ўваходзіў у склад Брэсцкай вобласці і налічваў 12 сельсаветаў.


24 сакавіка 1940 года ў заходніх абласцях Беларусі адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР, БССР, абласныя, гарадскія, раённыя, пасялковыя і сельскія Саветы дэпутатаў працоўных. 

На Свіслаччыне сталі працаваць беларуская сярэдняя, польская, руская і яўрэйская сямігодкі, бальніца, гарадская і шэраг сельскіх бібліятэк, хат-чытальняў, адкрыты кінатэатр «Звезда». 

Аднак у мірнае жыццё свіслачан хутка ўварвалася Вялікая Айчынная вайна. Акупацыйны рэжым працягваўся 1 116 дзён і начэй. Свіслач была знішчана на 95%. Таму галоўнай справай жыхароў было падняць з руін разбураную вайной гаспадарку, аднавіць пабудовы.

Ужо ў канцы ліпеня 1944 года быў створаны райваенкамат, у хуткім часе ўзнавілі сваю працу бальніца, пошта, міліцыя. 1 верасня 1944 года навучальныя ўстановы прыступілі да заняткаў. 

Галоўнай галіной эканомікі Свіслаччыны ў першыя пасляваенныя гады была аграрная. На тэрыторыі раёна аднаўляюцца калгасы, ствараюцца новыя. У 1950-х гадах у сярэднім па раёну атрымлівалі з кожнага гектара па 6,6 цэнтнера зерневых, 50 цэнтнераў бульбы. На адну карову надойвалі па 1099 кілаграмаў малака. 

Першая пасляваенная пяцігодка пераўтварыла воблік Свіслачы. Аднаўляецца будынак бальніцы, крама, устаноўлены помнік У. І. Леніну і помнік на брацкай магіле. 

У 1953 годзе ў Свіслачы паспяхова вядзецца будаўніцтва 4-кватэрнага жылога дома, Дома культуры. У дамы сельскіх жыхароў прыходзіць радыё. 

22 ліпеня 1955 года ў Свіслачы адкрыўся ўнівермаг, узведзены будынкі райкама партыі і райвыканкама, жылыя дамы па вуліцы Першамайскай, кніжная крама, лазня.

У 1960-я гады пабудаваны школа-інтэрнат, сярэдняя школа па вуліцы Пралетарскай, дзіцячы сад № 1, аптэка, адчынена дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, створаны райбыткамбінат, з’яўляюцца новыя вуліцы: Гагарына, Масонава, Зарэчная, Я. Коласа, Чырвонаармейская. 

У снежні 1965 года створана раённае таварыства ветэранаў, у 1966 годзе адкрыта Свіслацкая дзіцячая музычная школа, у 1969-м – чыгуначны пагранічны пераход Свіслач – Семяноўка. 

Пачатак 1970-х гадоў адметны тым, што ўсе прадпрыемствы раёна выканалі пяцігадовыя планы па выпуску валавай прадукцыі і яе рэалізацыі. Раён быў удзельнікам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі. У 1975, 1978, 1979 гадах па выніках работы сельскай гаспадаркі раён узнагароджваўся пераходнымі Чырвонымі сцягамі ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Беларускага савета прафесійных саюзаў і ЦК ЛКСМБ.

Актыўна вядзецца сацыяльна-культурнае будаўніцтва: узведзены будынкі раённай бальніцы, Дома быта, рэдакцыі і друкарні, пошты, аўтастанцыі, рэстарана, пракуратуры, ветэрынарнай станцыі.

У 1976 годзе створаны раённы гісторыка-краязнаўчы музей, у 1979 годзе пачала сваю дзейнасць райсельгасхімія. 

У 1980-х гадах рашучыя крокі былі зроблены ў напрамку карэннай рэканструкцыі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове навукова-тэхнічнага прагрэсу, удасканалення сістэмы кіравання. Паступова ўзрастаў эканамічны патэнцыял раёна. У 1986 годзе адкрыта газаразмеркавальная станцыя. У Свіслач прыйшоў прыродны газ.

У 1998 годзе гарадскі пасёлак Свіслач быў прызнаны лепшым у абласным і рэспубліканскім аглядзе-конкурсе і ўзнагароджаны Ганаровым пераходным Знакам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь. Восьмая сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў дваццаць трэцяга склікання 14 снежня 2000 года прыняла рашэнне аб наданні г. п. Свіслачы статуса горада.

Чым жа запомніцца жыхарам раёна першая пяцігодка новага ХХІ стагоддзя? Напэўна, рэканструкцыяй тэрыторыі каля кінатэатра «Звезда», увядзеннем у эксплуатацыю 48-кватэрнага кааператыўнага жылога дома па вуліцы Леніна ў Свіслачы. У гэты ж час Свіслацкая фабрыка лазовай мэблі становіцца пераможцам у спаборніцтве сярод абласных прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці па выніках паўгоддзя, а ў Вердамічах на базе сельскай урачэбнай амбулаторыі пачынае дзейнічаць амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. 

СВК «Корнадзь» заняў ІІІ месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў, Свіслацкі «гортопсбыт» – другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні. У Свіслачы адкрыты будынак раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Упершыню прайшоў фестываль «Гамоняць пушчы беларускія». У Поразаве адкрыта амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, у Свіслачы пасля рамонту – былы тэлеграф (сэрвісны цэнтр РВЭС), а таксама радыётэлевізійная станцыя. Вёска Корнадзь стала аграгарадком. Свіслацкі раён уключаны ў праект «Экалагічна ўстойлівае развіццё рэгіёна Белавежская пушча: сумяшчэнне аховы прыроды і ўстойлівага развіцця», які рэалізуецца пры садзейнічанні Праграмы развіцця ПРААН. Да чытачоў прыйшла кніга «Памяць. Свіслацкі раён». У абласным спаборніцтве сярод раёнаў Гродзенскай вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у забеспячэнні вытворчасці, нарыхтовак і павышэнні якасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў зімова-стойлавы перыяд Свіслацкі раён заняў другое месца. У Свіслачы ўпершыню прайшоў рэспубліканскі турнір па вольнай барацьбе памяці А. Саўко.

Не менш падзей было і ў наступныя пяць гадоў. У Свіслачы адкрыты магазін «Раніца», новая аўтазаправачная станцыя, станцыя абезжалезвання, газанакапляльная станцыя філіяла «Беларуснафта-Свіслач ГАЗ» РУП ВА «Беларуснафта», памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам, пасля капітальнага рамонту – кафэ «Сустрэча». На свіслацкай зямлі ў рамках VI Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур пабывала дэлегацыя Паўночна-Заходняй акругі Масквы. Ханявічы і Поразава сталі аграгарадкамі. У ААТ «Акр-Агра» пачалі вырошчваць на эксперыментальнай аснове бычкоў канадскай селекцыі. У Поразаве прайшоў Дзень польскай культуры. У Дабраволі адкрыта новая амбулаторыя, у Карэвічах – аграсядзіба «Фальварак «У Рыся», у Вялікім Сяле пасля рэканструкцыі – дзіцячы сад. Вядзецца рэканструкцыя вуліцы Пагранічнікаў у Свіслачы і дарогі Р-47 Свіслач – Поразава – Пружаны (у абход Белавежскай пушчы).

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь заснаваны гербы і сцягі г. Свіслачы і г. п. Поразава. Калектыў аптэкі № 198 г. Свіслачы па выніках абласнога конкурсу ў намінацыі «Лепшая аптэка пятай катэгорыі па абслугоўванню насельніцтва» заняў першае месца. СФГ «Спадчына Плюс» узнагароджана дыпломам ІІ ступені ў абласным конкурсе ў грамадскай намінацыі «За лепшае вядзенне фермерскай гаспадаркі». Жыхары вёскі Броўск па выніках абласнога агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні атрымалі дыплом ІІІ ступені.

Значным у жыцці Свіслацкага раёна стала і апошняе дзесяцігоддзе. Так, у 2011 годзе пачалося будаўніцтва малочна-таварных ферм на 777 галоў у аг. Ханявічы і на 500 галоў у Дабраволі, адкрыты малочна-таварны комплекс «Дрэчаны», у Ханчыцах адкрыўся новы сельскі клуб, у Сакольніках капітальна адрамантавана галоўная вуліца, рэканструіравана аўтадарога Свіслач – Кватары, у Свіслачы пабудавалі 7-павярховы жылы дом.

У 2012 годзе адкрыты новы сацыяльна-культурны комплекс у аг. Вялікае Сяло, аўтазаправачная станцыя ў Поразаве, у Свіслачы пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй адкрыта раённая паліклініка, а таксама новая дзіцячая школа мастацтваў. 

У 2013 годзе па выніках працы ў Гродзенскай вобласці лепшым прызнаны Свіслацкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, у Свіслачы ўпершыню прайшлі выстава «Свіслацкае вяселле» і «Ноч музеяў», раённая газета стала пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара». Працягваюцца рэканструкцыя сельскагаспадарчых аб’ектаў і мадэрнізацыя сельгаспрадпрыемстваў, вядзецца будаўніцтва жылля ў вёсцы. На Свіслаччыну вярнуўся «Свіслацкі кірмаш», а па вопыт прыехалі латышскія фермеры.

У 2014 годзе ідзе будаўніцтва малочна-таварнай фермы «Ханчыцы» на 777 галоў і 40-кватэрнага дома ў Свіслачы, у раённым цэнтры прайшлі першае адкрытае рэгіянальнае першынство клубаў па шатакан каратэ-до і першы рэгіянальны пленэр-конкурс юных мастакоў, у ліпені адкрылі дзіцячую гульнявую пляцоўку, у кастрычніку – аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і пасля рэканструкцыі лабараторыю раённай ветэрынарнай станцыі, а ў вёсцы Рудні – Музей аднаго дома, у снежні ў Свіслачы адкрылі магазін «Еўраопт».



У 2015 годзе Свіслацкім РУП ЖКГ планамерна выконваюцца мерапрыемствы, прадугледжаныя праграмай па энергазберажэнню – вядзецца праца па цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў. У красавіку Свіслач сустракала удзельнікаў ІІІ Усебеларускага хроснага ходу «Царква і Армія», прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі. У маі ў Свіслачы па вуліцы Цагельнік быў заложаны сквер у гонар Вялікай Перамогі. Пасля капітальнага рамонту адкрыліся сельскі філіял-клуб у аг. Ханявічы, кафэ «Колас» у г. п. Поразава, пасля рэканструкцыі будынак Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Свіслацкаму раёну.



У 2016 годзе пажарныя-выратавальнікі пераехалі ў новы будынак Свіслацкага РАНС, змяніў прапіску і магазін «Універмаг», у Карэвічах адкрыта карчма «Стары млын», у Свіслачы ўпершыню прайшоў кніжны фестываль «Кніга і час», які набыў статус абласнога, адкрыты дыскаўнтэр «Остров чистоты», адноўлены будынак пошты, у г. п. Поразава пасля рэканструкцыі адкрыты парк. У рэспубліканскім конкурсе «Лепшы горад (раён) і вобласць для бізнесу Беларусі-2016» у намінацыі, заснаванай для Гродзенскай вобласці, пераможцам стаў Свіслацкі раён. Менавіта тут, на думку кампетэнтнага журы, створаны найбольш аптымальныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва.

У 2017 годзе на Свіслаччыне ўпершыню прайшоў адкрыты раённы веласіпедны марафон «VIVAROVAR-2017», а таксама абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2017», адноўлены сацыяльна-культурныя аб’екты, вуліцы, дамы і дарогі, у Свіслачы ўрачыста адкрыты памятны абяліск – графскі шпіль вышынёй 20 метраў.



У 2018 годзе Свіслацкі раён увайшоў у турысцка-рэкрэацыйную зону «Брэст», якую замежныя турысты могуць наведваць без віз. Свіслаччына сустракала ўдзельнікаў велапрабегу BIKE4SDGs2018 у рамках правядзення кампаніі ПРААН у падтрымку Мэтаў устойлівага развіцця. 

У чэрвені 2019 года асвячоны новы храм Раства Прасвятой Багародзіцы ў Свіслачы, у ліпені ў вёсцы Раманаўцы адкрылася новая аграсядзіба, у верасні ў пасёлку Кабыльнікі адкрыўся другі дом сумеснага самастойнага пражывання, у снежні поразаўская банкуха– незвычайны кандытарскі выраб – папоўніла Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а ў пасёлку Кабыльнікі ў рамках дзяржаўнай праграмы «Чыстая вада» адкрыта станцыя абезжалезвання.

Наш район: вчера и сегодня







Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Вслед за увлечением