Дзесяць гадоў таму Грынкаўскі дом культуры ўпершыню правёў конкурс “Чый двор лепшы?”. І з тае пары штогод гаспадары навакольных вёсак прымаюць удзел у акцыі “Подари деревне красоту”. Сумесна з Нязбодзіцкім сельскім Саветам на розных мерапрыемствах падводзяцца вынікі конкурсу, і лепшым сядзібам прысвойваецца званне “Дом высокой санитарной культуры”.
Невялічкая ўтульная вёсачка Раманаўцы – вароты ў Белавежскую пушчу. Тут жыве Марыя Аляксандраўна Шмыга. За плячамі жанчыны – 84 гады жыцця, больш за палову якіх яна аддала працы ў жывёлагадоўлі. Але заўсёды заўважала, якія прыгожыя кветкі рамонкі і пляла з іх вянкі, любавалася квітнеючай чаромхай, прыносіла букеты дамоў... І вось зараз яе дзеці – Раіса і Аляксандр – дапамагаюць, каб прыгожа і ўтульна было для любай матулі.
А Лідзія Мікалаеўна Фібік выгадавала трох сыноў і ўсім ім перадала любоў да вясковай драўлянай хаты свайго свёкра. Некалі зусім маладой нявесткай яна ўпершыню пераступіла парог і толькі тут з тае пары адчувае сябе шчаслівай.
Людміла Афанасьеўна Васіленка жыве ў гарадской кватэры ў Свіслачы толькі ўзімку. З першым цяплом забірае любімыя фуксіі і хутчэй у Раманаўцы, на сваю вясковую сядзібу. І так ужо дзесяць гадоў.
А ў вёсцы Каліноўскай тутэйшыя гаспадыні як на падбор. Прыгажуні – нібыта тыя кветкі. Тут шчыруюць і наводзяць хараство Марыя Пятроўна Трахімік, Яніна Леанардаўна Руткоўская, Валянціна Уладзіміраўна Гурская, Руслан Мікалаевіч Кавалеўскі са сваёй матуляй Зояй Іванаўнай, сем’і Пякарскіх і Туракаў…
Дбайныя гаспадары ў Грынках. Паважаюць у вёсцы за чысціню і парадак Лідзію Андрэеўну Акудовіч, Івана Міхайлавіча Качаноўскага, Марыю Мікалаеўну Самалевіч, Лідзію Паўлаўну Турак, Таццяну Уладзіміраўну Данільчык, Алену Мікалаеўну Барэль, Зінаіду Іванаўну Чамель, сем’і Гінч, Трахімікаў і Болбатаў.
Аляксандра Аляксандраўна Акудовіч жыве ў Глушках. І штораз, пястуючы свае кветкі, асабліва ружы, успамінае галоднае сірочае дзяцінства. Пра якія кветкі магла тады ісці гаворка? Самым чаканым і жаданым быў прыход дахаты з фермы старэйшай сястры. Яна прыносіла жменьку мукі ў кішэні, разам рабілі галушачкі і пяклі іх проста на пліце. Якая гэта была смаката!.. Потым Аляксандра і сама стала працаваць у калгасе. Наладзіліся сямейнае жыццё, быт, і душа стала імкнуцца да кветак.
На пенсіі хапае часу аддацца занятку для душы і Алене Антонаўне Пракопік, Алене Мікалаеўне Калач, Ганне Пятроўне Піваварчык з Бязводнікаў.
Пышна цвітуць сланечнікі ў Нязбодзічах, салодкім сокам наліваюцца слівы, яблыкі, грушы. Да клопатаў па гаспадарцы далучаюцца бясконцыя нарыхтоўкі на зіму. Усюды трэба паспець. Усё, як у вяночку, і ў гародзе, і ў кветніку на сядзібах Ніны Іванаўны Зданоўскай, Валянціны Анатольеўны Турак, Лідзіі Іванаўны Нехайчук, Ганны Аляксандраўны Бажок, Тамары Аляксандраўны Місюлі, Веры Мікалаеўны Цвірко, Марыі Аляксееўны Лінкевіч, а таксама Зінаіды Андрэеўны Раецкай з Качок.
Ніна Іосіфаўна Полех з Дрэчан – самая старэйшая ўдзельніца свята. Ёй 88 гадоў. Але яе рухавасці, цікавасці да кветак, жаданню бачыць свой дом і двор утульнымі можа пазайздросціць кожны. Так і жывуць у Дрэчанах вяскоўцы – рукастыя ды масцеравітыя: што свой падворак упрыгожыць, што шчыра парадавацца за суседа. Вылучаюцца сярод іншых сядзібы сем’яў Багданавых, Басалаяў, Гайдучэняў, Лінкевічаў, Ніны Аляксандраўны Пакутнік.
Аляксандр Іосіфавіч і Аляксандра Іванаўна Туракі са Стокаў жывуць душа ў душу вось ужо 59 гадоў. Пабудавалі дом, пасадзілі вакол сад, выгадавалі траіх дзяцей. Яны з’яўляюцца прыкладам руплівасці, гаспадарлівасці, беражлівасці да роднай зямелькі для сваіх аднавяскоўцаў, як і сем’і Радзецкіх, Несцер, Асіеўскіх, Ражко.
З добрымі, яскравымі ўсмешкамі падымаліся вяскоўцы на сцэну, атрымоўвалі сувеніры ад Нязбодзіцкага сельскага Савета. Музычныя падарункі падрыхтавалі артысты з Дабраволі, Свіслачы і Грынок. У конкурсе “Кветкавая феерыя” перамаглі Л. Нагродская – кампазіцыя “Веселые друзья”, С. Гінч – “Чароўны кошык” і Ж. Філіновіч – “Счастливы вместе”. Сувеніры за конкурсныя малюнкі на асфальце “Я малюю кветкі” атрымалі В. Салейка, Я. Шмыга і Я. Салейка.
Старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета М. Ф. Качко падзякавала ўсім за шчырую працу па добраўпарадкаванню вясковых сядзіб і ўручыла шыльды “Дом высокой санитарной культуры” сем’ям Пічкоўскіх, Пелеш, Падгорных (Грынкі) і Гваздзелюкоў (Раманаўцы).
Флора (М. Самалевіч) са сваімі памочнікамі Рамонкам (М. Нарэўская) і Васільком (К. Пекар) з вялікім задавальненнем і асалодай ад цікавай сустрэчы завяршылі свята шчырымі словамі падзякі. А песня “Будзь здаровы, гаспадар!” у выкананні вакальнага калектыву “Спадчына” стала сапраўдным гімнам свята.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.