Ламаносаў з Верашчак

20 Января’16
1503

…А на грудзях яго свяціўся
Медаль “За горад Будапешт”.
Адышоў у гісторыю юбілейны 70-ы год Вялікай Перамогі. У памяці нашага народа назаўсёды застануцца сціплыя імёны нашых абаронцаў. І чым далей, тым яскравей яны будуць высвечваць значнасць іх подзвігу, бо значнае, як сцвярджае народная мудрасць, бачыцца здалёку. Яны цаной свайго жыцця адстаялі мір і незалежнасць, прымусілі сваім подзвігам паважаць сябе, паказаўшы ўсяму свету ўзоры адданасці Радзіме, гераізму, самаахвяравання. І на сённяшні дзень салдаты бессмяротных палкоў жывуць у кожным доме былога Саюза.
Мой лёс звёў мяне з Аляксандрам Іосіфавічам Беласікам у далёкія ўжо 60-я гады ў Дашкавіцкай СШ, дзе ён працаваў настаўнікам нямецкай мовы.
Нарадзіўся Аляксандр Іосіфавіч 6 студзеня 1918 года ў Маскве, дзе сям’я Іосіфа Беласіка жыла ў бежанцах. У 20-я гады яна вярнулася ў Беларусь, у вёску Верашчакі, дзе бацька працаваў у маёнтку мясцовай пані. Ён вельмі хацеў даць адукацыю сыну, чаго б гэта ні каштавала. Таму, калі Аляксандр у 1929 годзе закончыў Верашчакскую пачатковую школу, бацька аплаціў яго вучобу ў Лыскаўскай сямігодцы, якая знаходзілася ў шасці кіламетрах, і дабірацца туды трэба было пешшу. Жаданне вучыцца ў Свіслацкай польскай гімназіі не здзейснілася, так як беларусаў туды не прымалі, ды і грошай у сям’і не было. Але свет не без добрых людзей. Яму падказалі, што ёсць беларуская гімназія ў Вільне. Туды і накіраваліся пешшу бацька з сынам.
Шлях у Вільна доўжыўся два тыдні, але на прыёмныя іспыты Аляксандр паспеў і паспяхова іх здаў. Аматары беларускай мовы, празнаўшы, што хлопец ішоў з Верашчак у Вільна пешшу, празвалі яго верашчакскім Ламаносавым і далі магчымасць вучыцца ў гімназіі, сабраўшы грошы на поўны курс. Грошы на ежу ён зарабляў сам, даючы ўрокі, працуючы на станцыі, выконваючы пісьмовыя работы.
Вытрымаў, вывучыўся. 1933–1939 гады былі гадамі станаўлення маладога чалавека. У маі 1939 года Аляксандр скончыў Віленскую беларускую класічную гімназію, паказаўшы дасканалыя веды ў вывучэнні беларускай, польскай, нямецкай моў, літаратуры і паглыбленным вывучэнні гісторыі. Папячыцельскім саветам гімназіі малады настаўнік быў накіраваны загадчыкам і настаўнікам пачатковых класаў Верашчакскай пачатковай школы, у якой працаваў да 22 чэрвеня 1941 года.
Мабілізацыя не праводзілася, таму застаўся на акупіраванай немцамі тэрыторыі. Школу немцы закрылі, працаваў на гаспадарцы бацькі. Мясцовая пані падазрона адносілася да настаўніка, і зімой 1942-га па яе даносу ён быў арыштаваны і адпраўлены на прымусовыя працоўныя работы ў фальварак Падароск. У закрытай гаспадарцы нямецкага баўэра працавалі таксама і немцы. Для Аляксандра размовы з імі з’явіліся добрай моўнай практыкай, якая доўжылася два гады. Вясной 1944 года ён уцёк з фальварка, хаваўся, як ён казаў пазней, у хвалаўскім лесе (недалёка ад Верашчак), а ў ліпені 1944 года вітаў прыход Чырвонай Арміі і вызваленне родных мясцін.
Добраахвотна з’явіўся ў ваенкамат і ўжо ў жніўні 1944 года быў на адным з Украінскіх франтоў, ваяваў разведчыкам у складзе 1318-га ордэна Багдана Хмяльніцкага гвардзейскага стралковага палка, з якім прайшоў па дарогах Украіны, Чэхаславакіі, Румыніі, Аўстрыі. Бачыў зруйнаваную Украіну, прыгажуняў Прагу і Вену. Асабліва запомніліся Беластокская аперацыя і баі за Будапешт.
Аб тым, як ваяваў палкавы разведчык А. І. Беласік, сведчаць два медалі “За адвагу”, медалі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Будапешта”, “За перамогу над фашысцкай Германіяй”, ордэн Айчыннай вайны I ступені. Вайна скончылася ў маі 1945 года, а дэмабілізаваўся ён толькі ў снежні 1945 года. Спатрэбіліся веды ўжо як перакладчыка.
Са студзеня 1946 года працаваў настаўнікам нямецкай мовы Поразаўскай СШ, з кастрычніка 1949 года – Мастоўскай СШ, з 1953 па 1954 гг. – Малалапеніцкай сямігодкі, а ў жніўні 1956 г. быў прызначаны дырэктарам і настаўнікам нямецкай мовы Дашкавіцкай сямігодкі, у якой працаваў да выхаду на пенсію (да верасня 1983 г.). З жыцця пайшоў у ліпені 1992 года. Пахаваны на могілках у Задваранях.
Ён быў сапраўдным настаўнікам, які дасканала знаў свой прадмет і адносіўся да сваёй працы патрабавальна. “Адпавядае службовай пасадзе”, “Заслугоўвае заахвочвання” – такія запісы былі пасля кожнай службовай атэстацыі.
Патрабавальным быў Аляксандр Іосіфавіч і да вучняў, сярод якіх не было адстаючых. Усе, каго ён вучыў, успамінаюць яго з цеплынёй. На яго ўроках мы вывучалі тэматычную лексіку і граматыку, мастацкую літаратуру, вучыліся граматна размаўляць. Вялікую ўвагу Аляксандр Іосіфавіч надаваў выхаванню сваіх вучняў: вучыў быць благароднымі, добразычлівымі.
Заўсёды акуратна апрануты, вытрыманы, уважлівы, з нячутнай паходкай былога разведчыка, з сінімі, як неба, вачыма, якія, здаецца, высвечвалі ў табе ўсё і свяціліся дабром. Такім ён запомніўся яго вучням.
Звыш трыццаці вучняў А. І. Беласіка сталі лінгвістамі і працягваюць яго справу. Дастойнымі свайго бацькі выраслі і ўласныя дзеці: дачка Аляксандра Іосіфавіча жыве ў Ваўкавыску, сын пасля заканчэння Мінскага УЗМ працуе ў Брэсцкім універсітэце. Настаўнік прадаўжае жыць у сваіх вучнях і дзецях…

Леанід КАЛАСОЎСКІ.

Предыдущая статья

За карцінку ў інтэрнэце можна адказаць