– Сёння многія маладыя людзі “блукаюць” у інтэрнэце. Мой сын не выключэнне. Як і многія бацькі, пракантраляваць яго я не магу. Падкажыце, ці прадугледжана нейкая адказнасць за распаўсюджванне ці скачванне, няхай нават разавае, парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце?
Наталля Мікалаеўна, г. Свіслач.
На гэта пытанне мы папрасілі адказаць пракурора Свіслацкага раёна Аляксея ТАМЧАНКА:
– Сапраўды, у апошні час пачасціліся выпадкі распаўсюджвання ў сацыяльных сетках відэаролікаў парнаграфічнага зместу. У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу грамадзян, што дзеянні па размяшчэнні такіх ролікаў на старонках сацыяльнай сеткі разглядаюцца як злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса: распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт.
Для прыцягвання да крымінальнай адказнасці дастаткова размяшчэння аднаго роліка парнаграфічнага зместу ў агульным доступе. Гэта таксама датычыцца размяшчэння парнаграфічных матэрыялаў і ў хатніх сетках. Пры гэтым не мае значэння, былі ролікі прагледжаныя кім-небудзь ці не. Такія злачынныя дзеянні маюць вялікую грамадскую небяспеку, паколькі сацыяльнымі сеткамі актыўна карыстаюцца дзеці.
Крымінальную адказнасць таксама нясуць дзеянні па простай перадачы ролікаў парнаграфічнага зместу – перадача DVD-дыскаў з іх зместам, капіраванне з тэлефона на тэлефон і г. д.
Дзеючым крымінальным заканадаўствам за распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт прадугледжана крымінальная адказнасць па ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.
Марина ЯНЮК.