Калі для камунальнай і дарожнай служб сцюдзёная і снежная зіма дастаўляе шмат клопатаў, то для дзетвары такое надвор’е – сапраўдны падарунак. Асабліва гэта назіралася ў выхадныя дні.
Убачыць на санках маленькіх жыхароў Свіслаччыны, якіх суправаджаюць бацькі альбо старэйшыя сёстры і браты, не навіна, а вось гурбу падлеткаў – гэта справа іншая. Яны адмовіліся ад камп’ютарных гульняў і літаральна запаланілі горкі і каткі. Прыхапіўшы санкі, лыжы, поліэтыленавыя мяхі з саломай, дзеці ішлі цэлымі класамі, а асобныя нават саначныя спаборніцтвы ладзілі. Адным словам, толькі лянівы ў выхадныя дні ў хаце застаўся.
Акрамя таго, у дзетвары Свіслачы і аграгарадкоў раёна ёсць магчымасць пакатацца на каньках. Для гэтага на школьных стадыёнах работнікі адукацыйных устаноў сваімі сіламі арганізавалі каткі. А раённы фізкультурна-спартыўны клуб паклапаціўся аб пракаце 54 пар канькоў. На сённяшні дзень, каб узяць на суткі канькі, неабходна заплаціць 30 000 рублёў. Дарэчы, хто не мае асабістых лыж, іх таксама можна набыць у раённым фізкультурна-спартыўным клубе. Спартыўны інвентар у поўным камплекце (лыжы, чаравікі і палкі) у суткі каштуе 50 000 рублёў.
Алена КЕДЗІК.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.