Памяць мая – перазвон ардэноў
і медаляў.
Памяць мая – два асколкі
ад міны ў грудзях.
Прывядзі яго з вогненных даляў,
Хай пабудзе імгненне жывы
на людзях...
Восень заўсёды была адметнай парой года для школы і настаўнікаў. Селянін збірае ўраджай, настаўнік восенню сее разумнае і добрае ў сэрцах давераных яму вучняў, рыхтуе будучае краіны сваёй руплівай штодзённай працай. Кожны дарослы чалавек, не пабаюся памыліцца, успамінае сваіх настаўнікаў, якія дапамагалі яму вучыцца, выхоўвалі разам з бацькамі, адпраўлялі ў жыццёвую дарогу.
Я з асаблівай цеплынёй успамінаю настаўнікаў-ветэранаў, якія працавалі ў кожнай школе раёна. Яны прайшлі вайну, якая не астудзіла іх пачуцці і любоў да вучняў. Без малога кожнаму з былых воінаў ужо спаўняецца стагоддзе, але яны павінны жыць у памяці пакаленняў, бо заваявалі нам мір і адстаялі свабоду. Мне пашчасціла знаць М. М. Ластачкіна з Падароскай, К. А. Цітова з Ханявіцкай, А. І. Беласіка з Дашкавіцкай сярэдніх школ.
Канстанцін Антонавіч Цітоў нарадзіўся 11 снежня 1919 года ў г. Гарадку Віцебскай вобласці. У сям’і акрамя яго былі яшчэ дзве сястры. Бацька Антон Цітоў быў ваенным, служыў у Чырвонай Арміі, яго след так і згубіўся на палях Грамадзянскай вайны. Дзяцей падымала адна маці.
У верасні 1927 года Косця пайшоў у 1 клас Гарадокскай СШ. З верасня 1936 года, пасля заканчэння школы, паступіў у Магілёўскае педвучылішча, якое скончыў “на выдатна” ў чэрвені 1939 года. У ліпені 1939 года быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу ў Растоўскае ваеннае вучылішча, якое паспяхова скончыў 10 чэрвеня 1941 года. 20 чэрвеня 1941 года лейтэнант Цітоў быў назначаны камандзірам роты пяхотнага палка, які дыслацыраваўся на поўдні Украіны, а 22 чэрвеня, пасля масіраванага артабстрэла і бамбёжкі, з рэшткамі палка адышоў на ўсход.
Гэты перыяд жыцця яму было цяжка ўспамінаць. Адступленне Паўднёвага фронта доўжылася аж да Сталінграда. У лістападзе 1941 года быў паранены і новую роту прыняў ужо ў Сталінградзе. Адсюль К. А. Цітоў пайшоў на захад: Курская дуга ў 1943 годзе, аперацыя “Баграціён” у 1944-м. Вайсковыя часці, у якіх ваяваў Цітоў, уваходзілі ў склад I і II Беларускіх франтоў. 3 лютага 1945 года быў паранены ў нагу куляй і асколкамі ў галаву, лячыўся ў шпіталі. Дзень Перамогі сустракаў намеснікам камандзіра ўжо асобнага батальёна па барацьбе з бандамі ў Прыкарпацці. З-за абвастрэння старых ран капітан Цітоў быў дэмабілізаваны ў ліпені 1946 года.
З 3 жніўня 1946 года па верасень 1947 года ён працаваў настаўнікам гісторыі і ваенруком Салтанскай СШ Хапёрскага раёна Сталінградскай вобласці. Але цяга да роднай Беларусі перамагла. І ў верасні 1947 года ён вяртаецца на радзіму. І адразу назначаецца дырэктарам Канюхоўскай сямігодкі Падароскага сельсавета і шэсць гадоў займае гэту пасаду. Настаўнік, а тым больш дырэктар школы, да таго ж яшчэ і камуніст, быў тады і агітатарам, і прапагандыстам, і лектарам, апорай партыі на вёсцы. Таму з верасня 1953 года па верасень 1954 года К. А. Цітоў слухач Магілёўскай партыйнай школы, пасля заканчэння якой Поразаўскім РК КП(б) накіроўваецца дырэктарам Лаўрынавіцкай сямігодкі. С 1956 па 1959 год ён дырэктар Масушанскай школы, а з 1959 па 1980 – настаўнік Верашчакскай пачатковай школы, а пасля яе закрыцця – настаўнік працы Ханявіцкай СШ.
У жыцці К. А. Цітоў быў сціплым чалавекам, пра вайну ўспамінаў неахвотна, як і большасць з тых, хто прайшоў яе з першага дня да самай Перамогі і застаўся жывы.
Быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі” (1941 г.), “За абарону Сталінграда” (1942 г.), “За Перамогу над фашысцкай Германіяй” (1945 г.), ардэнамі Чырвонай Зоркі (1942 г.), Айчыннай вайны I ступені (1944 г.). У мірны час да іх дабавіліся падзякі, граматы, медалі за адданую працу.
Але самай галоўнай каштоўнасцю К. А. Цітоў лічыў сям’ю, ганарыўся сынамі. Валерый і Аляксандр пасля заканчэння Дашкавіцкай СШ вучыліся ў Севастопальскім ваенна-марскім вучылішчы спецыялістаў падводнага флоту, служылі на Паўночным флоце. Выйшлі ў запас, жывуць у Расіі.
Памёр К. А. Цітоў 12 мая 1988 года, пахаваны на могілках у Задваранях.
Канстанцін Антонавіч, як і ўсе франтавікі, вельмі любіў жыццё. І самай галоўнай узнагародай лічыў тое, што ў той страшнай вайне застаўся жывым. Ён назаўсёды застаўся ў памяці ўдзячных вучняў з Канюхоў, Падароска, Лаўрынавіч, Ханявіч, Масушын.
Мы яго не слухалі, павесы,
Ён жа станавіўся ўсё бялей.
Помню, як любіў ён у Бернэса
Песню ўсё пра тых жа жураўлей…
Леанід КАЛАСОЎСКІ.