Аднавіць для нашчадкаў

27 Декабря’15
2565

Аднавіць для нашчадкаў

У 2016 годзе будзе праведзена рэканструкцыя гарадской плошчы, у рамках якой плануецца ўзвесці абеліск – помнік XVIII стагоддзя.
Ён быў узведзены ўладальнікам мястэчка графам Вінцэнтам Тышкевічам на рыначнай плошчы. Абеліск сімвалізаваў славу Свіслачы, упрыгожваў яе і абараняў ад няшчасцяў.
Углядваючыся ў старыя фотаздымкі Свіслачы, не перастаеш здзіўляцца задумцы графа. 20-мятровы абеліск з пазалочаным шарам і шпілем у сонечны дзень можна было ўбачыць за шмат кіламетраў.
Аб гэтым збудаванні складзена шмат легенд і паданняў. Па адным з іх – гэта велізарны громаадвод, дзякуючы якому не трэба было хвалявацца за драўляныя пабудовы, якія часта загараліся ад маланкі, і за ўраджай збажыны падчас спякоты. Па другім паданні абеліск сімвалізаваў знакамітыя Успенскія кірмашы, якія з шырокім размахам праходзілі штогод на цэнтральнай плошчы мястэчка, пачынаючы з 1791 года.
На плошчы ў гандлёвыя дні размяшчаліся сотні фурманак з таварам, завіхаліся тысячы людзей з розных куткоў Беларусі і шматлікіх краін. Падчас гандлю мястэчка ажывала: шпацыруючыя саноўныя асобы, стракатая вопратка замежных купцоў, публічныя атракцыёны з каруселямі і маскарадамі, танцы, спевы... Свіслач сапраўды “была падобна да Варшавы” – як пісаў Леон Патоцкі. Доўжылася ўсё гэта роўна месяц: з 25 жніўня па 25 верасня.
Існавала і легенда, у якой гаворыцца, што калі закладваўся першы камень пад абеліск, Тышкевіч быццам бы сказаў такія словы: “Пакуль гэты слуп будзе стаяць у Свіслачы, мястэчка будзе разбудоўвацца, багацець, квітнець і славіцца...”
Наогул, да паданняў і легенд можна адносіцца па-рознаму, бо не ў легендзе справа. Гаворка ідзе аб тым, каб аднавіць адзін з каштоўных помнікаў архітэктуры XVIII стагоддзя, якім ганарылася Свіслач.
Паважаныя свіслачане, тыя, каму неабыякава гісторыка-культурная спадчына, старажылы, у памяці якіх жывуць успаміны пра даваенную Свіслач, тыя, хто ў сямейных альбомах захаваў фотаздымкі пра былы выгляд рыначнай плошчы і помніць месцазнаходжанне абеліска, акажыце, калі ласка, дапамогу ў зборы матэрыялаў і дакументаў для аднаўлення гістарычнага помніка, каб захаваць нашчадкам памяць. Бо той, хто не помніць сваёй гісторыі, асуджаны на жыццё без будучыні.

Кантактныя тэлефоны: 3-51-94 – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, 3-32-92 – музей,  3-34-90 – рэдакцыя “Свіслацкай газеты”.

 

Людміла ЖУК,
навуковы супрацоўнік музея.

Предыдущая статья

Юлькіна мара