banner

Юлькіна мара

27 Декабря’15
1656

Юлькіна мара

Маленькая Юлька ішла з мамай з садзіка. Мама спяшалася і ўвесь час падганяла малую. Яны ішлі па тратуару ўздоўж вітрын, якія зіхацелі рознакаляровымі агеньчыкамі і гасцінна запрашалі дя сябе. Юлька не паспявала разгледзець усё, што там было, яна хуценька семяніла сваімі ножкамі, каб не адставаць ад мамы, але ў адзін момант малая рашуча затрымалася.
– Што такое, дачушка? – спытала мама. – Нам трэба спяшацца, няма часу стаяць.
– Мама, – амаль шэптам сказала Юлька, – паглядзі, якая лялька!
У вітрыне магазіна стаяла прыгажуня ў доўгай сукенцы з каляровымі рушамі, у капялюшыку, з-пад якога спадалі доўгія залатыя локаны. Лялька глядзела сваімі вялікімі блакітнымі вачамі проста на Юлю, і тая амаль страціла мову ад захаплення.
– Мама, ты бачыш, якая яна прыгожая?! – голас Юлькі раптам задрыжаў. – Мамачка, купі мне гэтую ляльку. Я буду самай добрай і самай паслухмянай, вось пабачыш, толькі купі.
– Дачушка, яна вельмі дорага каштуе, я не магу яе купіць. Прабач. Пайшлі хутчэй, бо я магу спазніцца на працу.
Юлькіна мама працавала медсястрой у бальніцы, і ў яе была начная змена. Калі яны прыйшлі дадому, мама пакарміла дачушку і пайшла прасіць суседку бабу Ніну, каб прыглядзела за малой і паклала яе спаць.  
Але сёння чамусь Юлька не выбегла сустракаць сваю дарослую сяброўку, а моўчкі сядзела на канапе і нібы не чула, што нехта прыйшоў. У яе вачах стаяла лялька. Дзяўчынка закрывала вочы далонькамі, але вобраз прыгажуні не знікаў.
– Юлечка, дзетка, чаго ты такая сумная? – спытала яе баба Ніна.
Дзяўчынка нічога не адказала, а ў вочках з’явіліся слёзкі.
– Мая ты галубка, можа, хто цябе пакрыўдзіў? Раскажы мне, не бойся.
– Не, – ціха сказала Юлька, – ніхто мяне не пакрыўдзіў. Мама мне ляльку не захацела купіць.
– Якую ляльку, Юлечка?
– Такую прыгожую, у капялюшыку, яна ў вітрыне стаіць. У мяне такой лялькі ніколі не было, а мама не купі-ла-а-а-а-а... – Юлька раптам горка заплакала.
– Ты ж мая разумніца, – прытуліла да сябе дзяўчынку старая, – не бядуй, вось хутка прыйдзе свята Божага Нараджэння, потым Новы год. Можа, Дзед Мароз прынясе табу тую ляльку.
– Праўда?!
– Ты, як будзеш класціся спаць, памаліся Богу, папрасі здароўя маме, сабе і раскажы Яму, аб чым ты марыш.
– Тады я ўжо пайду спаць, добра?
Пакінуўшы Юльку адну ў спальні, старая яшчэ трошкі пасядзела ля тэлевізара, паглядзела навіны і пайшла дадому. Яна дастала з буфета каробачку, у якой хавала грошы на смерць. Пералічыла. Набіралася добрая сума. Бо бабуля складала грошы даўно, жыла сціпла, так прывыкла з маладосці.
Замужам не была, дзяцей не мела. Вось так і жыла, адна-адзінюткая. І калі ў суседнюю кватэру ўехала маладзіца з маленькай дзяўчынкай, пачала заходжваць да іх, і яны сталі для яе як родныя.
– Дзякуй вам, баба Ніна, – сказала Юльчына мама, вярнуўшыся раніцай з працы. – І што б я без вас рабіла, не ўяўляю.
– За што ты дзякуеш, галубка мая, гэта я без вас нібы зусім не жыла. А зараз у мяне ёсць ты і Юлька. Я вас вельмі люблю, як родных.
– І вы для нас родная, і мы вас любім, – сказала Юлька. – Мама, пойдзем хутчэй у садок.  
Яны зноў ішлі ўздоўж зіхацеючых вітрын, і зноў Юлька спынілася, нібы ўкопаная каля той прыгожай лялькі.
– Божачка, – прашаптала яна ціха-ціха, – ты ведаеш, як я мару аб гэтай ляльцы. Ты ўмееш рабіць цуды, зрабі яго для мяне.
Калі вечарам мама вяла яе дадому, Юлька амаль бегла, каб хутчэй убачыць ляльку. Але... лялькі ў вітрыне не было.
– Мама, мама, – закрычала Юлька, – яе няма, няма, я яе больш ніколі не ўбачу. Мамачка...
– Супакойся, дачушка,  я ўсё роўна не змагла б табе яе купіць.
Юля ішла, апусціўшы галаву. Яе больш нічога не цікавіла.
– Юлечка, – спрабавала супакоіць малую маці, – заўтра вялікае свята, Божае нараджэнне. А сёння мы будзем чакаць першай зорачкі і сядзем за вігілійны стол. Ты мне будзеш дапамагаць гатаваць стравы і ўпрыгожваць ёлачку?
– Буду, – без асаблівай радасці сказала малая.
Вечарам яны запрасілі ў госці бабу Ніну. Тая прыйшла ў добрым настроі, нешта ўсё расказвала, хітравата паглядала на Юльку.  
Нарэшце яе палажылі спаць, а бабуля Ніна з мамай яшчэ доўга размаўлялі.
Раніцай Юлька прачнулася раней за маму і адразу пабегла ў пакой, дзе стаяла ёлачка. Там ляжалі падарункі: каляровы пакет з цукеркамі, а побач вялікая каробка, перавязаная чырвонай стужкай. Юлька схапіла каробку, пачала развязваць стужку, разгортваць бліскучую паперу, адчыніла каробку і раптам анямела. На яе з каробкі глядзела блакітнымі вачамі лялька ў капялюшы.

 

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Чудеса под Новый год