banner

Добрага кораня – добры парастак

07 Декабря’15
1813

Добрага кораня –  добры парастакЯк выхаваць сыноў і дачок сціплымі і спагадлівымі, працавітымі і добрымі, далікатнымі і ветлівымі, гасціннымі і паважлівымі, памяркоўнымі і добразычлівымі, разумнымі, пяшчотнымі, прыгожымі?
Гэтае пытанне задаюць і шукаюць адказы на яго бацькі і выхавальнікі дзіцячых садкоў, настаўнікі школ, гімназій, пазашкольных устаноў.
А адказ ляжыць на паверхні – гэта наша этнапедагагічная спадчына. Здаўна вядома, што падобнае нараджае падобнае: “Добрага кораня – добры парастак”. І гэта не выпадкова, бо дзеці – люстэркі нас, дарослых. Захаванне лепшых народных традыцый і звычаяў беларускай сям’і мае важнае значэнне ў сучасным выхаванні дашкольнікаў.

Калектыў Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Свіслачы пастаянна праводзіць работу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, для таго каб той куточак Радзімы, дзе мы выхоўваем маленькіх грамадзян, быў утульным і прыгожым. Мы ўпэўнены, што выхаванне любові і прыхільнасці да малой радзімы, да таго месца, дзе дзіця нарадзілася, дзе знаходзіцца яго дом, становіцца ў будучым асновай для яго адданасці, павагі да сваёй краіны.
У раённым этапе абласнога агляда-конкурса па комплексным добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі ўстаноў адукацыі “Квітней, мой край!” у 2014 годзе калектыў стаў пераможцам у намінацыях “Зялёны інтэр’ер” і “Монасад”, у абласным этапе атрымаў дыплом 3 ступені ў намінацыі “Зялёны інтэр’ер”.
Работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі працягваецца. Галоўнымі задачамі яго з’яўляюцца далучэнне дзяцей да гісторыі і культуры беларускага народа, выхаванне ў дашкольнікаў пачуцця гордасці за сваю краіну і свой народ, фарміраванне ўяўленняў аб значэнні сям’і ў жыцці чалавека, сямейных традыцыях (радавод, герб сям’і, заняткі беларусаў), выхаванне цікавасці да працы беларускіх народных майстроў.
У афармленні выкарыстоўваецца бяроза, якая ў славянскай міфалогіі з’яўляецца свяшчэнным дрэвам, адным з найбольш шанаваных, з выразна жаночай сімволікай.
Прадметнае асяроддзе на тэрыторыі дашкольнай установы, групавых пляцоўках створана так, каб адукацыйны працэс праходзіў найбольш эфектыўна. Яно забяспечвае разнастайнасць дзіцячай дзейнасці, утульнасць і камфорт для дзяцей, супрацоўнікаў і бацькоў.
Нацыянальны каларыт тэрыторыі надаюць кампазіцыі з бярозавых бярвенняў і спілаў: гаспадыня Каза з поўным вазком агародніны, падстаўкі для кветак, сямейства буслоў каля вадаёма, савіная сям’я, “Гасціннае сонейка”.
У нашай дашкольнай установе мы не толькі знаёмім дзяцей з дзяржаўнымі сімваламі Беларусі, знакамітымі людзьмі і мясцінамі, гісторыяй, народнай творчасцю, прыродай любай Радзімы, але і “адкрываем” душу кожнага дзіцяці для любові і павагі да роднага слова, блізкіх людзей, родных мясцін, нашай Бацькаўшчыны.

P. S. Падведзены вынікі раённага этапа конкурсу ”Квітней, мой край!” – калектыў стаў пераможцам у намінацыі “Этнічны сад”, матэрыялы накіраваны для ўдзелу ў абласным конкурсе.

 

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРДз.

Предыдущая статья

Сперва террор, потом климат