Усіх, хто завітаў у гэты дзень на свята ў яслі-сад № 2 г. Свіслачы, сустрэлі дзеці старэйшых груп. У канцэртнай зале гучала музыка, стаялі багата накрытыя сталы з садавінай і агароднінай, дамашняй выпечкай, мёдам і грыбамі. Былі на гандлёвых радах і вышытыя сурвэткі, і вязаныя рэчы, і самаробныя лялькі.
Нямала прыемных эмоцый выклікалі ў гледачоў выступленні маленькіх артыстаў. Дарослыя выканаўцы таксама паказалі сапраўдны «клас».
Напрыканцы мерапрыемства ўсіх запрасілі ў гандлёвыя рады, адкуль даносіліся апетытныя і дамашнія пахі. Гандаль прысмакамі і дарамі восені ішоў бойка. Усё разышлося вельмі хутка. Найбольшым попытам карысталіся духмяныя бліны.
“Восеньскі кірмаш” у дзіцячым садку праводзіцца штогод. Выручаныя грошы ўжо трэці год запар адміністрацыя сада пералічвае на будаўніцтва “Беларускага дзіцячага хоспісу” ў п. Бараўляны. У гэтым годзе пералічана 1 400 000 рублёў.
Мы, бацькі, вельмі рады таму, што ў нашым дзіцячым садзе шмат увагі надаецца фальклору, традыцыям беларускага народа. Дзяцей знаёмяць з беларускай культурай, развучваюць з імі беларускія песні і танцы, паказваюць, наколькі багатая гісторыя нашай Радзімы. А якія прыгожыя нашы дзеткі, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, дарэчы, пашытыя таленавітымі работнікамі сада. А яшчэ тут вучаць міласэрнасці, дабрыні, спагадлівасці і любові.
Мы ўдзячны арганізатарам гэтага мерапрыемства, усім, хто падарыў нам свята і цудоўны настрой.
Ад імя ўдзячных бацькоў
Н. А. Каскевіч.