Малітва – доказ нашай любові

30 Октября’15
1762
Малітва – доказ нашай любові
Рознакаляровыя лампадкі з дрыготкім агеньчыкам унутры на могілках у першыя лістападаўскія дні нагадваюць аб часе памаліцца за тых, хто сышоў у свет іншы. Успомніць добрым словам блізкіх, якіх так не хапае, і выказаць сваю пашану тым далёкім продкам, якіх сёння няма побач. 2 лістапада хрысціяне адзначаюць асенні Дзень памяці.
Людзі ідуць у храм, каб памянуць сваіх памерлых родных і блізкіх. У гэтыя дні не толькі абуджаецца наша памяць, але і аб’ядноўваецца род. Сем’і збіраюцца разам, каб наведаць могілкі і памаліцца за сваіх блізкіх. За тых, каго ўспамінаем штодзень, хто прыходзіць да нас час ад часу ў снах, аб кім нагадваюць пажоўклыя здымкі ў фотаальбомах.

Памінанне нашых продкаў – гэта жывая сувязь з імі, зносіны, якія пераходзяць межы зямнога быцця і любоўю злучаюць разам велізарныя радавыя галіны дрэва чалавецтва. У Бога няма мёртвых і жывых. Памінаць памерлых – святы і высокі абавязак усіх хрысціян.

Малітва – гэта доказ памерлым нашай любові і павагі да іх, магчымасць сказаць тое, што не паспелі сказаць ім пры жыцці. А яшчэ напамін пра тых родных, якія пакуль побач з намі і якія чакаюць нашай увагі і любові. Таму ў гэты дзень варта не толькі наведваць магілкі памерлых, але і адведваць сваіх жывых родных: бацькоў, бабуль, дзядуляў.

Калі яны яшчэ жывыя, здаецца, што так будзе заўсёды. Што мама і тата заўжды будуць побач, што ніколі не зарасце сцяжынка да роднага дому. І часам самыя важныя словы, самыя шчырыя прызнанні ў любові адкладваюцца на потым з думкаю аб тым, што на ўсё хопіць часу. Але гэта не так. Бо няма нічога вечнага, бо час такі нястрымны, і мы так часта спазняемся… Спазняемся прытуліцца да мамінага пляча, паціснуць бацькаву руку, проста пасядзець блізенька каля іх, паслухаць ціхую гаворку, зазірнуць у вочы, пачуць цёплае дыханне. І зразумець, што няма на свеце большага шчасця, чым знаходзіцца побач з імі, самымі роднымі людзьмі ў свеце, самымі дарагімі, самымі патрэбнымі.

Ніякімі помнікамі, нават самымі дарагімі, ніякімі вянкамі, букетамі, лампадкамі нельга будзе адкупіцца ад раўнадушша і грэбавання да бацькоў, пакуль яны былі яшчэ жывыя. Аб гэтым нельга забываць. Слёзы пакрыўджаных маці ці бацькі каменем будуць ляжаць на душы і аблегчыць гэты цяжар могуць толькі шчырая малітва раскаяння і зварот да Бога, каб дзякуючы Яго міласэрнасці душы дарагіх людзей спачывалі ў спакоі.  
 
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Станоўчая дынаміка па аб’ёмах вытворчасці ў вобласці намецілася ў чэрвені