У Воранава на V адкрыты фестываль гульні "Карнавал весялосці” ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні "Карагод” збіраліся з вялікім задавальненнем. Мы любім Воранава, бываем тут з 2002 года на розных святах, працуем, знаёмімся з яго жыхарамі, з гісторыяй і сучаснасцю. 14 калектываў сёлета ўзялі ўдзел у фестывалі, таму ў гэты дзень Воранава гуляла, весялілася, смяялася і атрымлівала цудоўны настрой. Тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў фестывалю і роставых лялек пад музыку аркестра весела і ярка прайшло па вуліцах горада, і гэта стала стартам для відовішчнага свята.
Сваю гісторыю "Карнавал весялосці” пачаў з 2003 года. І праз кожныя тры гады збірае няўрымслівых прыхільнікаў гульні зноў "пафестываліць”. Але самым шчырым і адданым паклоннікам гэтага незабыўнага свята лічым прафесара, фалькларыста Пятра Адамавіча Гуда. Усе гэтыя гады з задавальненнем і прафесіянальным майстэрствам ён узначальвае журы, ацэньвае кожную гульнёвую праграму, адзначаючы нешта цікавае і неардынарнае, і шчыра радуецца новым зоркам на гульнёвым небасхіле.
Мы з добрым настроем уліліся ў вір конкурсу. Адразу ўжыліся ў свае ролі – вясёлай, гарэзлівай Сарокі-Белабокі (М. Самалевіч), маленькага сімпатычнага Зубраняці (Д. Самалевіч) і прыгожага, яркага Лета (С. Шмыга). А праграма наша "Прыгоды маленькага Зубраняці” вучыць сяброўству, прывівае пачуццё гонару за цудоўную Радзіму, за той маленькі куточак, дзе мы нарадзіліся і раслі.
Пагулялі самі паглядзелі праграмы сваіх сяброў з Дзятлава, Воранава, Смаргоні. Для нас фестываль – гэта і майстар-клас, дзе мы дзелімся вопытам, падтрымліваем адзін аднаго ў гульнях, выбіраем для сябе нешта новае, дзелімся пазітывам і энергіяй.
Перамога прысуджана народнаму тэатру гульні "100 друзей” Палаца культуры горада Ліды. Наш тэатр атрымаў дыплом і шыкоўныя падарункі за прадстаўленне праграмы, пабудаванай на рэгіянальным матэрыяле.
А тым часам у гарадскім парку работнікі культуры Воранаўшчыны абаранялі свае творчыя праекты. Любімыя казачныя героі сустракалі нас на кожным падворку. Тут і Муха-цакатуха, і Ямеля, і паштальён Печкін з катом Матроскіным… Тут забаўляліся і старыя, і малыя, спрабавалі розныя стравы.
"Карнавал весялосці” – свята прыгажосці” – пад такой назвай праходзіла выстава-конкурс кветкавых пано сярод арганізацый і школ раёна. Вось дзе можна было здзіўляцца фантазіі і знаходлівасці!
Вядома, не паспелі ўсё ўбачыць, але за фестывальны дзень напоўніліся яскравымі ўражаннямі, прыемнымі сюрпрызамі, асалодай ад размоў з аднадумцамі.
Дарога дамоў праляцела хутка. Мяне чакала маленькая ўнучка Насцечка. Я цешуся, што яна любіць кніжкі, ведае многа казак, вершаў і песень. Мяне яшчэ ў вобразе Сарокі-Белабокі (бо так не хацелася з ім развітвацца) яна не пазнала. "Ты хто?” – сонным галаском спытала яна. "Сарока-Белабока”, – ціхенька адказала я. І ў нас з ёю пачалася новая казка, навеяная фестывальным Воранавам.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.